«Сустрэча аслоў з дурнямі». Як «Малады Фронт» амапаўцаў затроліў

"Гэта быў той час, калі сыходзіла кароткая эпоха пэйджэраў і пачыналася эпоха мабільных тэлефонаў. Натуральна, міліцыянты адграбалі за тое, што празявалі акцыю, што няма затрыманых і таму ўжо пачыналі сачыць за смс паведамленнямі, а не толькі праслухоўваць". Журналістка Любоў Лунёва ўзгадала сёння ў фэйсбуку, як у свой час "Малады Фронт" выкарыстаў "праслушку" дзеля жарту над амапаўцамі.

Адна з акцый Маладога Фронту. Ілюстрацыйнае фота

Адна з акцый Маладога Фронту. Ілюстрацыйнае фота

Узгадала сёння Малады фронт часоў ранняй маладосці Паўла Севярынца. Актывісты ўвесь час тады ладзілі акцыі: то расцяжку вывесяць, то на дахах дамоў сцягі нацыянальныя, то пікет правядуць. Пакуль амапаўцы прыедуць, ужо нікога няма.
А гэта быў той час, калі сыходзіла кароткая эпоха пэйджэраў і пачыналася эпоха мабільных тэлефонаў. Натуральна, міліцыянты адграбалі за тое, што празявалі акцыю, што няма затрыманых і таму ўжо пачыналі сачыць за смс паведамленнямі, а не толькі праслухоўваць.
І нават з гэтага маладафронтаўцам удавалася паздзеквацца. Недзе 30 сакавіка я з імі пабачылася і яны папярэдзілі мяне, што задумалі чарговы жарт наконт "праслушкі".
Увечары атрымліваю паведамленне: "Прыходзьце да стадыёна "Дынама" а 9 раніцы. Там вы пабачыце сустрэчу аслоў з дурнямі. Гэта 1 красавіка, выходны і таму людзей там будзе мала. Акцыя прысвечана Дню дурня".
А ўжо 2 красавіка актывістаў пахапалі каля амбасады РФ (тады была такая практыка нешта там утварыць наконт "едіненія братскіх народов").
І вось я ўжо на наступны дзень у судзе. Чакаем аўтазак. У калідоры амапаўцы, сваякі і сябры затрыманых. Як заўсёды, нехта пачынае нешта даказваць амапаўцам і тут адзін камандзір роты і кажа: "Да что они могут эти придурки?! Даже акцию провести толком не в состоянии. Сами назначают, а потом не исполняют. Позавчера в выходной день обещали там встречу ослов с дураками. И что?! Мы пришли, ждали три часа и ни одной души кроме нас. Тоже мне, деятели. Не можете, не беритесь".