Аляксандр Тамковіч набірае тэмп
6 мая адбылася прэзентацыя чарговай — семай па ліку за апошнія пяць гадоў — кнігі Аляксандра Тамковіча «Женщины» (другое выданне, на рускай і англійскай мовах). 23 інтэрв’ю з выбітнымі беларускімі жанчынамі. У розных сферах — літаратуры, мастацтве, палітыцы, праваабарончай дзейнасці.
Ёсць сэнс назваць іх пайменна: Святлана Алексіевіч, Вольга Іпатава, Наталля Гайда, Кася Камоцкая, Людміла Карпенка, Вера Страмкоўская, Юлія Чыгір, Галіна Сіўчык, Марына Багдановіч, Таццяна Ваніна,
Ірына Грушавая, Людміла Гразнова, Ніна Даўгучыц, Антаніна Кавалёва, Іна Кулей, Людміла Пеціна, Таццяна Процька, Валянціна Свяцкая, Галіна Сямдзянава, Ніна Стужынская, Зінаіда Цімошак, Валянціна
Трыгубовіч. І асобна ўзгадаць Ірыну Казуліну, якая заўчасна пакінула гэты свет крыху больш за год таму. Але яна паспела пабачыць першае выданне кнігі.
Аповеды жанчын пра сабе, пра сваё жыццё, сем’і, свае трывогі, гора і радасці. Такіх розных і такіх прыгожых. А як вынік — з мазаікі інтэрв’ю паўстае па сутнасці
абагульняючы партрэт беларускай жанчыны другой паловы ХХ —пачатку ХХІ стагоддзя. Такой сучаснай, мужнай і рамантычнай, унутрана разняволенай, але ўсё яшчэ ў нечым (а дзе і шмат у чым)
паланёнай мінулым і знешнімі абставінамі. Цікавая і па-свойму выразная дэталь: усе гераіні кнігі (за выключэннем Галіны Сіўчык) давалі інтэрв’ю на рускай мове, і многія з гэтай нагоды
выказалі шкадаванне падчас прэзентацыі.
Майстэрства інтэрв’ю — гэта не проста майстэрства задаць
пытанне, але і майстэрства разгаварыць суразмоўцу на адкрытасць, на шчырасць. Аляксандр Тамковіч гэтым талентам валодае напоўніцу, што са здзіўленнем і ўдзячнасцю адзначалі ўсе яго гераіні, што
прысутнічалі на прэзентацыі (а прысутнічалі, падкрэслю, амаль усе, за адзінкавымі выключэннямі па важкіх прычынах).
«Я прачытала, — прызналася прысутная на прэзентацыі другі сакратар амбасады ЗША Караліна Саваж, — усе кнігі спадара Тамковіча. Яны таленавіта распавядаюць пра людзей і
падзеі, пра якія маўчаць дзяржаўныя СМІ».