Што хавае нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны (фота, відэа)
Адкрылася выстава «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны». З экспазіцыі можна даведацца пра элементы, унесенныя ў Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны, на тэрыторыі Мінскай вобласці. Гэта каляндарныя абрады, спеўныя стылі, рамёствы і нават абрад выклікання дажджу, што здзяйсняецца… з дапамогай камяня.
![zahadnaja_2019_09_12_a._ljaszkevicz_0071_logo.jpg zahadnaja_2019_09_12_a._ljaszkevicz_0071_logo.jpg](/img/v1/images/zahadnaja_2019_09_12_a._ljaszkevicz_0071_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларускі Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны вядзецца адпаведна Канвенцыі UNESCO 2003 года. Такой спадчынай могуць лічыцца тэхналогіі гатавання традыцыйнай ежы, традыцыйная медыцына, традыцыйныя рамёствы, абрады, святы, цырымоніі, гульні, выканальніцкія мастацтвы, веды і звычаі, якія адносяцца да светапогляду людзей, якія прызнаюцца супольнасцямі (у некаторых выпадках індывідамі) у якасці іх культурнай спадчыны і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. На практыцы кожная краіна выбудоўвае ўласную палітыку адносна нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
![2019_09_12_a._ljaszkevicz_0120_logo.jpg 2019_09_12_a._ljaszkevicz_0120_logo.jpg](/img/v1/images/2019_09_12_a._ljaszkevicz_0120_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Беларусі звычайна працэдура ўнясення ў Інвентар прыкладна такая: ініцыятыву выяўляюць работнікі вясковых ці раённых устаноў культуры, якія ведаюць носьбітаў традыцый на тэрыторыі, дзе яны працуюць. Далей з дапамогай даследчыкаў-экспертаў рыхтуюць дакументы для надання элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Падрыхтаванае «дасье», якое ўлучае падрабязнае апісанне элемента, план па яго ахове, копіі публікацый, аўдыа і відэазапісы, разглядае навукова-метадычная Рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Тая самая Рада, што прымае пад ахову і архітэктурныя аб’екты. Калі рашэнне станоўчае, то амаль усе сабраныя звесткі пра элемент змяшчаюцца на сайце livingheritage.by у раздзеле «Інвентар».
![2019_09_12_a._ljaszkevicz_0066_logo.jpg 2019_09_12_a._ljaszkevicz_0066_logo.jpg](/img/v1/images/2019_09_12_a._ljaszkevicz_0066_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ад Мінскай вобласці ў ганаровы спіс унесена 12 элементаў. На выставе, якая адкрылася 12 верасня, сваю спадчыну дэманструюць раёны, таму ўсе стэнды розныя і экспазіцыю надзвычай цікава аглядаць. Канечне, шмат фотаздымкаў, бо гэта, бадай, самы лёгкі шлях пра нешта распавесці. Але хапае і артэфактаў, звязаных з элементамі. Напрыклад, Дзяржынскі раён прывёз ката, якога «пякуць», збіраючы з булкі, сала і кілбасы, а потым гуляюць з ім усёй грамадой перад калядным постам (аграгарадок Скірмантава).
Салігорскі раён паказваў атрыбутыку калядоўшчыкаў: пудзіла Казы, галаву Каня, касцюм Дзеда з унікальнай для Беларусі берасцяной маскай. Абыход здзяйсняюць у вёсках Рог і Восава увечары 13 студзеня.
Валожынскі і Капыльскі раёны, якія ганарацца сваімі паясамі і ручнікамі, дэманстравалі на стэндах тэкстыльныя вырабы, а на адкрыццё выставы прывезлі ткалляў. Ткацтва паясоў «на назе» бытуе ў аграгарадках Сакаўшчына і Ракаў Валожынскага раёна, а закладная тэхніка ткацтва ручнікоў найбольш актыўна падтрымліваецца Цэнтрам ткацтва ў Семежаве, аднак, ткаллі старэйшага веку жывуць па ўсім Капыльскім раёне.
