Быць пачутымі, нягледзячы на ўвесь жах вайны і рэпрэсій — праект #FreeAllWords для пісьменнікаў і перакладчыкаў
Перакладніцкі праект #FreeAllWords запрашае да ўдзелу беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Еўрапейская рада пісьменнікаў (European Writers' Council (EWC) распачынае праект #FreeAllWordshttps://freeallwords.org/ дзеля падтрымкі ўкраінскіх і беларускіх аўтараў, якія працягваюць займацца творчасцю ва ўмовах расійскай ваеннай агрэсіі на тэрыторыі Украіны і жорсткага падаўлення свабоды слова і самавыражэння з боку беларускай дзяржавы.
Галоўная мэта #FreeAllWords — даць удзельнікам праекта пляцоўку, з дапамогай якой яны змогуць распавядаць еўрапейскай аўдыторыі пра падзеі ў сваіх краінах, мець магчымасць быць пачутымі ў грамадствах, якія не ведаюць, што такое вайна, рэпрэсіі і дыктатура.
«Мы хочам пабудаваць мост свабоды слова, дэмакратыі і ўзаемаразумення паміж аўтарамі, культурамі, народамі і мовамі. Нашым калегам ужо не патрэбныя адкрытыя лісты, але ім патрэбныя друкаваныя радкі, хвіліны эфіру і анлайн-фарматы, каб распавесці свае гісторыі і пратрансляваць сваё асабістае бачанне таго, што адбываецца. Менавіта таму мы арганізуем гэту адчувальную дапамогу», — адзначае Ніна Георге, пісьменніца і старшыня Еўрапейскай рады пісьменнікаў (European Writers’ Council (EWC).
На сайце #FreeAllWords будуць публікавацца творы ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на шматлікія мовы Еўропы. Усяго плануецца зрабіць пераклад не меней за 100 твораў (тэксты, эсэ, інтэрв'ю, вершы), усе працы будуць размешчаны на сайце праекта https://freeallwords.org у адпаведнасці з нормамі аўтарскага права.
Таксама творы будуць друкавацца ў прэсе і размяшчацца на некамерцыйных партнёрскіх рэсурсах той краіны, на мове якой здзейснены пераклад.
Праект запрашае да ўдзелу беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, а таксама перакладчыкаў на еўрапейскія мовы!
Праект #FreeAllWords дасць магчымасць аўтарам размаўляць і быць пачутымі, нягледзячы на ўвесь жах вайны і рэпрэсій, дапаможа еўрапейскай аўдыторыі праз творчасць пісьменнікаў яшчэ больш даведацца пра Украіну і Беларусь.
Калі вы перакладчык, дашліце свае кароткае рэзюмэ на адрас з пазнакай «перакладчык/перакладчыца»: contact@freeallwords.org
Калі вы паэт ці празаік, дашліце вашыя тэксты (не болей за 7 тысяч знакаў з прабеламі) з пазнакай «аўтар/аўтарка» на адрас: contact@freeallwords.org/
У першую чаргу будуць разглядацца тэксты, якія адпавядаюць тэме праекта і на якія аўтар валодае эксклюзіўнымі правамі.
Адбіраць тэксты да ўдзелу ў праекце будзе спецыяльная камісія #FreeAllWords, якая складаецца з прадстаўнікоў пісьменніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый.
Да ведама: Еўрапейская рада пісьменнікаў (European Writers' Council (EWC) – федэрацыя, у якую ўваходзяць 46 пісьменніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый з 30 краінаў Еўрасаюза, а таксама Беларусі, Ісландыі, Нарвегіі, Турцыі і інш. Агулам Рада прадстаўляе інтарэсы каля 160 000 аўтараў, якія ствараюць тэксты на 31-й мове.
Партнёры праекта: Федэрацыя еўрапейскіх асацыяцый літаратурнага перакладу (Federation of European Literary Translation Associations (CEATL), Аб’яднанне аўтараў і перакладчыкаў Швейцарыі (Authors and Translators of Switzerland (A*dS), Саюз пісьменнікаў Нарвегіі (Forfatterforbundet).
Кантактная група праекта #Freeallwords contact@freeallwords.org
Паводле прэс-рэлізу