Айчынныя «дзекабрысты», або Беларуская літаратура ў гістарычных анекдотах

Хоць у наш час даўно не да жартаў, але павінна быць і псіхалагічная разрадка. Таму прапануем у дзень 1 красавіка падборку гістарычных і літаратурных анекдотаў з калекцыі журналіста і даследчыка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана. Праўда, не сказаць, каб гісторыі былі спрэс вясёлыя, але які час — такія анекдоты.

mycollages__6__2.jpg

Уладзімір Дубоўка, Янка Скрыган, Сяргей Грахоўскі, Мікола Хведаровіч, Алесь Звонак, Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Бярозкін — тыя літаратары, якія ацалелі, вярталіся са сталінскіх лагераў у снежні 1956-га

«З цябе і пачну»

З цыкла «Вакол літаратуры і літаратараў» Барыса Сачанкі:
«У часы бяспраўя і рэпрэсій Заір Азгур ляпіў партрэты многіх вядомых тады людзей. Злепіць партрэт, не паспее той высахнуць, а таго, з каго ляпілі, возьмуць ды арыштуюць. Бярэ Азгур малаток і разбівае партрэт. Мікола Хведаровіч, які тады працаваў у ЦК КПБ, быў рэдактарам адразу некалькіх часопісаў. Сустрэўшы Заіра Азгура і ведаючы пра яго турботы, пажартаваў:
— Ляпіў бы ты, Заірка, лепей свіней... Не разбіваў бы штодзень іх партрэтаў…
— З цябе першага і пачну, — адказаў даволі злосна Хведаровічу Заір Азгур».

Генералісімус

У пачатку 1950-х на Цэнтральнай плошчы Мінска з’явілася шаснаццаціметровая скульптура Сталіна працы народнага мастака СССР Заіра Азгура. Праўда, помнік прастаяў нядоўга — пасля выкрыцця Хрушчовым культа асобы манумент тры ночы запар сцягвалі бронетранспарцёрамі і бульдозерамі, але марна: сяміметровы катлаван пад ім быў нашпігаваны арматурай са спецыяльнай сталі. Тады вырашылі ўзарваць. Азгур прысутнічаў пры гэтым і, кажуць, паспеў схапіць на памяць гузік са сталінскага плашча.
Пра далейшы лёс свайго дзецішча ён ведаў па чутках: спачатку нібыта звезлі на прамысловую базу, пасля — кінулі недзе каля Магілёўскай шашы… Азгур быў абураны:
— Не падымай руку на тое, чаго ты не рабіў!
Калі праз шмат гадоў адкрыецца рэтраспектыўная выстава, на ўваходзе Азгур дэманстратыўна паставіць вялікую скульптуру генералісімуса.

Як трэба пісаць

Пісьменнік Янка Скрыган згадваў, як у 1930-я гады — у разгар панавання ў літкрытыцы вульгарнага сацыялагізму, калі на любы твор можна было чакаць суровага і несправядлівага прысуду, — пісьменнік Васіль Каваль разгублена прызнаўся:
— Душэўнасць больш за ўсё і небяспечная. Іменна яна павядзе за сабою ўсякія перажыванні, ваганні, няпэўнасці, а гэта ж і будзе называцца дробнабуржуазным самакапаннем. А можна пайсці і далей: душэўнасць — гэта душа, а душа — папоўства, ідэалізм. Вось паспрабуй і здагадайся, як трэба пісаць.
Зрэшты, ламаць галаву над тым, як усё-ткі трэба пісаць, Кавалю давялося не доўга: неўзабаве ён быў арыштаваны і расстраляны як член контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая ставіла сваёй мэтай адарванне савецкай Беларусі ад СССР.

Сталінскі малох

У дванаццаць гадоў паэт Веніямін Айзенштат ледзь не патрапіў у сталінскі ГУЛАГ. А ўсё таму, што ў піянерскім лагеры расказаў суседу па ложку палітычны анекдот і гэта пачуў піянерважаты Абраша Гурэвіч, які тут жа заявіў:
— Ты контррэвалюцыянер! Ды цябе любы чэкіст ля плота расстраляў бы!
А потым даводзіў начальніку піянерлагера, што небараку варта здаць чэкістам.
Прамінула зусім няшмат часу, і Айзенштат прачытаў у газеце пра працэс над «ворагамі народа» Шаранговічам, Чарвяковым, Гікалам, Галадзедам. У спісе было і імя сакратара ЦК ЛКСМБ Абрама Гурэвіча.

