Будзьма беларусамі!

Ужо паўгода на афішах розных культурных мерапрыемстваў і акцый беларусы могуць бачыць яркі чырвона-белы лагатып з заклікам «Будзьма!». Асацыюецца ён чамусьці з застольным аптымістычна бадзёрым тостам, але гэта не змяншае вартасці кампаніі, якая ўласна і называецца «Будзьма беларусамі!».



ba2fd310dcaa8781a9a652a31baf3c68.jpg

Ужо паўгода на афішах розных культурных мерапрыемстваў і акцый беларусы могуць бачыць яркі чырвона-белы лагатып з заклікам «Будзьма!». Асацыюецца ён чамусьці з застольным аптымістычна бадзёрым тостам, але гэта не змяншае вартасці кампаніі, якая ўласна і называецца «Будзьма беларусамі!».
Канцэрты, выставы, сустрэчы з пісьменнікамі ладзіліся і да таго, як паўстала агульнанацыянальная культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Аб’яднаўшы іх пад адным брэндам (прынамсі да звання нацыянальнага брэнда ўсё ідзе), стваральнікі кампаніі спрабуюць укласці ў культурніцкія акцыі дадатковы сэнс. Што за ён, тлумачыцца ў ідэі самой кампаніі, якую арганізатары публічна абвясцілі шэсць месяцаў таму: «У сучасным зменлівым свеце найбольш цэняцца самабытнасць, пачуццё годнасці і яснае бачанне перспектывы. Беларусы вартыя быць паспяховым народам. Поспех магчымы толькі ў адзінстве. Аб’яднаць беларусаў можна на глебе павагі да сябе, сваёй краіны, яе гісторыі, культуры і мовы. Беларус — гэта кожны грамадзянін Беларусі, незалежна ад нацыянальнага паходжання. Веданне культуры, гісторыі і мовы сваёй краіны дае чалавеку адметнасць сярод іншых народаў. Будзьма беларусамі — гэта нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі!»
З прыгожай ідэі выцякаюць не менш прыгожыя і высакародныя мэты: «Абудзіць у жыхароў Беларусі інтарэс да культуры сваёй краіны. Заахвоціць беларусаў да ўсведамлення беларускай культуры як уласнай каштоўнасці. Мы хочам, каб жыхары нашай краіны прамаўлялі слова «беларус» з годнасцю. Мы хочам аб’яднаць беларусаў». Першапачаткова кампанія была накіраваная не на тых, хто ўжо пачуваецца беларусам, а на тых, хто пакуль яшчэ не асацыюе сябе з імі. Каардынатары «Будзьма» лічаць, што нават за гэты невялікі адрэзак часу змаглі нечага дасягнуць у сваіх мэтах. Кампанія адкрытая, гатовая падтрымаць розныя ініцыятывы, у тым ліку і з рэгіёнаў, якія ладзяць праекты ў рамках беларускай культуры і гісторыі. Не абмежаваная яна і ў часе.
Адна з каардынатараў Алена Макоўская лічыць, што без агульнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» такой колькасці мерапрыемстваў за шэсць месяцаў не адбылося б. «Яна дае адзіную платформу і ідэю. З часам імпрэзы кампаніі становяцца пазнавальныя, і людзі ведаюць, што калі ў горад, напрыклад, прыехаў канцэрт пад эгідай «Будзьма», то мерапрыемства будзе якасным і беларускім. Мы не парасонкавая арганізацыя і нічога сабе не прысвойваем», — адзначае спадарыня Макоўская.
 За паўгода было праведзена больш 450 мерапрыемстваў, прычым не толькі ў Мінску, абласных гарадах і райцэнтрах, а нават у вёсках. Намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуард Акулін заўважыў: «Некалі нас пазбавілі памяшкання. Цяпер, дзякуючы кампаніі «Будзьма беларусамі!» домам для пісьменнікаў стала ўся Беларусь. За паўгода мы выступілі ў 50 гарадах краіны. У некаторыя гарады нас запрашалі неаднаразова і запрашаюць дагэтуль. Нас пускаюць нават туды, куды раней нават на парог не пускалі, — напрыклад, у залі універсітэтаў і навучальных устаноў», — расказаў пісьменнік.
Некаторыя бачаць у ідэі кампаніі нават шлях да еўрапейскасці, як, напрыклад, кіраўнік Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Трусаў. «Я спадзяюся, што кампанія паспрыяла таму, што Еўропа глядзіць на Беларусь і думае пра яе», — сказаў спадар Трусаў, і адзначыў важнасць таго, што ў ёй удзельнічае ў асноўным моладзь.
Каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская паведаміла, што надалей найперш будуць развівацца накірункі, якія карыстаюцца найбольшым попытам: канцэрты, літаратурныя сустрэчы, гістарычныя лекцыі, выданне музычных альбомаў і іх бясплатны распаўсюд, правядзенне конкурсаў, падтрымка ініцыятыў, якія цікавыя сваёй дзейнасцю, але маюць патрэбу ў інфармацыйнай, арганізацыйная дапамозе.
Паводле слоў Шыдлоўскай, «найбольшую аўдыторыю збіраюць літаратурныя сустрэчы і канцэрты». Бліжэйшым часам распачнецца кампанія «Усебеларускі партрэт». Яе ідэйным натхняльнікам з’яўляецца мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў. Сутнасць гэтай акцыі: зрабіць фотаздымкі наведвальнікаў канцэртаў разам з выступоўцам, стварыць своеасаблівы летапіс-партрэт сучаснага беларуса. Першым у спісе артыстаў з’яўляецца ўлюбёнец беларускамоўных жанчын усіх узростаў (ад дзяўчынак да «пані трошкі ў гадах») Зміцер Вайцюшкевіч.
Напачатку ініцыятыву падтрымалі 11 грамадскіх аб’яднанняў. Цяпер сталымі партнёрамі з’яўляюцца 31 грамадскае аб’яднанне, установа, арганізацыя. Многа партнёраў і сярод сродкаў масавай інфармацыі. Гэта часопіс ARCHE, інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь «Дзедзіч» з Брэста, літаратурны часопіс «Дзеяслоў», медыякампанія Беларускай асацыяцыі журналістаў «Журналісты за гістарычную спадчыну», Радыё Рацыя ды іншыя. Арганізатары кампаніі паабяцалі, што «Будзьма беларусамі!» будзе толькі набіраць абароты.
Нехта заўважыў, што беларускасць — як застарэлае кола, якое цяжка раскруціць, але і пасля не спыніць. Хочацца верыць, што час уздыму беларушчыны не так і далёка.