Лідэры правацэнтрыстаў — у Бабруйску (фота)
14 чэрвеня лідэры правацэнтрыстаў Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі наведалі Бабруйскі гарвыканкам, сустрэліся з прадпрымальнікамі і мясцовым актывам.

“Першае, што мы зрабілі — прыехалі ў мясцовы гарвыканкам і перадалі прапанову аб правядзенні круглага стала па праблеме стварэння новых эфектыўных рабочых месцаў, — распавёў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. — Нават чыноўнікі пагадзіліся, што гэтая тэма актуальная. Так што, будзем чакаць рэфлексіі мясцовых уладаў.

Зараз працуем на рынку, раздаём улёткі прадпрымальнікам, просяць і пакупнікі. Гаворым: “Далучайцеся да беларускай апазіцыі — час мяняць беларускую хату”. На дзіва, на такую радыкальную прапанову людзі вельмі пазітыўна рэагуюць — ніхто не вычварыўся, не зрабіў круглыя вочы, ахвотна бяруць інфармацыйныя матэрыялы.

Адразу з’явілася машына, якая ездзіць за намі. Каля гарвыканкаму сустрэлі, правялі да рынку. Так што, суправаджэнне, як заўсёды, ёсць.

Наогул уражанне добрае. Людзі перасталі баяцца браць інфармацыю, рабіць кароткую рэфлексію. Гэта яшчэ не азначае, што яны гатовыя самі на нейкія дзеянні, але каб выказаць сам-насам пазіцыю (асабліва без камеры), то робяць гэта даволі актыўна і радыкальна”.
Увечары лідэры правацэнтрыстаў сустрэліся з мясцовым актывам.
Паводле ucpb.org