Біяграфія

Паэт і перакладчык Пятро Бітэль, стаўшы праваслаўным святаром, быў арыштаваны і асуджаны на дзесяць гадоў. У ссылцы ён пераклаў міцкевічава «Пана Тадэвуша» на паперы з мяшкоў з-пад цэменту. Аднак калі галоўны «полымянскі» рэдактар Максім Танк намерыўся даць пераклад у сваім часопісе, загадчык аддзела ЦК КП(б) Аркадзь Рудак сказаў пра перакладчыка:
— Чалавек з такой заблытанай біяграфіяй, што яго нельга друкаваць.
І параіў узяцца за новы пераклад, а гэты здаць у архіў.

Як чорт ладана

Пісьменнік Алесь Пальчэўскі, які быў двойчы рэпрэсаваны і рэабілітаваны толькі праз дваццаць гадоў, распавядаў, як у першы прыезд пасля рэабілітацыі ішоў па Мінску, а насустрач — Кучар. Убачыўшы Пальчэўскага, той спалохана перабег на другі бок вуліцы. Хоць данос, праз які Пальчэўскі ў 1936-м апынуўся ў Ніжагародскай вобласці, напісаў зусім не Кучар. Але ж, відаць, была ў яго важкая прычына пазбегнуць сустрэчы.
Гэтаксама і паэт Сяргей Грахоўскі, упершыню рэпрэсаваны ў тым жа 1936-м, прыгадваў, што, калі вярнуўся ў Мінск і не меў дзе жыць, спачатку пасяліўся ў Доме пісьменнікаў у Каралішчавічах, дзе не раз бачыў Кучара.
— Як чорт ад ладана сігаў ён! — гаварыў Грахоўскі. — Па першым часе бегаў ад усіх. Відаць, помніў кот, добра помніў, чыё сала з’еў!

Чаму?

Уладзімір Караткевіч спускаўся па лесвіцы ў Саюзе пісьменнікаў, як раптам убачыў, што насустрач падымаецца крытык Алесь Кучар. Караткевіч чуў пра яго «стукацтва» ў 1930-я гады і, не жадаючы падаваць руку, павярнуўся і стаў падымацца ўверх. Але дзе там! Кучар дагнаў яго і літаральна сунуў руку для вітання. І Караткевіч, разгубіўшыся, паціснуў пададзеную руку.
Пра гэта ён распавёў пасля свайму сябру паэту Алегу Лойку. І той, прызнаўшыся, што і сам аднойчы перажыў падобнае, задаўся пытаннем: «Чаму ж мы не можам, каб такой рукі не крануцца?!»

«Свой» Кучар

Чаму сябравалі Аркадзь Куляшоў і Алесь Кучар? Распаўсюджанае тлумачэнне: Кучар у чэрвені 1941-га вывез з-пад носа ў немцаў сям’ю Куляшова. Хоць сам ён ва ўласнай аўтабіяграфіі не згадваў гэтага — напісаў толькі пра ратаванне сваёй сям’і дый сем’яў Крапівы і Бядулі. Аднак дачка Куляшова Валянціна Аркадзьеўна прыгадвала аповед маці: паехаўшы ў чэрвені 1941-га ў Мінск, каб запісацца добраахвотнікам на фронт, сваёй сям’і Куляшоў загадаў пераехаць з Пухавічаў у Хоцімск. Туды й прыехалі аднойчы дзве «палутаркі», што вывозілі рэдакцыю «Чырвонай змены». Хоць маглі праскачыць міма, бо дзеля гэтага трэба было зрабіць вялікі круг, але Кучар казаў: «У Хоцімску сям’я Куляшова». Праўда, хтосьці запярэчыў: «Машыны — службовыя, мы не маем права саджаць прыватных асоб», — але адзін з «чырвонкаўцаў» парыраваў: «У ваеннай сітуацыі ніякія старыя інструкцыі не могуць дзейнічаць. Мы павінны забраць сям’ю Куляшова».
Дый пасля вайны Кучар аказаўся вельмі дарэчы, бо Куляшоў быў па натуры адзінотнікам, яго праца патрабавала суцэльнай кялейнасці, ён мог месяцамі не ведаць, чым жыве яго сям’я, а Кучар, рэкамендуючыся народным пісьменнікам, мог здабыць усё што заўгодна. І, апроч таго, будучы ў курсе ўсіх літаратурных і нелітаратурных спраў, як тая сарока, апярэджваючы радыё, прыносіў у дом Куляшова апошнія навіны.
Зрэшты, сапраўдную прычыну гэтага дзіўнага сяброўства назваў аднойчы сам Куляшоў, калі Машэраў спытаў: «Чаму зневажаеце сябе сяброўствам з Кучарам?» — Аркадзь Аляксандравіч казаў не без выкліку: «Пакуль у нашай дзяржаве будуць запатрабаваныя такія людзі, як Кучар, да гэтага часу са мной, паэтам, заўсёды побач будзе знаходзіцца свой Кучар. Вы прыстаўляеце да нас такіх і пытаецеся, чаму мы сябруем?»

