Беларуская электронная бібліятэка «Камунікат» абнавіла сайт: яшчэ больш кніг і магчымасцяў
«Нас блакуюць, а мы надалей працуем на карысць беларушчыны», — гаворыцца ў паведамленні інтэрнэт-бібліятэкі.
Апроч абноўленай версіі сайта Камунікат таксама запусцілі шэраг літаратуных ініцыятыў. Сярод іх, напрыклад, запіс і выданне аўдыякніг сучасных беларускіх аўтараў — Андрэя Федарэнкі, Уладзіміра Арлова, Барыса Пятровіча, Алеся Аркуша, Артура Клінава, Валеры Гапеева і іншых.
Камунікат арганізуе літаратурныя івэнты. Гэтак сёлета адбыўся еўрапейскі тур з Уладзімірам Арловым — больш за 10 гарадоў у чатырох краінах (Польшча, Германія, Італія і Літва). Але мэта такіх імпрэзаў, дзе б яны ні праходзілі, не толькі выключна культурніцкая. Гэта заўсёды нагода для аб'яднання беларусаў і сустрэч з беларускай дыяспарай, з тымі людзьмі, якія не па сваёй волі з'ехалі з Беларусі.
Камунікат працягвае і свой амбітны праект — выданне аўдыяверсіі «Галасоў утопіі» Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Апублікаваныя ўжо тры кнігі серыі: «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі». Перад намі чарговыя «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд». Упершыню выходзяць яны па-беларуску і без цэнзуры.
Аднак асноўным кірункам працы Камуніката застаецца збор і захаванне кніг і перыёдыкі, якія выходзяць па-беларуску ці пра Беларусь.
«Дзякуючы ўведзеным зменам наш сайт зараз стаў максімальна сучасным, дзякуючы новаму дызайну і аптымізацыі пад самыя розныя дэвайсы і прылады. Таксама хутчэй сталі загружацца старонкі і выданні», — гаворыцца ў паведамленні бібліятэкі.
На гэты момант Камунікат утрымлівае на сваёй пляцоўцы матэрыялы ў розных фарматах – тэксты, аўдыя, відэа, pdf, ePub і mobi. На сёння для чытачоў дасяжныя больш за 55 000 публікацый – гэта самая вялікая беларуская анлайн-бібліятэка.
Нягледзячы на тое, што Міністэрства інфармацыі РБ заблакавала асноўны сайт Камуніката ў Беларусі, каманда і надалей плануе актыўна працаваць для беларусаў, знаёміць з айчыннай літаратурай, яе навінамі і навінкамі.