Жыхарка вуліцы Люксембург: «Я адсюль нікуды не з’еду!»
Грамадскае абмеркаванне — гэта працэс, а не адно пасяджэнне.
Толькі гэта і дае спадзевы жыхарам мінскіх кварталаў па вуліцы Розы Люксембург спыніць
знос сваіх дамоў. У іх яшчэ ёсць шанец адбіцца ад зносу свайго жылля — калі яны
выявяць волю і настойлівасць.
«Наша меркаванне ніхто і пытацца не будзе»
Грамадскае абмеркаванне праекту дэталёвага планавання ў межах вуліцаў Розы Люксембург-праспекту Жукава — вуліцы Харкаўская —паласы адводу чыгункі адбылося у будынку адміністрацыі Маскоўскага раёна ў актавай залі, якая змяшчае 300 чалавек. Аднак усім ахвотным месца не запіла — людзі стаялі ў праходах І абмяркоўвалі збольшага тое, каму і навошта спатрэбіўся гэты кавалак зямлі ў цэнтры Мінска. Пераважная большасць жыхароў раёна катэгарычна супраць прапанаванага праекта і таго, якім чынам яго праціскаюць чыноўнікі.
Справа не толькі ў тым, што ўвесь раён плануюць знесці, а ў тым, якім чынам гэта робіцца. Генплан развіцця Мінска сапраўды прадугледжвае рэканструкцыю гэтага квартала. Аднак людзям не патлумачылі, куды і якім чынам іх будуць перасяляць.
Праўда, асаблівых вынікаў ад пасяджэння ў адміністрацыі ніхто і не чакаў. Яшчэ перад пачаткам слуханняў жыхары раёна размаўлялі міжсобку: «Гэта «прахадное» мерапрыемства. Ім трэба яго правесці, а наша меркаванне ніхто і пытацца не будзе». Насамрэч, так яго і было.
Справа ў парадку правядзення гэтых слуханняў і іх рэгламентацыі. Выступаючы першым, Уладзімір Танкевіч, намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна, падрабязна зачытаў усе дакументы і палажэнні, якія тычацца гэтага сходу. Дык вось, па гэтых дакументах прапановы і заўвагі людзей, прысутных на грамадскім абмеркаванні, прымаюцца камісіяй толькі і выключна ў пісьмовым выглядзе. Між тым, лісткоў паперы і асадак прысутным не раздавалі.
Таму сам факт правядзення такога збору можна лічыць усяго толькі метадам улады «выпусціць пару» народнай незадаволенасці. І гэта ў нейкай ступені атрымалася. Прынамсі, чыноўнікам не было чаго сказаць людзям, якія прышлі, акрамя агульных словаў. Большасць канкрэтных пытанняў, якія цікавяць людзей, чые дамы плануецца знесці, засталіся без адказу з простай фармулёўкай: «Мы зараз абмяркоўваем прынцыповы план рэканструкцыі раёну, і ваша пытанне да плану не адносіцца».
«Я адсюль нікуды не з’еду!»
Але ж і ў такім фармаце ўзнікае шэраг цікавых пытанняў і замалёвак.
Напрыклад, план зносу квартала Розы Люксембург і будаўніцтва га гэтым месцы сучасных дамоў разлічаны да 2030 года, паведаміла галоўны архітэктар праекта УП «Мінскградо» Ірына Абуховіч. Але, па яе словах, на гэтыя плошчы яшчэ трэба шукаць інвестара-забудоўшчыка, што залежыць «ад эканамічнай сітуацыі ў краіне і інвестыцыйнага клімату».
Першае ж пытанне, якое было зададзенае з залі: хто і куды расселіць людзей са знасімых дамоў? Адказ: згодна з беларускім заканадаўствам, гэта робіць забудоўшчык. Прабачце: знос ужо запланаваны, інвестара-забудоўшчыка няма. А калі яго няма, хто паклапоціцца пра людзей?
Другое, не менш цікавае пытанне ад жыхароў раёна. У ім ёсць квартал, абведзены «чырвонымі рысамі» — там чатыры дамы 1957 года пабудовы ўжо даўно, больш за дзесяцігоддзе, стаяць у чаргу на знос. І іх… не могуць знесці! Ужо і жыхары тых дамоў цікавяцца, калі ж іх знясуць, бо ў такіх дамах немагчыма зрабіць рамонт. «А як іх знесці, калі гэта ваша прыватная ўласнасць? Вось калі вы самі напішаце заяву на знос…» — заікнуўся быў Уладзімір Танкевіч. І зразумела, чаму: знос «па ўласным жаданні» не прадугледжвае кампенсацыі.
То бок, знесці ўвесь раён, нягледзячы на тое, што гэта таксама прыватная ўласнасць — можна, а чатыры баракі — нельга?
