Жыхар сельскай мясцовасці, які паліць, спячы або п’яны. У МНС склалі статыстычны партрэт беларусаў, што гінуць на пажарах

Сярэднестатыстычны загінулы на пажары беларус — жыхар сельскай мясцовасці, які заснуў ці быў п'яны.

d15c547d636006e4bd78cbc603dd47fe.jpg


Супрацоўнікі Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС Беларусі прааналізавалі даныя па пажарах за апошнія пяць гадоў і склалі абагульнены партрэт загінулых у агні або дыме беларусаў, піша thinktanks.by.

Паводле даследавання, гэта мужчына ва ўзросце 45-70 гадоў, які пражывае ў сельскай мясцовасці. Вялікі адбітак накладвае і сацыяльнае становішча: ён альбо пенсіянер, альбо непрацуючы, але працаздольны чалавек. Умовы, пры якіх чалавек гіне, — сон ці стан алкагольнага ап'янення. Апошняе толькі пацвярджае асноўную прычыну гібелі — неасцярожнае абыходжанне з агнём, у 83% якіх фатальную ролю адыграла менавіта непатушаная цыгарэта.

portret_na_pozhare.jpg


Час трагедыі таксама залежыць ад умоў, у якіх знаходзіўся загінулы, — прамежак паміж 19:00 і 6:00 наступнага дня, калі людзі альбо адпачываюць, напрыклад, з алкаголем, альбо спяць.

Калі разглядаць сітуацыю ў разрэзе года, то перыяд з кастрычніка па сакавік становіцца самым трагічным, што, у цэлым, паддаецца лёгкаму тлумачэнню: актыўна топяцца печы, каб сагрэцца, а час праводзіцца пераважна дома з-за не самага прыемнага надвор'я.