Часам рукапісы не гараць — іх паглынае землятрус

Сёлета спаўняецца 190 год, як маладой памёрла першая пісьменьніца новагрэцкай літаратуры Элізабэт Мутзан-Мартынэгу (1801-1832). Ейная схільнасьць да літаратуры кансэрватыўныя грамадзтва і сям’я ўспрымалі як капрыз, чакалі, што сямейнае жыцьцё і мацярынства выправяць дзівосную жанчыну, якая нарадзілася і памерла на грэцкай высьпе Закінтас.

____________________________.jpg


А пісьменьніца ў творах параўноўвала сям’ю з турмой і не сьпяшалася выпраўляцца. Увесь час імкнулася да ведаў. Сама вывучыла італійскую мову, чым зьдзівіла бацькоў, якія пасьля таго запрасілі ёй настаўнікаў —прагрэсісцкіх праваслаўных сьвятароў. Пісьменьніца ня мела цягі да манастырскага жыцьця, але ж падумвала аб ім дзеля таго, каб толькі ня йсьці замуж і мець магчымасьць чытаць і пісаць. Такім парадкам, манастыр успрымала як уцёкі ад сямейнага абавязку, хоць і разумела, што і там жанчынам не рэалізаваць сваіх сапраўдных жаданьняў. Тым ня менш, бацькі не дазволілі ёй пайсьці ў манастыр і выбралі ёй старэйшага на дваццаць год мужа. Маладой — у 31 год — яна памерла пасьля ўскладненьняў ад родаў, так і не раскрыўшы цалкам усяго свайго таленту. Аднак яна пакінула шматлікія рукапісы. Толькі ў 1881 годзе ейны сын выдаў з пэўнымі карэктамі і цэнзураваньнем вядомую «Аўтабіяграфію» пісьменьніцы і перакладніцы.
Да ўсяго яна пісала вершы, п’есы і артыкулы па эканоміцы. Пісала па-грэцку, а таксама па-італійску. Ведала францускую і старажытнагрэцкую, зь якой асучасьніла творы антычнай літаратуры. Належыла да шляхетнага старога закінцкага роду. Праўда, сяньня на Закінтасе памяць пра першую грэцкую празаіцу паблякла: ніхто ня ведае, дзе яна пахаваная, вуліцы, пляцы названыя імёнамі мужчынаў, у местах Закінтаса ды Грэцыі наагул помнікі стаяць пераважна мужчынам.
У музэях і на могілках Закінтасу пытаньне пра месца пахаваньня пісьменьніцы ўсіх зьдзівіла. Многія наагул слаба ўяўлялі хто гэта. Прыгэтым у самім Музэі Саламоса і выбітных асобаў Закінтасу пахаваныя выбітныя мужчыны-сучасьнікі Элізабэт — Дыянісіяс Саламос, Андрэас Калвас. Гісторыя забыцьця імя Элізабэт Мутзан-Мартынэгу цалкам упісваецца ў глябальную гісторыю ігнараваньня і недаацэньваньня жанчынаў у розных сфэрах.
Варта прыгадаць і пра трагічны лёс спадчыны пісьменьніцы. Калі сяньня вядомая хіба ейная «Аўтабіяграфія» і некаторыя вершы, то гэта таму, што ў свой час грамадзтва не цаніла жанчынаў і паспрыяла зьнішчэньню іх сьлядоў. Багатую і разнастайную спадчыну пісьменьніцы чакаў сумны лёс, які ставіць пад сумнеў вядомае цьверджаньне «рукапісы не гараць». Лёс сумны і павучальны, а таксама важны з гендарнай пазыцыі: недаацэньваньне, ігнараваньне жанчынаў абарочваецца стратай, у тым ліку культурнай, для ўсяго грамадзтва.
Спачатку архіў пісьменьніцы захоўваўся ў сына, які выдаў толькі каліўку з усёй ейнай спадчыны. Рукапісы перажылі рэвалюцыі, войны, зьмены рэжымаў, якія працягвалі ігнараваць жанчынаў. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў 1947 годзе закінцкі дасьледнік Дыкас Каномас знайшоў архіў з творамі пісьменьніцы (лісты, пераклады і 30 п’есаў), якія ніколі не публікаваліся і «паабяцаў богу і памяці Элізабэт» выдаць іх. Але ў 1953 годзе землятрус на высьпе Закінтас зьнішчыў ня толькі рукапісы, але многія месты і вёскі выспы, выклікаўшы шматлікія ахвяры. Рукапісы, такім парадкам, калі не гараць, то іх паглынаюць землятрусы.

unnamed__5__15.jpg


Але і таго, што засталося, хапіла, каб ацаніць здольнасьці і важнасьць пасланьня пісьменьніцы, якая пакінула незабыўны і цікавы голас, што 200 год таму спрабаваў данесьці сьвету пасланьне аб няроўнасьці палоў, актуальнае дасюль. Перадусім сам жанар аўтабіяграфіі ўражвае сьмеласьцю інтымнасьці.
Да ўсяго яна цудоўна закансэрвавала і перадала тагачасны стан думаньня грамадзтва. На тле змаганьня за незалежнасьць Грэцыі і супраць нацыянальнага прыгнёту ў чарговы раз забылі пра іншы прыгнёт — жанчынаў. Пісьменьніца яскрава пазначае ў творы сваю рэакцыю на навіну пра тое, што грэкі ўзялі зброю супраць асманаў: «У мяне закіпела жаданьне ўзяць зброю (…). Я жадала гэтага ўсім сэрцам, але я глядзела на сьцены дому, які трымаў мяне зачыненай, я глядзела на доўгую сукенку жаночага нявольніцтва, і я ўспомніла, што я — жанчына, акрамя таго з Закінтасу, і я цяжка ўздыхнула…»
Сучасныя грэцкія літаратуразнаўцы, а таксама фэмінісцкія дасьледнікі і дасьледніцы ўсё ж вярнулі імя пісьменьніцы зь нябыту. Зьдзіўленае грэцкае чытацтва адкрывае кур’ёзны і сьмелы твор, напісаны 200 год таму жанчынай, голас якой усё ж прабіўся праз пласты і завалы, выкліканыя як патрыярхальнай культурай, так і спрыяльным ёй землятрусам. Няма сумневу, месца Элізабэт Мутзан ня толькі ў архівах і памяці адзінак, а ў публічнай прасторы, у назвах пляцаў, у школьных падручніках і зацікаўленасьці сучасных, у тым ліку беларускіх, перакладнікаў данесьці на іншых мовах унівэрсальнае і дасюль актуальнае пасланьне маладой і адважнай грэчанкі 19 стагодзьдзя.