Ціхія гераіні акупацыі
Аднойчы я трапіла ў Музей нямецкага супраціву ў Берліне. Мяне ўразіла, як далікатна тут абыходзяцца з мінуўшчынай народа. Чалавек у гэтым музеі паўстае не як вінцік гісторыі, а як сапраўдная яе каштоўнасць. (На здымку: Расказаць пра дзяцінства Жанна Баркоўская (нар. 1937) вырашыла дзеля ўнучкі Варвары, якая жыве ў Берліне)
Аднойчы я трапіла ў Музей нямецкага супраціву ў Берліне. Мяне ўразіла, як далікатна тут абыходзяцца з мінуўшчынай народа. Чалавек у гэтым музеі паўстае не як вінцік гісторыі, а як сапраўдная яе каштоўнасць.
(На здымку: Расказаць пра дзяцінства Жанна Баркоўская (нар. 1937) вырашыла дзеля ўнучкі Варвары, якая жыве ў Берліне)
Яркі прыклад — шматкроць павялічаная рэпрадукцыя калектыўнага здымка 1930-х гадоў. Плошча, тысячы людзей, усе ўзнімаюць руку ў фашысцкім салюце. Цэнтр рэпрадукцыі — хлопец у
сярэдзіне масы. Ён стаіць, апусціўшы рукі, і смела глядзіць у камеру. «Мы лічым яго «ціхім героем» антыфашысцкага супраціву, — расказвае гід. — Ён не
рабіў дыверсій, не друкаваў улётак, але быў не з імі — і гэта галоўнае. Неўзабаве пасля сходу ён праз свае перакананні апынуўся ў канцлагеры».
Чым інтэнсіўней у Беларусі рэпетуюць юбілейны Парад Перамогі, тым больш мне здаецца: грозныя плямістыя танкі надта бесцырымонна адцягваюць увагу натоўпаў на плошчы ад сапраўдных герояў той цяжкай
вайны.
Прыватны музей ВАВ
Пра запаснікі Музея Вялікай Айчыннай вайны даўно ходзяць гарадскія легенды. Маўляў, «уся праўда пра вайну» — там, бо супрацоўнікі не маюць ні жадання, ні магчымасці, ні
санкцый паказаць грамадскасці ўсе сведчанні нашых Змагання і Перамогі. І таму тыя, для каго гісторыя другой сусветнай — частка лёсу, трымаюць дома свой, персанальны музей. «Прыватны
музей» Жанны Баркоўскай надзвычай бедны на экспанаты. У ім адна кніга, пару газетных выцінак і некалькі старых фотакартак.
Жанна Канстанцінаўна — настаўніца рускай мовы і літаратуры на пенсіі. Па тым, як яна перабірае пажоўклыя паперкі, заўважна: да першага інтэрв’ю яна рыхтавалася не менш, чым да
першага ўрока. Найперш маральна. Яна — карэнная жыхарка Мінску, дачка і пляменніца сёстраў, закатаваных у 1943 годзе за ўдзел у Мінскім антыфашысцкім падполлі. Але да сённяшняй нашай
сустрэчы гэты факт заставаўся яе асабістай справай.
«Мама працавала на вакзале ў афіцэрскай сталоўцы, а цётка хадзіла туды з вёдрамі па памыі. І заўжды брала мяне з сабой. Вяртаючыся ў прыцемках дадому, на Магілёўскую, мы мусілі перайсці
рэйкі, што вялі на таварную станцыю. Аднойчы цётка спатыкнулася аб рэйкі і ўраніла вёдры. З вёдзер высыпалася зброя». Так Жанна даведалася, чым, уласна, займаюцца маці і цётка.
Шафа пасярод вуліцы
Самы першы дзіцячы вобраз пачатку вайны для чатырохгадовай Жанны — шафа пасярод вуліцы, і ўсё ўцякаюць. Сям’я, у якой у чэрвені 1941-га засталіся адны жанчыны, не паспела
эвакуявацца і самастойна пакінуць Мінск.
Усяго на вуліцы Магілёўскай засталіся жыць пад акупацыяй тры сястры: Ганна, Фядора і Алена. Фядора Дорашава — цётка Дора — была ўдавой рэвалюцыянера, перакананай камуністкай, і
малодшая сястра Алена ва ўсім брала з яе прыклад. Калі ў 1937 годзе ў сям’і Алены і Канстанціна Адырэй, кадравага афіцэра, нарадзілася дзяўчынка, назваць яе хацелі ў гонар Розы Люксембург ці
Клары Цэткін. Але ў выніку абралі імя ў гонар трэцяй жанчыны з тагачаснага камуністычнага пантэону — Жанны Д’Арк. Старэйшая сястра Ганна была раскулачанай, і таму сёстры не
пасвячалі яе ў свае справы.
