Жыхары Якімавай Слабады накіроўваюць калектыўную скаргу ў абласны суд

Актывісты з вёскі пад Светлагорскам, якая найбольш церпіць ад шкодных выкідаў метылмеркаптану з пабудаванага кітайскай карпарацыяй САМСЕ ў 2017 годзе завода беленай цэлюлозы, пачалі збор подпісаў пад скаргай ў абласны суд на перашкоду ў ажыццяўленні права на правасуддзе па справе супраць Светлагорскага ЦКК і кітайскай карпарацыі САМСЕ.

zavod1_svetlagorsk.jpg

Па інфармацыі “Палескай вясны”, жыхары Якімавай Слабады вылучаюць патрабаванне аб выплаце маральнай кампенсацыі з нагоды таго, што на ЗБЦ з лістапада 2017 года пачаліся пуска-наладачныя работы, пры гэтым наваколле пачало накрываць моцным смуродам смярдзючага газу — метылмеркаптану, які належыць да другога класу небяспекі.  

Да гэтага часу ЗБЦ афіцыйна не ўведзены ў эксплуатацыю. Працуе без прыродаахоўнага дазволу. Завод не мае станоўчага экалагічнага заключэння на дзейнасць крыніцы з павышанай ступенню небяспекі.

Нягледзячы на запэўніванні ўладаў, дасюль не вядуцца і самастойныя вымярэнні небяспечных выкідаў (метылмеркаптана) структурамі Мінздароўя і Мінпрыроды.

Як нядаўна стала вядома, пры ўсім гэтым, ЗБЦ нарошчвае вытворчыя магутнасці. Пра гэта, паводле інфармацыі сайта канцэрна «Беллеспаперапрам», кіраўнікі канцэрна і СЦКК заявілі на міжнароднай канферэнцыі вытворцаў цэлюлозы і паперы, якая праходзіла ў пачатку снежня ў Вене.

«Завод выйшаў на ўстойлівы рэжым працы і паступова нарошчвае аб'ёмы выпуску прадукцыі. За 11 месяцаў гэтага года выпушчана больш за 125 тысяч тон цэлюлозы. У цэлым у 2019 годзе плануецца вырабіць каля 150 тысяч тон цэлюлозы», — паведамляе ведамаснае СМІ.

Скрын з сайта www.bellesbumprom.by

Скрын з сайта www.bellesbumprom.by

Пры гэтым кіраўнікі ведамства і камбіната не паведамілі сваім еўрапейскім калегам пра тое, што завод ні дня яшчэ не працаваў законна. Жыхары Светлагорска і Якімавай Слабады ўпэўненыя, што ў гэтым выпадку праца завода і выпуск прадукцыі з парушэннем экалагічных законаў і міжнародных пагадненняў не павінны заставацца беспакаранымі.

spring96.org