Парашэнка: Пуцін — фактычна ўласнік Беларусі

Сёння Пуцін з'яўляецца фактычным уладальнікам Беларусі, і гэта стварае новую пагрозу для Украіны, заявіў былы ўкраінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка ў інтэрв'ю французскаму выданню L’Express.

118004014_3389323517765263_6335988547965457636_n_logo_1.jpg

Словы экс-прэзідэнта прыводзіць сайт партыі «Еўрапейская Салідарнасць», якую ўзначальвае Парашэнка.
«Сёння ніхто не ведае, ці пойдзе ён (Пуцін. — НЧ) у атаку, і ён сам гэтага таксама не ведае! Мы аказаліся ў сітуацыі красавіка 2021 года, калі расійскія вайскоўцы ўжо былі сканцэнтраваны на мяжы. Аднак на гэты раз справа яшчэ больш сур'ёзная. Яны разгарнулі больш складанае абсталяванне, напрыклад, ракеты малой далёкасці. Небяспека рэальная», — папярэджвае Парашэнка.
Лідар «Еўрапейскай Салідарнасці» адзначыў, што пасля красавіцкай эскалацыі Пуцін вырашыў «зноў аказаць ціск на Заходнюю Еўропу, якую ён лічыць слабой».
«Паглядзіце, што адбылося з красавіка, пасля таго, як Пуцін нібыта вывеў свае войскі. Спачатку ён атрымаў зялёнае святло на завяршэнне газаправода «Паўночны паток-2», нагадаў Парашэнка.
«Ён узяў кантроль над Беларуссю пасля разгону грамадзянскай апазіцыі і арганізаванага Лукашэнкам мігранцкага крызісу. Хто мог сабе такое ўявіць у жніўні мінулага года? Сёння Пуцін з'яўляецца фактычным уладальнікам Беларусі, і гэта стварае новую пагрозу для Украіны, якая мае больш чым 900-кіламетровую мяжу з Беларуссю. Гэтая мяжа сёння такая ж небяспечная, як тая, якая ў нас з Расіяй», — сказаў пяты прэзідэнт Украіны.
«Але Уладзімір Пуцін хоча пайсці яшчэ далей. Ён імкнецца спыніць працэс інтэграцыі Украіны ў NATO. Яго галоўная мэта — пашырэнне сферы ўплыву. Пуцін хоча вярнуць Украіну ў склад СССР 2.0! Тут трэба разумець адно: Пуцін заўсёды ідзе настолькі далёка, наколькі яму дазваляе Захад. У ім няма чырвоных ліній. Толькі сіла можа яго спыніць», — падкрэсліў Парашэнка.