Добрая навіна для «Таўкачыкаў»

«Таўкачыкі» — традыцыйны беларускі фолк-фестываль, які абавязаны сваім узнікненнем і канцэртнаму жыццю аднаму чалавеку — музыканту і прадзюсару Юрыю Выдронку.



f04cd7399b2b0128970efb6d20b5c551.jpg

«Таўкачыкі» — традыцыйны беларускі фолк-фестываль, які абавязаны сваім узнікненнем і канцэртнаму жыццю аднаму чалавеку — музыканту і прадзюсару Юрыю Выдронку.
Фэст меў статус незалежнага і ўсю сваю гісторыю існаваў з фінансавай і арганізацыйнай дапамогі асоб і арганізацый, якія былі зацікаўленыя ў развіцці нацыянальнай культуры, у прапагандзе песеннай спадчыны нашага народа. «Таўкачыкі» займелі станоўчы водгук у прэсе, у асяродках прафесіяналаў і знаўцаў нацыянальнага фальклору як феномену сучаснага музычнага мастацтва. Не заўважаць яго ўплыў на сучасны фальклор у розных яго вымярэннях стала немагчыма. Вынікам папулярнасці гэтай музычнай падзеі стала тое, што цяпер фолк-фэст «Таўкачыкі ад Юрыя Выдронка. Зімовыя святкі» быў упершыню падтрыманы Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
Канешне, гэтая акалічнасць стала для Юрыя Выдронка, для яго аднадумцаў вельмі добрым падмуркам для рэалізацыі новых фестывальных ідэй. Бо патранат Міністэрства культуры абяцаў новыя магчымасці ў рэалізацыі даўніх задум Юрася адносна захавання нацыянальных песенных скарбаў, а таксама распрацоўкі новых форм існавання і фіксацыі нацыянальнага фальклору ў сучасных умовах. Але падтрымка дзяржавы незалежнага фэсту магла азначаць і ціск на яго арганізатараў як па зместу фестывальных канцэртаў, так і па складу ўдзельнікаў. Таму многія шматгадовыя наведвальнікі «Таўкачыкаў» з трывогай ішлі ў канцэртную залу Беларускай дзяржаўнай філармоніі з думкамі: ці не ператварыліся «Таўкачыкі», незалежны фолк-фэст, у «мерапрыемства» кшталту «Славянскага базару» ці «Дажынак»?
Але першыя ж акорды фэсту адкінулі нашы трывогі. Фармат фестывалю як вольнай канцэртнай пляцоўкі для прэзентацыі розных форм існавання беларускага фальклору не быў зменены. Традыцыйна для «Таўкачыкаў» фестываль распачаўся фолк-рокам з фірменным гучаннем этна-рок-шоў «UR’IA», што спалучалася з традыцыйнымі спевамі. Напоўніць залу Белдзяжфілармоніі незвычайнымі мелодыямі і гармоніямі, у якіх загучала традыцыйная песня «Шчодры вечар», дапамаглі Выдронку і яго гурту ўдзельніцы фальклорна-этнаграфічнага гурта з вёскі Ольніца Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Далей эксперыменты працягнуліся яшчэ з большым драйвам, што адразу адбілася на настроі слухачоў. Яны з цікавасцю назіралі за цудоўнымі строямі, у якія былі апранутыя артысткі гурта «UR’IA». Як высветлілася пазней, гэтыя касцюмы паводле здымкаў з фотаальбома Міхася Раманюка ўзораў давыд-гарадоцка-тураўскага строю XVIII–XIX стагоддзяў аднавіла ўдзельніца гурта і дызайнер Вольга Рыжкова. І яшчэ адна неспадзяванка гэтага фестывалю: гурт «UR’IA» прадставіў свой абноўлены склад, які гэтым разам атрымаў сапраўднае музычнае «хрышчэнне». Яго цяперашнія ўдзельнікі ўпэўнена і якасна адыгралі рэпертуар, што быў створаны пад сталых прафесійных выканаўцаў, што цяпер па розных прычынах саступілі месца ў «UR’IA» больш маладым.
Ідэя інда-еўрапейскай часткі выступлення «UR’IA» палягала ў тым, каб пад мелодыю гурта, якая дала назву аднаму з альбомаў — «Калі-чакра», — яшчэ раз прадэманстраваць слухачам непарыўную гістарычную сувязь індыйскай і беларускай культур. Пад незвычайна для еўрапейскага слухача гарманізаваную і рытмізаваную канву «Калі-чакры» сваё харэаграфічнае майстэрства прадэманстравалі ўдзельніцы гурта «Індывара» — адданыя прыхільніцы індыйскай культуры. Дарэчы, у адрозненне ад мінулага года, калі «Індывара» прадстаўляла ўзоры індыйскіх танцаў «сола», у гэтым годзе імі была створана сумесная з вакалісткамі «UR’IA» харэаграфічная кампазіцыя стылю Бхаратанацьям. Яркае па каляровай гаме, дынамічнае музычнае шоў з вялікім захапленнем было сустрэта слухачамі апладысментамі.


Многія прыхільнікі і наведвальнікі «Таўкачыкаў» ведаюць іх унікальную асаблівасць — у праграме фэсту абавязкова будзе прадстаўлены ўзоры аўтэнтычнай народнай творчасці, з якімі нельга пазнаёміцца ні на іншых фестывалях, ні з праграм радыё, ні на тэлебачанні. Распачаць фестывальныя зімовыя святкі было даручана мінулагоднім удзельнікам «Таўкачыкаў на Дзяды» — фальклорнаму ансамблю сярэдняй школы №3 горада Мінска пад кіраўніцтвам С. Яфімавай. І хоць «школьныя» калядкі былі ўзноўлены паводле этнаграфічных крыніц, дзіцячая непасрэднасць і яскравасць не маглі не расчуліць сэрцы слухачоў, якія шчырымі апладысментамі аддалі належнае маленькім калядоўшчыкам. Адзін за аднымі на сцэну выходзілі этнаграфічныя гурты з вёсак Закальное, Обчын Любанскага раёна Мінскай вобласці, Дуброва Глускага раёна Магілёўскай вобласці.
Стала відавочна, што гэтым разам арганізатарамі фэсту была зроблена не толькі своеасаблівая панарама народнай творчасці, а сапраўднае спеўнае спаборніцтва, ці, паводле сучаснай тэрміналогіі, батл этнаграфічных гуртоў! Бо кожны з іх адстойваў выканаўчы гонар свайго рэгіёну, імкнуўся давесці прыдзірлівай сталічнай публіцы сваю адметнасць і непаўторнасць. Таму калядныя спевы суправаджаліся старажытнымі абрадамі з нязменнымі героямі народнага эпасу — Звездаром, Казой, Мядзведзем, вясёлымі калядоўшчыкамі з пачастункамі, гульнямі, спевамі і тэатралізаванымі сцэнкамі. Светлыя твары простых жанчын, што з такім захапленнем спявалі для мінчан песні сваіх матуль і бабуль, яшчэ раз нагадвалі пра нашу адказнасць за захаванне агульнай нацыянальнай спадчыны.


Сапраўдны фурор на гэтым фестывалі здзейсніў фальклорны гурт «Мотальскія суседзі» пад кіраўніцтвам Эльміры Каткавец. Сапраўды, шчырыя і вынаходлівыя мотальцы пацвердзілі высновы, якія ў сваім рамане «Пакутны век» зрабіў Васіль Якавенка. Пісьменнік адзначыў: жыхары Моталя, якія «лічылі сябе грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага... у зносінах з шырокім светам вызначаліся добрым норавам і кемлівасцю...» Цікава, што ў складзе «Мотальскіх суседзяў» шмат моладзі, яна, відавочна, шануе сваю спадчыну, якая мае сваю палескую адметнасць як у мове, так і ў мясцовай трактоўцы агульнабеларускіх фальклорных каранёў.
Міжнародны статус фестывалю заўсёды надавалі госці, якія ў розныя гады правядзення фестывалю завітвалі да нас з Польшчы, Украіны, Літвы. Гэтым разам еўрапейскі кантэкст канцэрта ўзмацніла сваімі меладычнымі спевамі чароўная госця «Таўкачыкаў» са Швецыі — спявачка Сафія Юліўсдотэр (Sofia Jliusdotter), якая пазнаёміла слухачоў з фальклорнымі напевамі гэтай суровай, але прыгожай паўночнай краіны, а таксама выканала некалькі найгрышай на шведскай флейце. Яе надзвычай высокі голас і вытанчаныя лірычныя мелодыі выклікалі сапраўдныя авацыі беларускіх слухачоў.


Па традыцыі, сцэна фестывалю была аддадзена сталым і маладым фолк-мадэрн-гуртам, якія прадставілі разныя адгалінаванні гэтага папулярнага ў Беларусі музычнага накірунку. Сваю праграму слухачам прадэманстравалі ўдзельнікі гурта «ALTANKA». Трэба заўважыць больш дасканалае вакальнае ўвасабленне кампазіцый, а таксама беларускую мову, якую пачаў выкарыстоўваць фронтмэн «ALTANKA» Дзмітрый Лук’янчык падчас вядзення канцэрта. Акрамя гэтага, наведвальнікі фестывалю зноў апладысментамі адзначылі віртуознае выканаўчае майстэрства музыкантаў гурта.
Цэльнае ўражанне пакінуў пасля свайго выступлення і гурт «ВЕТАХ». Адразу было бачна, што музыканты зацікаўленыя ў тым, каб пра «ВЕТАХ» казалі як пра стыльную фолк-каманду, як у сцэнічных касцюмах, так і па рэпертуару. Застаецца пажадаць цікавым выканаўцам больш актыўна ўдзельнічаць у фэстах і канцэртах дударскай тэматыкі (у складзе гурта два дудары), а таксама адмаўляцца ад рэпертуарных штампаў, шукаць сваю непаўторную тэматыку на сучаснай фальклорнай сцэне.


Як заўжды, фестываль «Таўкачыкі ад Юрыя Выдронка. Зімовыя святкі» завяршыўся на рок-хвалі. Яе «нагналі» ў залу Дзяржаўнай філармоніі вядомы фолк-рок-гурт «Бан-Жвірба» з Гомелю і сам Юрый Выдронак са сваёй камандай. Але сучасныя аранжыроўкі, фарсіраваны гук гітар і рок-вакал не супярэчылі таму, што гучала ў выкананні этнаграфічных ансамбляў і гуртоў. Бо, як справядліва заўважыў калісьці музыкант гурта «Led Zeppelin» Джымі Пэйдж, рок — гэта і ёсць фальклор сучаснасці...
«Таўкачыкі–2011» сталі гісторыяй айчыннага фестывальнага руху. Відавочна, што з падтрымкай яго арганізатараў Мінкультам перспектыва фестывалю цяпер набыла новыя абрысы. Ведаю, што ў Юрыя Выдронка шмат ідэй і задумак, каб зрабіць яго фэст агульнабеларускім фальклорным святам. Цяпер усе яны маюць добры шанец ажыццявіцца.