Альманах «Dudar»: традыцыі і стыль пад адной вокладкай
Не так даўно пабачыў свет першы нумар альманаха «Dudar», які стаў чарговым амбіцыйным праектам тых, хто паставіў за мэту адраджэнне ў Беларусі такой культурнай з’явы, як мастацтва грання на дудзе — дударства.
Не так даўно пабачыў свет першы нумар альманаха «Dudar», які стаў чарговым амбіцыйным праектам тых, хто паставіў за мэту адраджэнне ў Беларусі такой культурнай
з’явы, як мастацтва грання на дудзе — дударства.
Сапраўды, вяртанню і крышталізацыі нацыянальнага стылю ігры на дудзе спрыялі сустрэчы і канцэрты на зборах Дударскага клуба Беларусі, «Дударскі фэст», на якім лепшыя выканаўцы
розных музычных стыляў прапаноўвалі слухачам свае пошукі новага гучання беларускага нацыянальнага інструмента, а таксама факт таго, што беларускія майстры аднавілі аўтэнтычны выгляд, гучанне і строй
старажытнага інструмента — беларускай дуды... Заставалася стварыць нешта такое, што б на сто адсоткаў сцвярджала тое, што беларуская дударская школа адроджана. Гэтым аргументам стала выданне
паўнавартаснага друкаванага выдання Дударскага клуба Беларусі — альманаха «Dudar», які на мінулым тыдні быў прэзентаваны на адмысловай прэс-канферэнцыі. Яна сабрала шмат
журналістаў айчынных друкаваных і электронных СМІ, выдаўцоў альманаха і галоўных дзеючых асоб матэрыялаў, змешчаных на старонках новага выдання.
Старшыня рэдакцыйнай рады альманаха «Dudar» вядомы беларускі музыкант і даследчык Зміцер Сасноўскі, які ў гэты вечар прадстаўляў і сваё аўтарскае выданне — дапаможнік
«Гісторыя беларускай музычнай культуры ХІХ–ХХ стст.», падрабязна спыніўся на гісторыі стварэння дэбютнага нумара альманаха. «Першы нумар
«Dudar’а» з’яўляецца вынікам шасцігадовай падрыхтоўчай працы аўтарскага калектыву, — падкрэсліў Зміцер, — які працаваў увесь гэты час на
безганарарнай аснове. Але гэта не перашкодзіла таму, што наш першанец напоўнены звышактуальнымі матэрыяламі пра гісторыю і сённяшні дзень дударства на Беларусі, шыкоўнымі здымкамі выканаўцаў, якія
зрабіў Алег Белавусаў, грунтоўнымі даследаваннямі нацыянальнай выканаўчай традыцыі, а таксама метадычнымі матэрыяламі для пачынаючых выканаўцаў і майстроў».
Ветэран дударскага руху ў Беларусі, майстар і даследчык гісторыі беларускай дуды Тодар Кашкурэвіч таксама быў усцешаны выхадам альманаха, хоць і падкрэсліў тое, што яго палохае прэтэнзія выдаўцоў
зрабіць глянцавы, гламурны часопіс, якім ён здаецца сёння. Але нягледзячы на гэта, Тодар аддаў належнае стваральнікам альманаха і распавёў, што першы нумар «Dudar’а»
выклікаў шмат станоўчых эмоцый у яго шматлікіх літоўскіх сяброў, што трохі супакоіла і самога Тодара. «Адзінае, што выклікала ў мяне пярэчанне ў тэматыцы першага нумара — жаночая
прысутнасць у айчынным дударскім руху. Я кансерватар, таму планую ў наступным нумары выступіць з тэарэтычным абгрунтаваннем маёй пазіцыі па жаночаму пытанню ў айчынным дударскім руху». Гэтае
выказванне выклікала шмат пытанняў да Тодара, які паспрабаваў тэзісна сфармуляваць сваё непрыняцце жаночага грання на дудзе. Вынік гэтых разважанняў — у Беларусі з яе фундаментальным
падзелам свету на мужчынскую і жаночую часткі, жанчына з дудой можа быць успрынята як вядзьмарка. Але Тодар канстатаваў факт, што ў Беларусі, як і ў суседніх краінах, жанчыны складаюць значную частку
выканаўцаў на гэтым інструменце. Напрыклад, у Эстоніі дударак больш за дудароў! У Беларусі іх таксама дастаткова, і пра гэта сведчыць матэрыял альманаха «Жаночае дударства. Эмансіпацыя ці
страчаная традыцыя» А. Шэляха і В. Угляніцы. На гэтым гендарная тэма альманаха «Dudar» была часова вычарпана.
