Ці адродзяцца палацы?
Дваццаць гадоў таму, чытаючы кнігі Міхася Ткачова пра замкі Беларусі, якія пад аховай дзяржавы імкліва занепадалі, перажываючы імгненні іх даўняй інтрыгоўнай гісторыі, той-сёй марыў уявіць сябе на месцы ўладальніка і выратавальніка старасвецкай сядзібы. Часам паўставалі прыватныя праекты, накіраваныя на аднаўленне занядбаных помнікаў, як з сапегаўскім замкам у Старым Быхаве: у распрацоўку канцэпцыі яго рэстаўрацыі бізнесмен з прозвішчам Мікалай Сапега ўклаў свае ўласныя грошы.

Дваццаць гадоў таму, чытаючы кнігі Міхася Ткачова пра замкі Беларусі, якія пад аховай дзяржавы імкліва занепадалі, перажываючы імгненні іх даўняй інтрыгоўнай гісторыі, той-сёй марыў уявіць сябе на месцы ўладальніка і выратавальніка старасвецкай сядзібы. Часам паўставалі прыватныя праекты, накіраваныя на аднаўленне занядбаных помнікаў, як з сапегаўскім замкам у Старым Быхаве: у распрацоўку канцэпцыі яго рэстаўрацыі бізнесмен з прозвішчам Мікалай Сапега ўклаў свае ўласныя грошы. Але з розных прычын, перш за ўсё з-за неразваротлівасці дзяржавы, ініцыятывы сыходзілі на нішто, бы вада ў пясок.
(На здымку: Палац у Свяцку)
Новы малады міністр культуры Павал Латушка, апраўдваючы авансы, якія давалі яму журналісты, пабачыўшы інтэлігентнасць і шчырую зацікаўленасць справай былога беларускага амбасадара ў Польшчы, зрабіў
канкрэтныя крокі ў накірунку развязання акрэсленай праблемы.
На сённяшні дзень дзейнічае дзяржаўная інвестыцыйная праграма, асноўнымі пляцоўкамі якой з’яўляюцца Мірскі і Нясвіжскі замкі. Працы вядуцца на 13 аб’ектах. Але ва ўмовах крызісу
аб’ёмы фінансавання скарачаюцца: калі на іх мэты ў 2009 годзе прадугледжвалася 111,5 мільярда рублёў, то на наступны — толькі 50 мільярдаў, што відавочна недастаткова для вялікай
колькасці унікальных будынкаў, якія знаходзяцца на мяжы знішчэння. Цалкам жа сёння ў Беларусі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў уключана 4587 адзінак, з іх больш за 1500 помнікаў
архітэктуры.
Сядзібна-палацавых ансабляў музейнага значэння ў спісе каля 190, прычым, па звестках галоўнага спецыяліста ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Юрыя Барысюка,
63 помнікі нікім не выкарыстоўваюцца, а палова з іх нават не мае дакументаў на права ўласнасці. Паўстала пытанне тэрміновага навядзення парадку ў ахоўным спісе і пошуку інвестараў.
У выніку загадчыца сектарам згаданага Упраўлення Мінкультуры Наталля Хвір паведаміла пра фармаванне спісу з 31 аб’екта, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане і будуць перададзены новым
уласнікам для рэстаўрацыі. Паралельна інвестарам, у тым ліку і замежным, даецца магчымасць набыцця помніка за сімвалічны кошт, нават за адну базавую велічыню — 35 тысяч беларускіх рублёў.
Пры ўмове, што сядзіба будзе адрамантавана або адрэстаўравана і захавае аўтэнтычнасць. Законапраект, падрыхтаваны Міністэрствам спорту і турызму, забяспечыць права інвестара на доўгатэрміновую арэнду
зямельнага ўчастка з набытым помнікам. Тэрмін можа скласці самае меншае 50 гадоў, або 99 гадоў, як у Літве.
У спіс Мінкультуры трапляюць палац Чацвярцінскіх ХІХ стагоддзя ў вёсцы Жалудок Шчучынскага раёна Брэсцкай вобласці, сядзібна-паркавы комплекс у Высокім (XVIII–XIX стагоддзяў) Камянецкага
раёна, палацава-паркавы комплекс XVIII–XIX стагоддзяў у вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна, сядзібна-паркавы ансамбль ХІХ стагоддзя ў Старабарысаве Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.
