Жыццё пасля раку існуе

20 кастрычніка ў малой залі к/з Мінск была прэзентаваная кніга «Жыццё пасля раку» з серыі «Бібліятэка Свабоды». Гэта была своеасаблівая споведзь герояў кнігі перад іх блізкімі, лекарамі, псіхолагамі і проста цікаўнымі.



У амаль поўнай залі была магчымасць не толькі прачытаць, а паслухаць рэцэпты жыцця некаторых з 22 герояў кнігі.

Ганна Соўсь, каардынатарка праекту, падкрэсліла, што раней у Беларусі нічога падобнага не было, а кніга рыхтавалася на працягу года.

«Рак не азначае смерць»,  — гэта тая нітачка, якая цягнулася скрозь усю імпрэзу. Сапраўды, можна абурыцца, маўляў, як можна з такой бяды рабіць паказуху ў выглядзе кнігі і адпаведна яе прэзентацыі.Але стэрэатып трэба руйнаваць. Пра гэта казалі ўсе, хто выходзіў на сцэну. І героі кнігі «Жыццё пасля раку» не стаяць на месцы — яны дапамагаюць змагацца са смерцю іншым.

«Як перамагчы смяротную хваробу?» —адно з галоўных пытанняў,якое было пастаўлена перад героямі кнігі. І ў кожнага з іх маецца свой рацэпт перамогі над смерцю.

Ганна Маслоўская-Анісенка сцвярджае, што рак — гэта хвароба дрэнных думак. На імпрэзу яна прыйшла ў касцюме клоуна. І гэта былі абсалютна не жарты — менавіта ў  такім вобразе доктара Нюшы яна ходзіць па бальнічных палатах у Бараўлянах і весяліць дзяцей.

Ірына Жыхар жыве пасля раку ўжо 20 гадоў. «Не трэба сароміцца казаць пра сваю хваробу»,— ўпэўнена кажа жанчына. І гэта не пустыя словы. Ірына з’яўляецца старшынёй рады грамадскага аб’яднання «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын», якая аказвае падтрымку анкалагічным пацыентам.

Пра свае адчуванні аб імпрэзе кіраўнік аддзела супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага цэнтру анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Павел Маісееў выказаўся наступным чынам: «Святло так свеціць, што не бачна хворых». Акрамя прыкрасці стэрэатыпу пра рак як смяротную хваробу, лекар адзначыў яшчэ стэрэатып пра кепскую медыцыну ў Беларусі. Людзі літаральна ўсё “валяць” на дрэнных лекараў. Напрыканцы свайго выступу ён расказаў прытчу, з якой стала зразумела,  што нават самыя першакласныя ўрачы бяссільныя, калі чалавек не мае веры ў сваё ацаленне.

За Святлану Бергер маліліся ва ўсім свеце. Грашыма на аперацыю ёй дапамагалі нават з Сірыі і Ізраілю. Святлана, як і многія, акцэнтавала ўвагу на добрых спецыялістаў-беларусаў у галіне анкалогіі. Калі жанчына атрымлівала кансультацыю па скайпе ад ўрача з Ізраілю, то пачула, што ёйняма неабходнасці лячыцца дзесьці за мяжой.А пра змаганне з хваробай, Святлана выказалася так: «Я ўпэўнена, што думкі пра нянавісць павінны быць пераможаныя думкамі пра любоў».

За змаганне любоўю выступіў таксама і Сяржук Бахун. Для яго пазбаўленне ад хваробы — гэта вынік пачуццяў да яго каханай.

Псіхолаг Тамара Вашкевіч, якая працуе ў Бараўлянах, выказалася пра яшчэ адну праблему, якая перашкаджае вылечвацца хворым, — нежаданне прымаць псіхалагічную дапамогу.  «Калі я прыходзіла ў палату да хворых дзяцей, кажучы, што я псіхолаг, мамы сцвярджалі, што ў іх дзяцей усё добра. Тады мне даводзілася тлумачыць адрозненне псіхолага ад псіхіятара. Праз паўгадыбацькі ішлі ўжо самі, скіраваныя не дактарамі, а суседкамі з палаты».Псіхолаг кахала пра важную ролю маці як батарэйкі для свайго дзіцяці. Таму вельмі важна запасціся аптымізмам як для сябе, так і для свайго малога. Скончыла Тамара свой выступ словамі 12-гадовага хлопчыка, які памёр ад рака: «У нас тут іншае вымярэнне».І пра гэта варта памятаць тым, хто дапамагае камусьці ў змаганні з ракам.

Пасля споведзі герояў адбыўся дабрачынны выступ гуртоў, якія яшчэ раз пацвердзілі, што пасля раку можна шчыра радавацца жыццю. Rahis падабраным для імпрэзы рэпертуарам падарыў надзею. Салістка гурта Navi Ксенія Жук не вытрымала і расплакалася,кажучы: «Мы шчаслівыя ад таго, што дорым шчасце Вам». А Recha прымусіла залю нават разам паспяваць.

Жыццё пасля раку магчыма. Інакш ці сталі бы танчыць на сваіх месцах тыя, хто перажыў гэтую смяротную хваробу?