Алесь Плотка: «Вершніца» як замах на святое

Фемінізаваная выява «Пагоні» выклікала нечаканую для яе аўтараў рэакцыю прыхільнікаў кансерватыўных каштоўнасцяў. Крэатыў расцэньваецца як «танцы на касцях».  



viershnica_postcard_1.jpg

У Беларусі з 12 па 19 сакавіка праходзіць тыдзень «Вершніцы».

«Стаміўшыся ад спрэчак вакол 8 сакавіка, Розы Люксембург, фемінізму і, уласна, «Вершніцы» арганізатары падпісваюцца пад сцвярджэннем пра тое, што цаніць адзін аднаго варта круглы год. І абвяшчаюць тыдзень крэатыўных пастоў з тэгам «Вершніца» — збор фотаздымкаў, калажоў і нават проста філасофскіх думак, якія ў нечаканым свеце кажуць пра актуаліі гендэрных стасункаў, стэрэатыпаў і кахання», — так абвясцілі арганізатары пра сваё мерапрыемства.

Але, як кажа Алесь Плотка, музыка, пісьменнік і аўтар ідэі «Вершніцы», якую графічна рэалізавала Юлія Галавіна, нечакана арганізатары тыдня сутыкнуліся з хваляй негатыву ў сацыяльных сетках адносна «жаночай «Пагоні».

Тут трэба нагадаць, што «Вершніца» стала пераможцам конкурсу паштовак, які ладзіла «Радыё Свабода». Вобраз, які ёсць«аўтарскім бачаннем беларускіх жанчын, якія натхняюць на творчасць», аздобіў таксама вокладку першай кнігі Плоткі «Байсан», «прэзентацыя якой доўгі час была пад пагрозай зрыву з-за нападак артадаксальных мастакоў».

«Вершніца» для мяне — нечаканы погляд на звычайныя рэчы, — зазначыў у інтэрв'ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» Алесь Плотка. — Ён, акрамя таго, мае і пэўны, скажам так, гендэрны пасыл. Я не галоўны фемініст у краіне, шмат да чаго ў гендэрных трэндах крытычна стаўлюся, але ёсць рэчы, ад якіх, мне падаецца, трэба адмаўляцца, калі вядзецца пра гендэрную роўнасць».

Пасты ў сацсетках, да якіх заклікаюць арганізатары тыдня, актыўна з'яўляюцца, але, як кажа Плотка, здзіўляе выразны падзел — ёсць хваля негатыўных каментароў, «фотажабаў» і г.д.

«Ёсць людзі з такім вось артадаксальным падыходам, якія лічаць, што «Пагоня» ёсць святой выявай, і любое яе мастацкае пераасэнсаванне расцэньваецца як «танцы на касцях». Хаця мы, на мой погляд, нічога пошлага з гэтай выявай не зрабілі. Але прыгожая жанчына на кані так узрушыла пэўную частку публікі... Мне дагэтуль не зусім зразумела — чаму. Па шчырасці, такой рэакцыі не чакаў», — разважае Плотка.

Ён лічыць, што такія закіды цалкам упісваюцца ў сённяшні падзел на лібералаў і кансерватараў, «які вызначыўся падчас і пасля вядомых ПЭНаўскіх разборак».

«І тут нешта падобнае, як мне падаецца. Хаця ў спрэчцы, якая ўзнікла вакол ПЭНу падзел больш на ўзроўні генерацый. Тут — больш на ўзроўні светаўспрыняцця. Каб закіды ў наш бок ішлі ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення, то больш было б зразумела, але шмат чаго з'яўляецца ў сетцы Вконтакте, якая, як вядома, карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў зусім маладых людзей. Нават не ведаю, як інтэрпрэтаваць гэтую любоў да кансерватыўных каштоўнасцяў. Але, на маю думку, калі беларусы так непахісна будуць ставіцца да ўсяго навокал, то мы, натуральна, павыміраем. Наша нацыя колькасна невялікая, і калі мы не зменім стаўлення да беларускай жанчыны, то працэс змяншэння беларускага народу не спыніцца. Тое, што зараз кажу, шмат для каго будзе чарговым «накідам на вентылятар», але мне вельмі падабаецца ў гэтым сэнсе мадэль Ізраілю. Як вядома, грамадзянства і нацыянальнасць там надаецца па маці. Для беларусаў, якіх было ў 90-х 10 мільёнаў, а зараз 9 з паловай, прыйдзецца хутка пра гэта задумацца», — кажа Алесь Плотка.

Як бы там не было, тыдзень «Вершніцы» яшчэ працягваецца. Арганізатары заклікаюць усіх неабыякавых далучыцца да ўдзелу «і сваімі прыгожымі крэатыўнымі працамі наблізіць прыход сапраўднай вясны». «Фотаздымкі з фірмовымі цішоткамі і паштоўкамі з «Вершніцай» вітаюцца найперш, але галоўны крытэр — арыгінальнасць паста ў сацыяльнай сетцы як самастойнага твора. Менавіта так, бо эпоха Твітэра дазваляе ўкласці геніяльнасць у 180 сімвалаў. Да ўдзелу залічваюцца пасты з тэгамі #viershnica #vieršnica #вершніца ў сацыяльных сетках vk.com, facebook.com, twitter.com ды instagram.com. Разглядаюцца ўсе працы, змешчаныя ў сацыяльных сетках да 17.00 19 сакавіка», — паведамляецца ў рэлізе да тыдня.

Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 19 сакавіка на «Файным фэсце», які ладзіцца стваральнікамі акцыі «Беларусам быць модна».

Пётр Кухта, "ЕўраБеларусь"