Ад заўтра пачнецца анлайн-рэтраспектыва фільмаў Любові Зямцовай

13-15 траўня адбудзецца анлайн-рэтраспектыва фільмаў беларускай рэжысёркі дакументальнага кіно Любові Зямцовай. Падзея адбудзецца на сайце belarusdocs.com і будзе прысвечана 30-годдзю з дня нараджэння дакументалісткі.

smm_post.png


Любоў Зямцова — адна з самых таленавітых беларускіх дакументалістак новай плыні. Скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў (курс Міхаіла Жданоўскага) і курс дакументальнага кіно Doc Pro у Школе Вайды (Варшава), удзельнічала і была адзначана на міжнародных кінафестывалях. Трагічна загінула ў траўні 2020 года ў выніку аўтакатастрофы, якая таксама забрала жыцці яе сяброў і калегаў – прадусара Уладзіміра Міхайлоўскага і гукарэжысёра Максіма Гаўрыленкі.
Пачынаючы з першага фільму, знятага ў 2009 годзе ва ўзросце 17 гадоў, Любоў працавала над развіццём уласнага вобразу і філасофіі. У канцы 2010-х яна ўжо — сфармаваны аўтар з адметным стылем: з жывой камерай, з выключна шчырым, але тактоўным набліжэннем да герояў, з жаданнем ставіць вечныя пытанні і з тэмай любові, якая лейтматывам праходзіць праз усю яе творчасць.

Праграма анлайн-рэтраспектывы

“Жыццё ў клетцы” (2009; 13 хв.)
Па-навуковаму ўсе мы — біялагічныя арганізмы, але няўжо чалавек — гэта проста набор разнастайных клетак? Чаму ж тады людзі такія складаныя?
“Пра любоў: Іра” (2014; 26 хв.)Гэта гісторыя маладой жанчыны Іры, якая жыве, як большасць з нас, паміж каханнем і некаханнем, са сваркамі, бытам, няспраўджанымі марамі і надзеяй на лепшае. Але ў першую чаргу, гэтая гісторыя пра любоў, любоў да складанага і вар'яцкага жыцця, пра любоў, якая зусім не падобна на любоў у тым біблейскім і ідэалістычным сэнсе, якім часцей за ўсё надзяляюць гэтае слова. Фільм пра каханне, пра лёс, пра жыццё...
“Мая радня” (2014; 13 хв.)«Дзеці вайны», якія сталі бабулямі, да гэтага часу жывуць са страхам, крыўдай, начнымі кашмарамі, пытаннем: за што іх так пакараў лёс, адабраў бацькоў, зрабіў сіротамі і адрэзаў шлях у свет светлай мары...Гэта фільм пра адзін лёс, пра асабістую вайну, і нагода разабрацца ў тым, што тады адбывалася, і ці не было «пакаленне пераможцаў» у вайне — пакаленнем, якое прайграла жыццё.
“Дзень Перамогі” (2015; 20 хв.)Юрый і Аляксандр — ветэраны афганскай вайны. На працягу доўгіх гадоў яны святкуюць Дзень Перамогі разам.
“Месца кахання” (2019; 55 хв.)Гэта гісторыя пра каханне. У месцы, якое зусім для гэтага не прызначана. Падзеі фільма разгортваюцца ў групе дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю. І толькі ўнутраная прыгажосць і сіла герояў фільма ператвараюць яе ў «месца кахання».
“Прытулак” (2020; 25 хв.)У Беларусі ўжо каля 10 гадоў існуе прытулак для жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту. Гэта вялікі дом у прыватным сектары Мінска. Многіх ахвяр сюды прывозяць наўпрост у хатняй вопратцы—адзіным, у чым яны змаглі ўцячы ад агрэсара. У Беларусі дагэтуль не прыняты закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту...
“Вольны народ” (2020; 26 хв.)Фільм пра жыхароў вёскі Ніжнія Жары Гомельскай вобласці, якія змагаюцца за права заставацца на роднай зямлі.
Усе фільмы праграмы будуць даступныя для прагляду на працягу 3 сутак (13 – 15 траўня) на сайце праекту папулярызацыі беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs – belarusdocs.com. У межах праекту праводзяцца аднайменны анлайн-кінафестываль, рэтраспектывы і прэзентацыі фільмаў беларускіх аўтараў.