Да таго ж жыхары раёну сцвярджаюць: каля іх ёсць шмат прыдатных для забудовы месцаў, якія не патрабуюць зносу жылых кварталаў: напрыклад, прамысловыя тэрыторыі. Але немаведама каму спатрэбілася пад забудову месца менавіта жылых дамоў. У паветры запахла абвінавачваннямі ў карупцыі і лабіяванні інтарэсаў гэтага «немаведама каго». Таксама зразумела: мы ўжо неаднаразова пісалі пра тое, што палову кошту квадратнага метра складае кошт камунікацый. У жылых кварталах Розачкі яны ўжо пракладзеныя, у адрозненне ад тых жа прамысловых тэрыторый.
Трэцяе, на што звярнула ўвагу пажылая жанчына: хіба ў Мінску больш няма месцаў забудовы? «Глядзіце, знеслі Маскоўскі аўтавакзал, зносяць Усходні, другую бальніцу… І нідзе няма ніводнага будаўнічага крана! Месцаў для будаўніцтва ў Мінску шмат… Хто зрабіў выснову пра непрыдатнасць для пражывання нашых двух- і трохпавярховых дамоў? На іх месцы плануюць пабудаваць дванаццаціпавярховікі… Сярэдні ўзрост жыхароў нашага раёна — 70 гадоў! Хто дапаможа з пераездам, як мы будзем падымацца на 12-ты паверх?», — задавала пытанні яна.
Уладзімір Танкевіч ізноў вымушаны быў казаць, што пераезд і перавоз — гэта клопат забудоўшчыка, якога, паўторымся, няма. А можа, улічваючы словы Ірыны Абуховіч пра «эканамічную сітуацыю ў краіне і інвестыцыйны клімат», і не будзе. А дамы ж ужо знясуць!
Але гэтае пытанне зноў жа не ўпісалася ў фармат «абмеркавання плану забудовы», бо абмяркоўваецца план, а не канкрэтныя пытанні.
Таму і заявіла гэтая пажылая жанчына катэгарычна: «Я адсюль нікуды не з’еду!»
Трэба ствараць ініцыятыўную групу
Як і чакалася, пад канец пасяджэнне ператварылася ў пэўны бедлам. Людзі населі на Уладзіміра Танкевіча і Ірыну Абуховіч «у прыватным парадку», і ў іх нават не было магчымасці адказваць на пытанні, зададзеныя праз мікрафоны. Што, дарэчы, паказвае, наколькі жыхары раёну супраць планаў па рэканструкцыі іх месца жыхарства.
А мікрафонам авалодаў Дзмітрый Кавалгін, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які таксама жыве на «Розачцы». Ён папулярна тлумачыў прысутным, што тое, што ім прэзентуюць — мапы, планы, электронныя табліцы — лухта. Насамрэч дэтальны план забудовы — гэта тэчка паперы старонак у 150, дзе прапісана ўсё. Але гэтыя дакументы зараз знаходзяцца пад грыфам «для службовага карыстання», і іх нікому не даюць. Якім чынам розняцца мапы і рэаліі, ён паказаў на прыкладзе самога будынку адміністрацыі Маскоўскага раёна. Па плане забудовы на месцы гэтага будынка павінна быць зялёная зона. І атрымліваецца, што людзі, якія знаходзіліся ў актавай залі, «па плане» сабраліся на мітынг у парку.
Сам Кавалгін патлумачыў «НЧ», што зараз важнае не пасяджэнне, якое адбылося ў актавай залі. Гэта проста спосаб сабраць людзей у адным месцы. Бо грамадскае абмеркаванне гэтым пасяджэннем не заканчваецца, прапановы і заўвагі па праекце можна падаваць да 9 верасня. І менавіта гэты працэс, а не адно пасяджэнне, з’яўляецца працэдурай грамадскага абмеркавання.
Па яго словах, зараз важна сабраць подпісы людзей супраць планаў зносу дамоў і адправіць план рэканструкцыі раёна на дапрацоўку. «Калі мы адправім праект на дапрацоўку, дапрацоўвацца ён можа і год, і паўтара. І тады ў яго цалкам магчыма ўнесці карэкціроўкі», — адзначыў актывіст.
І фармальнае стварэнне ініцыятыўнай групы па абароне раёна — таксама цалкам слушнае. Бо той жа Уладзімір Танкевіч на тым жа пасяджэнні адзначыў, што ў склад камісіі па правядзенні грамадскага абмеркавання праекта не могуць уваходзіць прыватныя асобы — толькі прадстаўнікі групаў грамадзян. Такую групу Кавалгін і імкнецца стварыць.
Дарэчы, за дзвярыма актавай залі жадаючыя маглі падпісацца як за ўступленне ў ініцыятыўную групу, так і паставіць подпіс супраць прапанаванага ім плана забудовы раёна.
Карацей, у жыхароў раёну вуліцы Розы Люксембург яшчэ ёсць шанец адбіцца ад зносу свайго жылля — калі яны выявяць волю і настойлівасць. Бо недастаткова быць проста «супраць» — трэба, каб гэта выявілася ў канкрэтнай працы, хаця б па зборы подпісаў. Шанец яшчэ ёсць.
Адзінае, каго шкада — чалавека, які павінен быў весці пратакол гэтага пасяджэння. Весці яго не было ніякай магчымасці. І як адміністрацыя Маскоўскага раёна зафіксуе факт правядзення грамадскіх слуханняў — вялікае пытанне.