Ізгой ці частка грамадства?

Дыскрэдытацыя грамадзян у Беларусі паводле тых ці іншых прыкметаў не з’яўляецца паказчыкам недасканаласці дзяржавы. Гэта з’ява характарная для грамадства, пачынаючы ад старажытных часоў. Іншая справа, як соцыум на яе рэагуе, ці гатовы змагацца з праявамі дыскрымінацыі.

У Беларусі рэдка гаворыцца пра дыскрымінацыю паводле прыкметаў полу ці нацыянальнасці. Куды часцей звяртаецца ўвага на «асаблівыя адносіны» да людзей з фізічнымі ці псіхічнымі асаблівасцямі, папросту кажучы — інвалідаў.



45f31d16b1058d586fc3be7207b58053.JPG

Дыскрэдытацыя грамадзян у Беларусі паводле тых ці іншых прыкметаў не з’яўляецца паказчыкам недасканаласці дзяржавы. Гэта з’ява характарная для грамадства, пачынаючы ад старажытных часоў. Іншая справа, як соцыум на яе рэагуе, ці гатовы змагацца з праявамі дыскрымінацыі.
У Беларусі рэдка гаворыцца пра дыскрымінацыю паводле прыкметаў полу ці нацыянальнасці. Куды часцей звяртаецца ўвага на «асаблівыя адносіны» да людзей з фізічнымі ці псіхічнымі асаблівасцямі, папросту кажучы — інвалідаў.
Беларусь плануе далучыцца да Канвенцыі аб правах інвалідаў, якая была прынятая Генеральнай асамблеяй ААН у 2006 годзе з мэтай заахвочвання, абароны і забеспячэння поўнага і роўнага ажыццяўлення інвалідамі ўсіх правоў чалавека і асноўных свабодаў. Дакумент падпісалі каля 140 дзяржаў. Старшыня асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі лічыць намеры беларускай дзяржавы далучыцца да канвенцыі станоўчым фактам.
У беларускім Законе «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў» існуе норма, якая прадугледжвае іх абарону ад дыскрымінацыі. Цяпер рыхтуецца да прыняцця новая рэдакцыя закона, якая выключае гэтую норму і прадугледжвае, што беларускае заканадаўства будуецца на прынцыпах недыскрымінацыі. Разам з тым артыкул 22 Канстытуцыі Беларусі прадугледжвае, што «ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў».
Аднак старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка адзначае, што шэраг падзаконных актаў зводзіць на нуль тое, што прапісана ў асноўным заканадаўстве. Напрыклад, існуе шэраг абмежаванняў для прыёму ў навучальныя ўстановы, на працу, санаторна-курортнае аздараўленне і гэтак далей. У якасці прыкладаў прыводзіліся выпадкі адмовы ў аздараўленні інваліду ў доме адпачынку, у прыёме на навучанне.
«У многіх выпадках дыскрымінацыйныя матывы вельмі важныя. Размова часта ідзе не пра камфортнасць жыцця, а выжыванне ўвогуле. Палітыка недыскрымінацыі інвалідаў мусіць рэалізоўвацца на дзяржаўным узроўні», — падкрэслівае старшыня асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі. Умовы жыцця не дазваляюць інвалідам у поўнай меры інтэгравацца ў соцыум. Вядомы выпадак, калі інваліды не змаглі патрапіць у рэканструяваны будынак Опернага тэатра з-за парушэння нормаў будаўніцтва і невыканання правілаў безбар’ернага асяроддзя.
Сяргей Драздоўскі падаў у суд на дзеянні ахоўніка тэатра оперы і балета, палічыўшы іх дыскрымінацыяй сваіх правоў. Аднак у судзе нічога даказаць не атрымалася. «Суддзя сказала, што нават калі б яна пагадзілася з фармуліроўкай аб дыскрымінацыі, то не змагла б прымяніць ні адну норму з дзеючага заканадаўства, — расказвае Драздоўскі. — Калі былі парушаныя мае правы, мне самому трэба адсочваць ланцужок гэтых парушэнняў і выяўляць, на падставе якіх заканадаўчых актаў правы мусяць выконвацца».
На словах мы ўсе супраць дыскрымінацыі. Аднак калі размова вядзецца пра канкрэтныя выпадкі дыскрымінацыі, то не кожны можа цвёрда акрэсліць сваё стаўленне да сітуацыі. Прычына гэтаму — забабоны і стэрэатыпы, якія маюць месца ў грамадстве. Напрыклад, яшчэ ад савецкіх часоў засталося ўяўленне пра інвалідаў як пра непаўнавартасных людзей, якім патрэбна шкадаванне. Зрэшты, гэта ж выхоўвае ў апошніх спажывецкія адносіны, калі не прывіваецца імкненне быць паўнавартасным суб’ектам грамадства, які мае права на ўдзел у культурным, сацыяльным, палітычным жыцці краіны.
«Лічыцца, што ў інвалідаў меншыя патрэбы ў наведванні тэатраў, ім трэба менш вопраткі, меншыя патрэбы ў атрыманні адукацыі. У выніку нават скарочаны іх спажывецкі кошык. Не ўлічваецца і той факт, што інвалідам патрабуецца адмысловае медычнае абслугоўванне і грошы на яго», — адзначае старшыня Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка. Разам з тым пагоршыліся ўмовы для стымуляцыі працы інвалідаў. «Раней інваліды, якія працуюць, мелі права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне нароўні з іншымі людзьмі, якія маюць інваліднасць. Цяпер яны могуць толькі выкупляць пуцёўкі. У Законе аб упарадкаванні льгот палёгкі пакінулі толькі непрацуючым інвалідам», — патлумачыў Патапенка.
Паводле падлікаў спецыялістаў Банка рэканструкцыі і развіцці, з-за няўцягнутасці інвалідаў у вытворчыя працэсы, сусветная эканоміка за апошнія дзесяцігоддзі недаатрымала прыблізна каля двух трыльёнаў долараў.