Знесці ці пакінуць? Няўчасныя думкi

Артыкул «Зьнесьці ці пакінуць? Помнікі ў Беларусі са спрэчнай рэпутацыяй» Паўла Хадзінскага выклікаў вялікую дыскусію ў сацыяльных сетках. Сваім меркаваннем на гэтую тэму падзяліўся і наш сталы аўтар, перакладчык і публіцыст Вольф Рубінчык.

horki_1_logo_1.jpg

Пытанні помнікаў, шыльдаў, тапанімікі, без сумневу, досыць важныя. Аднак асабіста мне бачыцца, што ў новай вольнай Беларусі найперш маюць быць развязаныя іншыя праблемы.
Адна з ключавых — як вярнуць давер грамадства да дзяржаўных органаў, бо неабходна ж будзе на досыць працяглы час захаваць ix легітымнасць... Каб правесці якасную канстытуцыйную рэформу (цяперашні «асноўны закон» ацаніў бы на 2,5 з 10, а трэба дасягнуць хаця б 7 з 10), уключыўшы «абарону ад дурня», без чаго змены ў сімвалічным полi наўрад ці набудуць незваротны характар.
Мяркую, будучым пераможцам не зашкодзіла б засвоіць урокі 1990-95 гг. Тагачасная апазіцыя, у Вярхоўным Савеце i не толькі, дамаглася зацвярджэння бел-чырвона-белага сцяга i герба «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў, правяла сваix кандыдатаў у некаторыя мясцовыя саветы, мела пэўны ўплыў на дзяржпалiтыку ў сферы адукацыі i культуры, але да вырашальных пасад не дабралася. У выніку на прэзiдэнцкix выбарах 1994 г. у другі тур выйшлі «савецкія людзі» (Кебiч, Лукашэнка), i неўзабаве амаль усё было «адкручана» назад.
Калi зараз i заглыбляцца ў тэму помнiкаў, то лепей думаць пра тыя, што пажадана паставіць, а не пра тыя, што «муляюць вока». Так, мне даўно карціць, каб у Мінску з'явіўся паўнавартасны помнік якому-небудзь аўтарытэтнаму доктару канца XIX-пачатку XX стст., напрыклад, Сяргею Урванцову, ініцыятару стварэння ў Мінску «хуткай дапамогі». Альбо прынамсі можна было б паставіць агульны памятны знак выбітным медыкам, пакуль яшчэ недаацэненым у сталічнай прасторы.
На калектыўную памятку (такой магла б стаць калона або стэла з прозвішчамі) заслугоўваюць i тыя, хто закладаў падмурак палітычнай аналітыкі ў сучаснай Беларусі:
— Алег Багуцкi (1968—2017);— Iрына Бугрова (1954—2011);— Анатоль Майсеня (1959—1996);— Святлана Навумава (1956—2011);— Сяргей Панькоўскi (1956—2009);— Аляксандр Патупа (1945—2009);— Уладзiмiр Роўда (1955—2021);— Вiталь Сiлiцкi (1972—2011);— Вiктар Чарноў (1957—2013).
Яднае гэтых людзей тое, што яны глынулі «паветра свабоды» канца 1980-х — пачатку 1990-х, i потым не жадалi ўдаваць з сябе паслухмяных дурняў... Ix аналітыка была рознай паводле ўзроўню, але ўнёсак кожнага/кожнай нечым каштоўны. Характэрна, што ніхто не дажыў да 70 — бадай усе «згарэлі на працы».
Групай рызыкі ў Беларусі з'яўляюцца i медыяменеджары, якім таксама няблага было б паставіць у цэнтры сталіцы (дапусцім, побач з Домам прэсы) калi не помнік, то памятны знак:
— Юрый Базан (заснавальнiк i галоўны рэдактар «Аўтарадыё») — пражыў 53 гады;— Эдуард Брокараў (горацкая газета «УзГорак») — 49;— Вiктар Валадашчук («Газета Слонiмская») — 61;— Iгар Гермянчук («Свабода», «Навiны», часопiс «Кур'ер») — 41;— Юрый Зiсер (тутбай) — 59;— Аляксей Кароль («НЧ») — 70;— Алесь Лiпай (cузаснавальнiк i дырэктар Белапана) — 52;— Пётр Марцаў («БДГ») — 52;— Юрый Шырокi (намдырэктара Белапана) – 36.
Спісы, вядома, няпоўныя, дый ідэю ніколі не позна дапрацаваць.
I ўсё ж каліва пра помнікі, якія П. Хадзiнскi аднёс да катэгорыі «са спрэчнай рэпутацыяй»... Я не фанат мітрапаліта Філарэта (1935-2021), але з цяжкасцю ўяўляю сабе абставіны, у якix выступiў бы за знос/перанос манумента, пастаўленага ў памяць пра гэтага праваслаўнага дзеяча. Выказванні? Многія пісьменнікі XX ст., дый ранейшых эпох, паводзілі сябе «неадназначна», але, як той казаў, любiм мы ix не за тое...
Паспешліва паважаны Павел ацаніў i помнік Максiму Горкаму ў аднайменным дзіцячым парку: «Складана прасачыць, калi i што зрабiў галоўны пісьменнік сацыялізму ў Беларусі цi для яе...» Адносiны М. Г. да Беларусі былі прыязныя; ён моцна (i хутчэй дадатна) паўплываў на айчынную літаратуру, што нават у вiкiпедыi адлюстравана: «Максiм Горкi актыўна чытаў газету «Наша Нiва», цiкавiўся беларускім фальклорам» i г.д.
Ставіць новыя помнікі Горкаму (а таксама Пушкiну, Гогалю, іншым прадстаўнікам старой расiйскай культуры), можа, i не варта, але ўжо ўзведзеныя чапаць не трэба. Няхай нагадваюць пра часы, калi да пiсьменнiкаў прыслухоўваліся, калi краснае пісьменства было i філасофіяй, i школай жыцця, «звала з цемры да святла».
Ад рэдакцыі: мы лічым слушным меркаванне шаноўнага спадара Рубінчыка наконт асобаў, якія заслугоўваць памятных знакаў у новай Беларусі. Ад сябе дададзім, што зараз мы рыхтуем матэрыял пра помнікі, як нам здаецца, вартыя ўвагі. Чытайце неўзабаве на нашым сайце!