Ці мелі беларусы дахрысціянскі пантэон?
Выкладчык гістарычнага факультэта БДУ Зміцер Скварчэўскі 24 верасня ў мінскай галерэі «Універсітэт культуры» прэзентаваў сваю кнігу «Па слядах багоў». Гэта не спроба рэканструяваць беларускі дахрысціянскі пантэон, а пошук адказаў на пытанні, ці быў гэты пантэон увогуле, і які?
Шляхам параўнання вобразаў беларускага фальклору ХІХ — ХХІ стагоддзяў з міфалогіямі іншых народаў даследчык прыходзіць да высновы, што беларуская міфалогія нічым не горшая за астатнія індаеўрапейскія, проста па ёй захавалася менш крыніц.
Зміцер Скварчэўскі пачаў прэзентацыю так жа, як звычайна пачынаюцца навуковыя публікацыі: з гістарыяграфіі праблемы. Большасць спроб рэканструяваць беларускую дахрысціянскую вышэйшую міфалогію абапіраецца на пералік ідалаў, якіх у 980 годзе паставіў князь Уладзімір на гары ў Кіеве. Адпаведна летапісу «Аповесць мінулых гадоў», гэта Пярун, Хорс, Дажбог, Стрыбог, Сямаргл, Мокаш.
Вядома таксама, што на кіеўскім падоле быў стод Вялеса. Аднак, няма крыніц, якія б сведчылі пра існаванне цэльнага «пантэона Уладзіміра» на беларускіх землях. Зміцер Скварчэўскі даводзіць, што Пярун і Вялес у нас і праўда шанаваліся (але гэтыя вобразы ў беларускай міфалогіі маюць хутчэй балцкія, чым славянскія, карані), а вось беларускі культ Дажбога і Мокашы — літаратурная прыдумка.
Вялікую праблему гісторык бачыць у ігнараванні Галіцка-Валынскага летапіса, дзе апісваецца так званы «пантэон Міндоўга». Польскі даследчык Генрык Лаўмянскі ўвогуле сцвярджаў, што у славянскіх традыцыях не было пантэону як такога. На думку Змітра Скварчэўскага, гэта іншая крайнасць. У сваёй кнізе ён спрабуе адказаць на пытанне, а што ж было? Гісторык прапануе казаць не пра «язычніцтва», а «язычніцтвы», сістэмы культаў, што існавалі ў розны час на розных тэрыторыях. «Мы ўспрымаем грэцкую і скандынаўскую міфалогіі як маналітныя, але гэта не так. У кожным полісе быў свой культ, былі асаблівасці ў розных частках Скандынавіі. У розных мясцінах ўшаноўвалі розныя аспекты аднаго бога. Напрыклад, Тора маглі славіць як боства ўрадлівасці, хаця шырэй ён вядомы як бог ваяроў. Любая традыцыйная культура лакальная» — кажа даследчык.
Ён крытычна разглядае вядомыя крыніцы (і летапісныя, і фальклорныя), шляхам параўнання з міфалогіямі іншых народаў вылучае міфалагічныя вобразы беларускага фальклору. Здзіўляе і натхняе, што гэтыя вобразы дасюль жывыя, іх пераемнасць можна прасачыць ад Бронзавага веку. Нашы познія, запісаныя ў ХІХ і нават пачатку ХХІ стагоддзя, фальклорныя тэксты адпавядаюць Рыгведзе і скандынаўскім сагам. Часам гэта папросту аднолькавыя сказы, але напісаныя іншай мовай. Так жа «перакладаюцца» імёны бостваў.
Зміцер Скварчэўскі выдзяляе ў беларусаў наступныя вобразы, якія адпавядаюць старажытным індаеўрапейскім багам: Бацька Неба, Маці Зямля, Грымотнік (паступова вобраз зліваўся з Бацькам Неба), нябесная сям'я (Месяц, Сонца, зорка Венера ці Зара, Зарніца, Вечарніца), Доля (Сулука — адзін з эпітэтаў долі ў беларускіх вясельных песнях), Блізняты (Спарыш, Рай, Аўсень). Напрыклад, імя Мойра этымалагічна ўзыходзіць да слова, якое значыць «доля». Імя скандынаўскай багіні Урд азначае «лёс, доля», а балцкай Лаймы — «шчасце, лёс, доля».
Зміцер Скварчэўскі ў сваіх даследаваннях абапіраўся ў першую чаргу на каляндарна-абрадавую і сямейна-абрадавую паэзію беларусаў, замовы. У меншай ступені — на загадкі, выслоўі, казкі, легенды і паданні. Ён прыходзіць да высновы, што беларуская міфалогія нічым не горшая за астатнія індаеўрапейскія, проста па ёй захавалася менш крыніц. Рэканструкцыя дахрысціянскай рэлігійнай сістэмы беларусаў складаная, але магчымая. Старажытныя міфалагічныя вобразы маюць не толькі эстэтычную, але і сакральную значнасць для сучасных людзей: з усіх рэлігій у сённяшняй Еўропе расце колькасць прыхільнікаў толькі іслама і паганства.
Кніга «Па слядах багоў» аздоблена графічнымі ілюстрацыямі Ганны Шчукі. Дзяўчына распавядае пра сваю працу і стаўленне да тэмы: «Зміцер даволі дакладна ведаў, што хацеў атрымаць у выніку, і маёй задачай была візуалізацыя ідэй у чорна-белай графіцы. Мне самой тэма кнігі блізкая і цікавая, таму паразумецца нам было лёгка. Разам абмяркоўвалі эскізы, удакладнялі, нешта дадавалі ці прыбіралі. Я радая, што выпала магчымасць спрычыніцца да стварэння менавіта гэтай кнігі.
Багі для мяне — гэта нешта вельмі безасабовае, што мае праявы ў элементах і з’явах прыроды. Што тычыцца маіх стасункаў з імі, гэта, да прыкладу, звычка дзякаваць возеру ці рацэ, што «дазволілі» ў іх пакупацца. Дарыць падарункі дубу, «карміць» агонь. Прасіць гай ці лес прытуліць падчас дажджу. Родная зямля — гэта для мяне невычэрпная крыныца сілаў і натхнення. Калі ў небе грукоча навальніцца, а пасля з’яўляецца вясёлка, да мяне прыходзіць захапленне і радасць, адчуванне, што там, на небе, «разбяруцца». А, значыць, усё будзе так, як трэба».
На прэзентацыі выступіў гурт «Млын Сонца». Імпрэзу наведалі шматлікія студэнты і даследчыкі, а таксама сям’я і сябры Змітра Скварчэўскага.
Фота Алены Ляшкевіч