Палац у Жалудку
Поўны спіс прапанаваных для набыцця аб’ектаў у хуткім часе з’явіцца на сайце Міністэрства культуры. У перспектыве помнікі павінны выкарыстоўвацца ў праграмах агра- і экатурызму, а
механізм перадачы помнікаў інвестарам удакладняецца. Істотна, што ў заявах прадстаўнікоў Міністэрства дэкларуецца павышэнне кантролю за рэканструкцыяй архітэктурных помнікаў і забеспячэнне
грамадскасці доступу да інфармацыі ды ўдзелу ў захаванні гістарычных каштоўнасцяў — стаіць задача пазбегнуць еўрарамонту там, дзе патрабуецца кваліфікаваная рэстаўрацыя.
А пакуль за большасцю архітэктурных мемарыялаў, што патрабуюць выратавання, як за прыгаданым на пачатку замкам у Быхаве, стаіць невясёлая гісторыя спробаў вырашэння іх лёсу ў апошнія гады.
Палац у Жэмыславе Іўеўскага раёна, маёнтак Умястоўскіх, пабудаваны ў трэцяй чвэрці ХІХ стагоддзя як архітэктурная рэпліка каралеўскай рэзідэнцыі ў Лазенках у Варшаве, так і не знайшоў новага
гаспадара. Нягледзячы на ахоўныя абавязкі, аформленыя пакупніком з Міністэрствам культуры ў працэсе набыцця комплексу ў АПК «Суботнікі», сума ў 9,5 мільёна рублёў, выплачаная за
палац, падалася Камітэту дзяржкантролю недастатковай. Насуперак таму, што пакупнік фактычна набыў не толькі помнік, але абавязкі шматмільённых валютных інвестыцый у яго рэстаўрацыю, Жэмыслаўскі палац
сёння вернуты былому гаспадару, АПК, якое, аформіўшы дакументы зноў, усё ж спадзяецца знайсці для яго забяспечанага ўласніка. Выратаванне палацу для агракамбіната папросту не па сродках.
Гіне выдатны ансамбль італьянскага архітэктара Джузепе Сака, збудаваны ў 1779 годзе ў Свяцку ў 20 кіламетрах ад Гродна. Палац Валовічаў з 2005 года зняты з балансу медычнай установы, ён пачаў
руйнавацца, пазбавіўся ліўнёвай сістэмы адводу вады. Рамонт, які патрабаваў некалькі мільёнаў беларускіх рублёў, зараз, па ацэнцы гісторыкаў Андрэя Вашкевіча, Андрэя Чарнякевіча, Юрыя Гардзеева,
Ігара Лапехі і Алеся Смаленчука, выльецца ў сотні тысяч долараў — з неабходнасцю прасушкі і ўмацавання сцен. Ні спробы выставіць палац на аўкцыён, ні перадаць яго на баланс Нацбанку з
прыстасаваннем пад гасцявы замак, плёну не далі: задача яго рэстаўрацыі залішне сур’ёзная.
Магчыма, больш пашанцуе палацу ў Жалудку, колішняй вялікакняжацкай маёмасці, потым уладанню Сапегаў, Тызенгаўзаў і Чацвярцінскіх. Шыкоўны неабарочны палац узведзены пры апошніх гаспадарах мястэчка
Уладзіславам Марконі (1848–1915), выпускніком санкт-пецярбурскай Акадэміі мастацтваў, архітэктарам і рэстаўратарам, аўтарам рэпрэзентатыўнага гатэлю «Брыстоль» у цэнтры
Варшавы. Будынак налічвае толькі 102 гады і адносна добра захаваўся. Больш за тое, наяўнасць у касцёле Ушэсця ў Жалудку фамільнага склепу Тызенгаўзаў з пахаваннем знакамітага кіраўніка каралеўскіх
мануфактур пры Станіславе Аўгусце Панятоўскім, надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза — дадатковы аргумент для пераўтварэння мястэчка ў кропку на карце папулярных турыстычных маршрутаў
у будучыні. І тое, што палац сёння зрабіўся месцам здымак першай на «Беларусьфільме» стужкі жахаў «Масакра» рэжысёра Андрэя Кудзіненкі, аўтара культавай стужкі
неафіцыйнага беларускага кіно «Акупацыя. Містэрыі», — дадатковы шанс вяртання гістарычнай сядзібы да новага жыцця.
Ці адродзяцца палацы? Будзем спадзявацца, што новыя павевы ў дзейнасці Мінкультуры пераводзяць вырашэнне наспелага пытання ў рэчышча практычнай дзейнасці.