![2019_09_12_a._ljaszkevicz_0121_logo.jpg 2019_09_12_a._ljaszkevicz_0121_logo.jpg](/img/v1/images/2019_09_12_a._ljaszkevicz_0121_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Для дэманстрацыі абраду «Цягнуць каляду на дуб» з вёскі Новіны Бярэзінскі раён вырабілі макет дуба, на якім змясцілі каляду: жытні сноп і гаршчок з кашай. Каля «дуба» экспануюцца сані, у якіх да яго 21 студзеня цягнуць па вёсцы жанчыну з «калядой» у руках. Вельмі вясёлае відовішча, і далучыцца можа кожны ахвочы!
![2019_09_12_a._ljaszkevicz_0100_logo.jpg 2019_09_12_a._ljaszkevicz_0100_logo.jpg](/img/v1/images/2019_09_12_a._ljaszkevicz_0100_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзін з самых цікавых элементаў (хоць па стэндзе з фота і раздрукоўкамі з газет гэта можа быць і невідавочна) — шанаванне Святога камяня ў вёсцы Крамянец Лагойскага раёна. У засушлівае надвор’е валун падважваюць на калах 9 удоў і такім чынам выклікаюць дождж. І гэта працуе! Акрамя таго, вада ў «слядках» на камені лічыцца гаючай. На каляндарныя і сямейныя святы, ды і проста ідучы ў лес, на валун нясуць падарункі — кветкі, яблыкі, цукеркі, грошы…
![2019_09_12_a._ljaszkevicz_0099_logo.jpg 2019_09_12_a._ljaszkevicz_0099_logo.jpg](/img/v1/images/2019_09_12_a._ljaszkevicz_0099_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Носьбітка майстэрства расказваць казкі Лідзія Міхайлаўна Цыбульская з вёскі Магільна памерла, але яе мастацтва ашчадна захоўваюць у Уздзенскім раёне і не толькі. Казкі вучаць дзеці і дарослыя, выдаюць кніжкі. Творы Лідзіі Міхайлаўны можна пачуць у рэпертуары гурта «Калыханка» з Міханавічаў пад Мінскам.
Як прадэманстраваць на выставе спеўныя традыцыі? Любанскі і Старадарожскі раёны зрабілі стэнды с фотаздымкамі спявачак. Можна пабачыць выявы розных гадоў, а ўласна песні пачуць на відэа, якое дэманструецца ў экспазіцыі пра ўсе элементы па чарзе.
![2019_09_12_a._ljaszkevicz_0111_logo.jpg 2019_09_12_a._ljaszkevicz_0111_logo.jpg](/img/v1/images/2019_09_12_a._ljaszkevicz_0111_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З дапамогай фота распавядае пра традыцыю пераносу Міхайлаўскай свячы ў Вяляцічах Барысаўскі раён. Рытуальны комплекс са свечкі, абраза пад ручніком, ёмістасці з зернем і бохана хлеба штогод пераносяць у новую хату ў Дзень арханёла Міхаіла 21 лістапада.
Фота займае вялікую частку экспазіцыі пра Будслаўскі фэст. Акрамя здымкаў дэманструецца копія абраза Маці Божай Будслаўскай, святыні, да якой ідуць паломнікі з усёй Беларусі і замежжа на пачатку ліпеня. Будслаўскі фэст у 2018 годзе ўнесены UNESCO ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
![2019_09_12_a._ljaszkevicz_0105_logo.jpg 2019_09_12_a._ljaszkevicz_0105_logo.jpg](/img/v1/images/2019_09_12_a._ljaszkevicz_0105_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акрамя таго, ад Беларусі ў ахоўных спісах UNESCO знаходзіцца абрад «Калядныя цары», што праходзіць у вёсцы Семежава Капыльскага раёна 13 студзеня. Ён ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, у 2009 годзе.
Выставу можна паглядзець да 13 кастрычніка ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Зала знаходзіцца ў будынку Пушкінскай бібліятэкі (вул. Гікалы, д. 4).
Фота і відэа Алены Ляшкевіч