Падпольшчыцу Фядору Дорашаву (1902 - 1943) паплечнікі называлі “цётка Дора
Афіцыйна Дора і Ганна займаліся хатняй гаспадаркай, а Алена працавала афіцыянткай у афіцэрскай сталоўцы на Мінскім вакзале. На справе дом па адрасе Магілёўская, 44 быў явачнай кватэрай падпольнай
групы Мікалая Кабца і пунктам для перапраўкі зброі ў партызанскі атрад. У іх доме арандаваў кватэру чыгуначнік Вікенцій Шацько з жонкай, кіраўнік падрыўной групы. Ён і яго паплечнікі падкладалі пад
вагоны міны і здавалі ў эксплуатацыю няспраўныя цягнікі.
Да вайны падпольшчыца Алена Адырэй (1903 - 1943) працавала тэлефаністкай
Зброю здабывалі так. Шацько знаходзіў знявечаныя вінтоўкі ды аўтаматы на нямецкай звалцы, перадаваў з сёстрамі дадому і рамантаваў. Цалюткую зброю здабывала Алена. Дзяжурачы па вечарах, яна чакала,
пакуль афіцэры нап’юцца ў зюзю, а потым прыбірала іх зброю разам з пустымі пляшкамі. Што цікава, ніхто нічога не падазраваў і начальству не скардзіўся…
«На яе баявым рахунку нямала забітых гітлераўцаў», — напісана пра Алену Адырэй у адной з нешматлікіх крыніц. Як так, пытаюся? Жанна Баркоўская тлумачыць: ёсць звесткі, што,
гатуючы ежу для нямецкай палявой кухні, маці падсыпала ў катлы атруту. Але афіцыйна гаварыць пра гэта было не варта: ужыванне атрутных рэчываў падчас другой сусветнай было забаронена Жэнеўскім
пратаколам. Пра гэта пасля вайны Жанну папярэдзіла знаёмая журналістка. Але гэтая забарона — не адзінае правіла вядзення вайны, пра якое нават не здагадваліся падпольшчыцы. «Яны
зусім страцілі пільнасць», — уздыхае Жанна.
Выдатнае прыкрыццё
Зброю маленькая Жанна знаходзіла паўсюль — гуляючыся ў прызбе, пад ганкам, у доме. На вокны цётка Дора вешала падвойныя гардзіны — для зацямнення: паліць святло пасля каменданцкай
гадзіны на акупаваных тэрыторыях было забаронена. Пасярод хаты, на этажэрцы стаяў радыёпрыёмнік (знайшоўшы такі, немцы расстрэльвалі адразу) і каштарская кніга — у ёй Дорашава вяла ўлік
падпольных аперацый.
Прачынаючыся, маленькая Жанна магла не прыспець побач нікога са сваякоў, затое бачыла, што ў хаце поўна незнаёмых людзей. Па вечарах госці часта слухалі радыё. Па яе дзіцячых адчуваннях, у падполлі
быў цэлы Мінск. Дора і Алена пастаянна хадзілі ў госці. Але ўсё — па справе: вінтоўкі, улёткі, абмен інфармацыяй. І вучылі дзяўчынку нікому не расказваць пра гэтыя візіты. «Я помню,
яны часта сварыліся, хто возьме мяне з сабою, — згадвае Жанна. — Цяпер я разумею: маленькае дзіця было выдатным прыкрыццём».
Падпольныя групы СД выкрывала і знішчала пастаянна. Пад пагрозай былі і чыгуначнікі. Сям’я Жанны павінна была сысці ў партызаны, але жанчыны марудзілі…
Няпафасная праўда
«Трагічным для сясцёр стаў адзін са жнівеньскіх дзён 1943 года. Выконваючы заданне, Алена Адырэй заўважыла, што за ёй сочаць гестапаўцы. Яна паспела дабегчы да дома, схапіла пісталет. Але не
хапіла мінуты, каб выкарыстаць зброю. Літаральна на парозе свайго дома гераіня была застрэленая фашыстамі. (…) У дзень гібелі Алены Адырэй была арыштаваная і Дора Дорашава. Яе выдаў
здраднік у момант, калі яна распаўсюджвала антыфашысцкія лістоўкі», — пісала газета «Звязда» часоў застою. Адзіная публікацыя, датычная сёстраў Цяцерскіх,
падпісаная імёнамі ўдзельніцы Мінскага падполля і навуковай супрацоўніцы Музея ВАВ, поўная чыстай вады галівудчыны і геройскага пафасу.
«Усё было не так, усё было страшней», — гаворыць Жанна. Падпольшчыкі ўвогуле не ўсведамлялі, што робяць нешта выключнае, згадвае яна. Вінтоўкі рамантавалі з той самай
руплівасцю, з якой палолі буракі. Чыста чалавечае жаданне здавацца большымі героямі, чым насамрэч, — адметнасць тых, хто выжыў.
«Мы сядзелі ў заднім пакоі, і мама чытала брашуру, даклад Сталіна: неўзабаве падпольшчыкі мусілі прыняць яе ў партыю. Раптам з пярэдняга пакою мы пачулі, як цётка размаўляе з кімсьці на
падвышаных тонах. Мама вырашыла, што гэта проста суседская сварка, і не звярнула ўвагі. Раптам у пакой уварваўся незнаёмы мужчына. Маці схавала брашуру пад падушку, а той заўважыў. Выхапіў, зірнуў на
вокладку — і стаў біць маці і цётку брашурай па твары. Выявілася, гэта быў супрацоўнік паліцыі. Ён зайшоў у хату, магчыма, са звычайнай праверкай — і адразу ўгледзеў
радыёпрыёмнік».
У хату прыйшла суседка па траву для свіней. Ні слова не кажучы, надзела на дзяўчынку (у жніўні) зімовае паліто і шапку і павяла з сабою. Паліцыя ўжо вымала з прызбы зброю. Было зразумела, што гэта
арышт.
Суседзі схавалі Жанну ў падвал, дзе яна цэлы вечар чула крыкі з роднага дому. Паліцаі замардавалі Алену Адырэй і выставілі цела на падворак у скрыні. Дору адвезлі ў турму СД, дзе яна пазней загінула
падчас катаванняў.
Па падвалах у розных суседзяў шасцігадовую дзяўчынку хавалі каля двух тыдняў, пакуль ёй цікавілася СД. Каб тая не плакала, прыносілі пагуляцца жывых трусікаў — шэрых, з чырвонымі вачыма.
«З тых часоў трусоў я ненавіджу», — кажа Жанна.
Калі ўсё сціхла, суседка Алена Лычкоўская адвяла яе ў Чыгуначную царкву на Маскоўскай вуліцы (пасля вайны храм зруйнавалі) і ахрысціла. Тут да самага вызвалення дзяўчынка знаходзілася цэлымі днямі,
як у садочку: у храмах фашысты не забівалі і не арыштоўвалі.
«Маршал Жукаў узяў Берлін»
У 1945-м дзяўчынку забраў бацька, які з 1941 году знаходзіўся ў канцлагеры. Праз два гады ён памёр ад сухотаў, але каб і выжыў — лёс яго быў незайздросны: праз пару дзён па смерці яго як
былога ваеннапалоннага прыйшоў арыштоўваць НКУС. Гадавала Жанну цётка Ганна, якой у той страшны дзень, на шчасце, не было ў горадзе.
У 1944-м дзяўчынка пайшла ў школу і ў маі 1945-га ўжо ўмела пісаць. «Мяне выклікалі да дошкі, бо маю прыгожы почырк, і папрасілі напісаць: Маршал Жукаў узяў Берлін. Я пісала, адчуваючы з
гонарам: у гэтым — заслуга і маіх родных», — успамінае Жанна.
Але гісторыкі памеркавалі іначай. Дзякуючы сям’і падпольшчыкаў Шацько, здымкі сясцёр з вуліцы Магілёўскай пэўны час віселі ў экспазіцыі Музея ВАВ, але хутка адтуль зніклі. Калі сын
Дорашавай, франтавы лётчык, і Жанна пайшлі даведацца, у чым прычына, у ЦК КПБ у іх з парога са здзекам спыталіся: «Што, льгот захацелася?» Пасля чаго дзеці падпольшчыц развярнуліся
і сышлі: хацелася не льгот.
Міністэрства ветэранаў
Пасля Вялікай Айчыннай яе ўдзельнікаў стала вельмі шмат. Большасць людзей гэта жангляванне даведкамі раздражняла: усіх «сыноў палка» і «дзяцей падполля» лічылі
круцялямі ды халяўшчыкамі. А тут яшчэ нехта з суседзяў сказаў: «Сядзелі б твае ціха, як мы, — былі б цяпер жывыя». Таму Жанна нідзе не заяўляла пра сваю сям’ю. На
пытанне, чаму ж цяпер Жанна Канстанцінаўна вырашыла гаварыць пра мінулае, яна адказвае: «Дзеля ўнучкі».
Праз тое, што ўсе сваякі загінулі, Жанна не ведае сваіх каранёў. І таму хоча, каб дачка Алена, якую назвалі ў гонар бабулі, і ўнучка Варвара ведалі гісторыю сям’і. І ганарыліся.
Дачка з унучкай жывуць у Берліне, за пару кварталаў ад Рэйхстагу. Прыязджаючы ў госці, Жанна спакойна ставіцца да немцаў, спакойна чуе іх мову: «Войны завязваюць асобы, а не
народы». Вось толькі ў Рэйхстаг яна адмаўляецца заходзіць, бо для яе гэта сімвал нацызму. І яшчэ — гэта ўжо ў Мінску — раней яе калаціла падчас салютаў, бо па гуку яны
нагадваюць бамбёжку. І фільмы пра вайну глядзець не магла. Прайшло гэта, толькі калі яна пераехала з вуліцы Магілёўскай.
У Францыі ёсць Міністэрства ветэранаў, гаворыць Жанна. У Беларусі любяць пышныя, у стылі Трэцяга рэйху, парады і гучныя словы, за якімі не заўважна галоўнага — асобы. Заходні тэрмін
«ціхі герой» набывае ў кантэксце айчыннай гісторыі іншае значэнне. Ціхія героі — тыя, пра чые без усялякіх нацяжак выключныя подзвігі не крычаць у гукаўзмацняльнікі.