Ці гатовыя вы заплаціць за квіток у Купалаўскі тэатр 600 тысяч рублёў?
Менавіта такім павінен быць яго кошт, сцвярджае міністр культуры, каб тэатр выйшаў на самаакупнасць.
Прэзідэнт паставіў перад тэатрам задачу не толькі ствараць прыгожае, добрае, вечнае, зацікаўліваць гледача новымі спектаклямі і захоўваць традыцыі беларускага мастацтва, але і з наступнага года павялічыць уласныя прыбыткі.
Бюджэтнае фінансаванне Купалаўскага тэатра ў мінулым годзе склала 79%, такую лічбу агучыў міністр культуры Барыс Святлоў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА. Гэтыя грошы выдаткоўваюцца на стварэнне новых і абнаўленне дзеючых тэатральных пастановак і правядзенне гастроляў.
«Каб выйсці на самаакупнасць пры існуючай колькасці месцаў у зале, тэатр павінен прадаваць квіткі па 600 тысяч (у цяперашні час квіток у тэатр каштуе ад 40 тысяч да 150 тысяч). Але пры такім павышэнні коштаў гледачы проста перастануць яго наведваць», — мяркуе міністр культуры.
З 2014 года Купалаўскі тэатр будзе рабіць захады, каб павялічыць уласныя прыбыткі — і да 2016-га знізіць залежнасць ад дзяржбюджэту да 65%, распавёў Святлоў.
Пры гэтым міністр прызнаў, што ва ўсім свеце вядучыя рэпертуарныя тэатры часткова фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту:
«У Нямеччыне, напрыклад, дзяржаўнае фінансаванне тэатраў складае ад 33% да 80%. Вядучы тэатральны калектыў Францыі — драматычны тэатр «Камедзі Франсэз» — субсідзіруецца дзяржавай на 80%. Ва Украіне стацыянарным рэпертуарным тэатрам выдзяляецца 70-80% бюджэтных сродкаў ад агульных выдаткаў. У Малдове тэатры нацыянальнага значэння атрымліваюць ад дзяржавы датацыі ў памеры 80%».
Купалаўскі тэатр, як і іншыя ўстановы культуры, з 2011 года карыстаецца ільготамі па ПДВ, падатку на прыбытак, зямельным падатку, падатку на нерухомасць. Аднак гэтыя льготы складаюць вельмі нязначную суму (напрыклад, у 2011 годзе — усяго 708, 6 млн) і не змогуць кампенсаваць страту бюджэтнага фінансавання, рэзюмаваў Святлоў.