Беларусь і Японія: Музыка, танка, Багдановіч…
Беларусь і Японія, што агульнага паміж гэтымі краінамі? Глыбокая сузіральнасць, характэрная для старажытных народных песень? Пільны ўнутраны позірк, скіраваны на мімалётную прыгажосць прыроды? Танальнасць самых высокіх пачуццяў кахання?

Паэтычным зрокам Максім Багдановіч здолеў убачыць няўлоўнае падабенства паміж светапоглядам двух народаў, якое перадаў у поўнай адпаведнасці з асаблівасцямі танка – адмысловай формы японскага вершаскладання. У Максіма Багдановіча аказалася “лёгкая рука”, і сёння некаторыя нашы літаратары працуюць у формах танка і хоку, развіваючы паспяхова закладзеную традыцыю і напаўняючы яе беларускім зместам.
23 кастрычніка а 18 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца імпрэза, прысвечаная 100-гадоваму юбілею з часу напісання М.Багдановічам танка, і адпаведна, закладанню гэтай традыцыі на беларускай паэтычнай глебе. Будуць гучаць танка і хоку і па-беларуску, і па-японску. Уласна з японскай мовы “танка” перакладаецца, як “кароткая песня”, музыка якой здольная зачараваць чулыя да паэтычнага слова душы.
Усіх зацікаўленых запрашаем 23 кастрычніка а 18 гадзіне ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча. У вечарыне прымуць удзел Масака Тацумі, кіраўнік Цэнтра японскай культуры ў г.Мінску, паэты Адам Глобус, Алесь Разанаў, Міхал Бараноўскі, Арцём Кавалеўскі, Канстанцін Касяк.
23 кастрычніка а 18 гадзіне
г. Мінск, вул. Максіма Багдановіча, 7а.
Уваход вольны
Паводле прэс-службы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча