Будзьма гараджанамі: дамы і мары Асмалоўкі

Кампанія «Будзьма беларусамі!» выдала кнігу Сяргея Харэўскага «Асмалоўка: дамы і мары», прысвечаную  першаму пасляваеннаму кварталу, лёс якога цяпер у небяспецы.

asmalouka_800x838.jpg


Асмалоўка — куток пасляваеннага Мінска ў самым цэнтры горада, абмежаваны вуліцамі Багдановіча, Кісялёва, Куйбышава і Камуністычнай. Фактычна, гэта першы элітны мікрараён пасляваеннай сталіцы, забудаваны па тыпавым праекце. Тут жылі вайскоўцы, артысты Тэатра оперы і балетуа работнікі міністэрстваў, прафесура. Дзіва, але двухпавярховыя катэджы Асмалоўкі і цяпер захоўваюць атмасферу таго Мінска, які з’явіўся на мапе горада адразу пасля вайны. Ці не цуд гэта? У беларускай сталіцы засталося вельмі мала такіх месцаў…


На старонках кнігі чытач пазнаёміцца з самымі значнымі момантамі з 70-гадовай гісторыі Асмалоўкі, адкрые для сябе імёны яе стваральнікаў і знакамітых жыхароў. Багаты на гістарычныя цікавосткі тэкст Сяргея Харэўскага аздоблены яскравым дызайнам Віталя Раковіча.


Асмалоўка дагэтуль не мае статуса гісторыка-культурнага помніка, таму неаднаразова над ёй навісала пагроза зносу. Не знікае яна і цяпер – гарадскія ўлады раглядаюць квартал як чарговую пляцоўку для інвестараў, не звяртаючы ўвагі на яго ўнікальную атмасферу і гісторыю. Цяпер вакол квартала з мясцовых жыхароў і мінчукоў стварылася нефармальная грамадзянская суполка, якая выступае ў абарону Асмалоўкі.


budzma.by__wp_content_uplo_3c38610c56c27f451d5280061ade3ae1.png


Адзін з яе стваральнікаў, PR-кансультант і гарадскі актывіст Андрэй Эзерын, адзначае: “У нас шмат сяброў па-за межамі Асмалоўкі — многім мінчукам сёння не варта тлумачыць, чаму раён павінен застацца на мапе Мінска. Мы ўдзячныя ўсім за дапамогу і спадзяемся, што наш грамадскі досвед стане добрым узорам. Часам я чую:“Вам, асмалоўскім, пашанцавала і з месцам, і з жыхарамі — яны свядомыя і энергічныя”. Тады я кажу, што пры моцным жаданні можна зрабіць знакамітай і звычайную хрушчоўку. Хочаш жыць лепш — не сядзі “ў тэлевізары”, а ідзі да людзей”.


Адзін з мясцовых жыхароў, Аляксандр, які ўжо паспеў пазнаёміцца з кнігай, гаворыць пра важнасць захавання Асмалоўкі: “Гэта выдатны раён у самым цэнтры Мінска. Адзін з нямногіх зялёных куткоў сталіцы. Без брудных пад’ездаў, без асацыяльных элементаў пад вокнамі. Тут не страшна гуляць і ўночы. Дзівосныя месцы і пейзажы, з якімі звязаныя ўспаміны цэлых пакаленняў”.


Новая кніга  “Асмалоўка: дамы і мары” адметная тым, што гэта першае выданне ў найноўшай гісторыі Беларусі, прысвечанае гарадскому кварталу. А яшчэ гэта частка акцыі па абароне гістарычнага раёна горада, і арганізатары кампаніі “Будзьма беларусамі!” спадзяюцца, што гэтая акцыя, як і выданне кнігі, стануць прыкладам грамадскай адказанасці гараджан, практычнага ўвасаблення любові да роднага горада і захавання яго культуры.


Шукайце кнігу “Асмалоўка: дамы і мары” ў наступных кнігарнях:


“Акадэмкніга”, пр-т Незалежнасці, 72: 
“Кнігарня пісьменніка”, вул. Казлова, 2; 
“Веды”, вул. К.Маркса, 36; 
“Цэнтральная кнігарня”, пр-т Незалежнасці, 19; 
“Кнігі & кніжачкі”, пр-т Незалежнасці, 14; 
“Эўрыка”, вул. Куйбышава, 75; і
А таксама ў інтэрнэт-краме knihi.by


budzma.by