Мінгарвыканкам забараніў яшчэ сем пікетаў у абарону парку на Цнянскім вадасховішчы

Мінгарвыканкам забараніў актывістам грамадскай кампаніі "Генплан — для мінчан!" правядзенне сямі пікетаў у абарону парку на Цнянскім вадасховішчы, паведаміў БелаПАН каардынатар кампаніі Дзяніс Кобрусеў.

Фота: greenbelarus.info

Фота: greenbelarus.info


Правядзенне пікетаў планавалася штодня з 9 па 15 чэрвеня з 17 да 20 гадзін на пляцоўцы каля ўніверсама па вуліцы Мірашнічэнкі, 3. Гарадскія ўлады матывавалі адмовы тым, што ў паказаным заяўнікамі месцы ў гэты ж час будуць праходзіць іншыя мерапрыемствы.
Нагадаем, з аналагічнай фармулёўкай актывістам кампаніі ўжо было адмоўлена ў правядзенні пікета супраць будаўніцтва 27 мая.

Як паведамлялася раней, жыхары мікрараёна Зялёны Луг сабралі 3.557 подпісаў супраць знішчэння парку. Звароты перададзеныя ў Мінгарвыканкам і Камітэт дзяржкантролю.


З красавіка ў раёне вуліц Мірашнічэнкі — Варапаеўская вядзецца падрыхтоўка пляцоўкі да будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу з тэніснымі кортамі. Выкарчаваў маладыя дрэвы, спілаваная частка дарослых дрэў, дэмантаваныя тратуарныя дарожкі, зняты грунт. Раней актывісты кампаніі "Генплан — для мінчан!" накіроўвалі скаргу ў раённую пракуратуру аб парушэнні заканадаўства і з патрабаваннем прыпыніць забудову тэрыторыі.
Разам з тым, адзначыў Кобрусеў, пракуратура Савецкага раёна не стала разглядаць па сутнасьці скаргу актывістаў на парушэнні пры будаўніцтве аб`екта і пераслала яе ў раённую адміністрацыю.
"Мінгарвыканкам адабраў у жыхароў Мінска права, гарантаванае Канстытуцыяй, выказваць сваю пазіцыю праз правядзенне легальных пікетаў і масавых мерапрыемстваў. А пракуратура ўключылася ў кругавую паруку і паказвае, што да захавання законнасці ставіцца выбіральна. Гэта нонсэнс — перасылаць на разгляд скаргу ў орган, на які паступіла скарга. Мы будзем абскарджваць такое рашэнне", — адзначыў каардынатар кампаніі.
belapan.by