Адно слова — і ў карцар. Як у Магілёўскай турме прэсуюць Андрэя Бандарэнку
Пяць сутак карцэру за адно слова атрымаў вязень Магілёўскай турмы, заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка. Інцыдэнт адбыўся ў пачатку чэрвеня, паведаміў "Радыё Свабода" бацька праваабаронцы Валер Бандарэнка.
«Сыну забаранілі размаўляць з іншымі вязьнямі, у тым ліку падчас прагулкі ў турэмным дворыку, — распавядае ён. — Калі вялі на прагулку, дык нехта з тэрыторыі следчага ізалятару запытаў у яго, з якой ён камеры. Андрэй назваў нумар. Аказалася, пытанне задаваў падследны і Андрэй не меў права на яго адказваць. Атрымаў за адно слова 5 сутак карцэру.
Хаця ён і гэтак сядзіць фактычна ў карцэры — у адзіночцы, ні з кім не кантактуе, дык яшчэ і слова не скажы ў калідоры. Я ездзіў скардзіцца да кіраўніцтва турмы, але на мае скаргі не звяртаюць увагі, хаця трымаюць сына ў самых невыносных умовах».
Валер Бандарэнка
У Магілёўскую турму праваабаронца Андрэй Бандарэнка патрапіў са Шклоўскай калоніі ў 2015 годзе як злосны парушальнік рэжыму. Тут умовы ўтрымання вязня станавіліся ўсё больш жорсткімі.
Нядаўна ў адзіночнай камеры, дзе знаходзіцца Андрэй Бандарэнка, усталявалі відэаназіранне, і цяпер кожны рух вязня кантралююць. У тым ліку яму забаронена ў дзень класціся на турэмны ложак.
У 2014 годзе Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на 3 гады за злоснае хуліганства. У судзе праваабаронца прызнаў віну часткова, заявіўшы, што большасьць ягонай справы сфабрыкаваная міліцыяй.
Партрэт Андрэя Бандарэнкі ў пакоі бацькі
Бандарэнка не выключаў, што яму помсцяць за выкрыццё здзекаў з боку міліцыі над вязнямі беларускіх калоній і ўстаноў утрымання.
Меркаванні праваабаронцаў адносна законнасці асуджэньня Андрэя Бандарэнкі падзяліліся.
У месцах выканання пакарання Андрэй Бандарэнка сустрэў самае жорсткае стаўленне, жорсткія ўмовы і правакацыі.