Стваральнікі альманаха (злева направа): Зміцер Сасноўскі, Тодар Кашкурэвіч, Андрэй Апановіч
Прысутныя больш засяродзіліся на агульным змесце альманаха, які стаў аб’ектам пільнай увагі вядучага прэс-канферэнцыі Зміцера Сасноўскага. Першае, што ён адзначыў, — гэта
пастановачныя здымкі Алега Белавусава, якія ствараюць візуальны вобраз стылю беларускай дуды і выканаўцаў на гэтым інструменце. Гэта вельмі важна, — падкрэслівалі выдаўцы альманаха,
— для пазнавальнасці беларускага інструмента ў свеце.
Да таго ж, вялікую частку візуальнага аздаблення альманаха складаюць фестывальныя здымкі, у тым ліку і «open air». Яны сведчаць пра багатае канцэртнае жыццё беларускіх выканаўцаў
розных стыляў, разнастайнасць форм музычных сустрэч (навуковыя канферэнцыі на свежым паветры, клубныя канцэрты з непасрэдным кантактам выканаўцаў і слухачоў і г.д.) Яны заахвочваюць дудароў з розных
краін наведваць Беларусь, удзельнічаць у фестывальным руху краіны.
Вялікую цікаўнасць у чытачоў выкліча раздзел, прысвечаны даследаванням па абранай тэматыцы. Значную навуковую і пазнавальную нагрузку нясуць грунтоўныя даследчыя і філасофскія матэрыялы Тодара
Кашкурэвіча, Зміцера Сасноўскага, Алеся Сурбы, Віталя Сёмухі і іншых аўтараў. Дадайце да гэтага вытрымкі з запісаў вядомых этнографаў Н. Нікіфароўскага і Е. Раманава — і вобраз тэарэтычнага
часопіса, разлічанага на вузкіх спецыялістаў, будзе сфармаваны. Але, насамрэч, гэта не зусім так.
Сухую акадэмічнасць тэкстаў і гістарычных алюзій «разбаўляюць» тэксты іншай накіраванасці. Па-першае, цікава будзе пазнаёміцца з арыгінальнымі методыкамі даследавання магчымасцяў
інструмента з матэрыялу З. Балая «Дуды і жывёлы: рэакцыя жывых істотаў на гукі дуды», а таксама спазнаць спецыфічны дударскі гумар з падборкі А. Чумакова «Анекдоты пра
дудароў». Як падкрэслівалася выдаўцамі, анекдоты — вельмі папулярная частка альманаха, і яна будзе пастаянна абнаўляцца, бо жыццё і творчасць выканаўцы дае бясконцыя падставы для іх
з’яўлення.
Другі нумар альманаха «Dudar» выдаўцамі анансаваны на жнівень бягучага года. У ім — абяцаюць сябры выдавецкай рады — будзе ўзнята шмат правакацыйных (у добрым
сэнсе) тэм, якія прадставяць беларускую дуду і выканаўцаў на ёй у іншым ракурсе, прыадчыняць тайны выканаўчага майстэрства ігры і сакральнага зместу гэтага нацыянальнага беларускага
інструмента.