Хочаш правесці яшчэ акцыю, прыйдзецца адказаць за папярэднюю

Як толькі актывіст Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з Бабруйску Алесь Каваленка падаў заяўку на пікетаванне, яму адразу нагадалі пра ўдзел у мінулай акцыі.

zanczyny_kavalenka_12.6.16__2__logo.jpg

 

Нагадаем, 12 мая на плошчы Свабоды ў Мінску 67-гадовы пенсіянер правёў адзіночны несанкцыянаваны пікет. Алесь Каваленка выйшаў на акцыю з плакатам. “Чыноўнікі  суда, дайце адказы на пытанні майго сына і яго адваката. Хопіць хавацца за адпіскамі”.

 

Сын спадара Алеся адседзеў за кратамі 12 з 18 гадоў прысуду па абвінавачванні ў забойстве. Нягледзячы на тое, што Генеральная пракуратура краіны апратэставала гэты прысуд, Вярхоўны суд не толькі адхіліў пратэст Генпракуратуры, але і не дае адказы па сутнасці пытанняў, пастаўленых у зваротах асуджанага і ягонага адваката.

 

Апроч таго, па сфабрыкаваным абвінавачванні ў распаўсюдзе наркотыкаў бацька асуджанага Алесь Каваленка быў закратаваны на 9 гадоў, аднак праз 3 гады і 2 месяцы быў вызвалены, рэабілітаваны і атрымаў грашовую кампенсацыю за матэрыяльную і маральную шкоду ад незаконнага прысуду.

 

Усё гэтыя пакуты адмоўна адбіліся на здароўі бацькоў асуджанага і дабрабыце сям’і.

 

Алесь Каваленка перажыў аперацыю і інфаркт, зараз пакутуе ад экземы рук. З-за перажыванняў захварэла і маці асуджанага — спадарыня Валянціна Каваленка.

 

Каб аплаціць паслугі адваката, сям’я вымушаная была прадаць прыватызаваную трохпакаёўку і зараз туліцца ў прыдбаным старым драўляным доме, які патроху добраўпарадкуецца.

 

Трэба мець на ўвазе, што бацька Алеся Каваленкі — баявы лётчык, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну ад першага дня да апошняга, адзначаны многімі баявымі ардэнамі і медалямі, змагаўся за краіну, дзе шануюць, паважаюць і па-справядліваму ставяцца да грамадзян.

 

Роўна месяц спадара Алеся ніхто не турбаваў з нагоды пікету, што адбыўся ў Мінску 12 мая. Аднак усё змянілася пасля таго, як 8 чэрвеня Алесь Каваленка звярнуўся ў Мінгарвыканкам з заяўкай на новую акцыю супраць адпісак чыноўніцтва, запланаваную на 23 чэрвеня ў цэнтры сталіцы.

 

Праз некалькі дзён, 12 чэрвеня, нягледзячы на выходны, спадару Алесю патэлефанавалі з мясцовай міліцыі наконт неабходнасці ўзяць тлумачэнні па акцыі 12 мая.

 

У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей зазначыла, што сітуацыя з Алесем Каваленкам яшчэ раз пацвярджае: актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры знаходзяцца пад няспынным кантролем з боку праваахоўных органаў.