Калі ніякавата

Рыгор Барадулін прыгадваў, як, будучы ў 1964 годзе ўдзельнікам нарады маладых літаратараў у Маскве, наведаўся ў госці да Уладзіміра Дубоўкі, які ў сталінскія часы больш чым на дваццаць гадоў быў адлучаны ад літаратуры.
Малады, упэўнены, што вяртання да старога не будзе, да таго ж, нападпітку, Барадулін, па ўласным прызнанні, нёс несусвеціцу, крытыкаваў старыя і новыя парадкі і саму сістэму. Дубоўка падтрымліваў размову неахвотна, мусіць, асцерагаючыся правакацыі. На выпадак жа падслухоўвання запнуў разеткі галёшамі. І бачачы, што гарэлка не «тушыць» госця, пачаў развітвацца, падараваўшы пры гэтым рэдкае па тым часе выданне — двухтомнік Клюева.
Распавядаючы гэтую гісторыю праз сорак гадоў, Бара­ду­лін прызнаваўся: «Да гэтага часу ніякавата адчуваю сябе».

Айчынныя «дзекабрысты»

Уладзімір Дубоўка, Янка Скрыган, Сяргей Грахоўскі, Мікола Хведаровіч, Алесь Звонак, Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Бярозкін — тыя літаратары, што ацалелі, вярталіся са сталінскіх лагераў у снежні 1956-га. Таму іх называлі «дзекабрыстамі».

Дылема

Ніл Гілевіч распавядаў, як, атрымаўшы летам 1955 года запрашэнне на ІІІ Усесаюзную нараду маладых пісьменнікаў, зазбіраўся ў Маскву. Беларускую дэлегацыю ўзначальвалі сталыя майстры слова Аркадзь Куляшоў і Пятрусь Броўка. Калі цягнік ужо рушыў, яны запрасілі ў сваё купэ Ніла Гілевіча і Сцяпана Гаўрусёва.
— Цяпер і пагутарым іначай, а то мы ўжо ўсе тэмы вычарпалі, — па-сяброўску звярнуўся да маладзейшых калег Броўка, і пакуль госці канчаткова не захмялелі, даў настаўленне, як паводзіць сябе ў Маскве: — Галоўнае, хлопцы, вы там, на нарадзе, не вытыркайцеся, не лезце. Вы — здольныя і таленавітыя, але трымайцеся сціпла. Нас паважаюць і любяць за сціпласць, за тое, што мы не вытыркаемся. І вы не вытыркайцеся. Бо там, ведаеце, могуць быць усякія гаваруны, вы з іх прыкладу не бярыце… Я вам даю разумную параду, во хай і Аркадзь скажа, — павёў Броўка рукою ў бок Куляшова.
— А я скажу: лезце, хлопцы, і вытыркайцеся! — хітра падміргнуў Куляшоў.
— А я так скажу, — многавопытны Броўка ўсё адно стаяў на сваім, — на агародзе першай вырываюць тую моркаўку, што вытыркаецца!

Страх

Канец 1970-х. У гатэлі «Юбілейны» сустрэліся Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін і расійскі паэт і перакладчык Якаў Хелемскі. Апошні кажа:
— Пеця, ты стаў добра пісаць пра каханне, а раней што? Толькі «ўра» — партыі, «ура» — ураду, «ура» — савецкай уладзе! Ура, ура, ура!
— Мне гэта ўсё надакучыла! — адказвае ў запале Броўка.
Але тут нібы нячысцік пацягнуў Барадуліна за язык:
— Пятрусь Усцінавіч! Круціцца!
— Што круціцца? — раптам астыўшы, перапытвае Броўка.
— Запіс круціцца, — тлумачыць Барадулін, маючы на ўвазе, што іх размова можа запісвацца адпаведнай службай.
— Няхай круціцца! Не баюся я! — адказвае Броўка і дадае праз секундную паўзу: — Пайшлі на вуліцу! Тут душна.
Так Барадулін адным словам вярнуў у мінулае народнага паэта, члена ЦК КПБ, дэпутата Вярхоўнага Савета, акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы і пяціразовага лаўрэата, у тым ліку Ленінскай і Сталінскіх прэмій.
Чытайце таксама: