«Дзеяслоў» адсвяткаваў 15-годдзе!

1 лістапада ў мінскім клубе «Грай» адсвяткаваў сваё 15-годдзе «Дзеяслоў» — незалежны часопіс беларускай мастацкай літаратуры. Часопіс павіншавалі адны з найлепшых айчынных літаратараў, а ў канцэртнай праграме выступілі беларускія гурты «Рэха», «Bar Akaryna», а таксама легендарная «КРАМА»!

dzejaslou_1_logo.jpg

Самы першы нумар «Дзеяслова» пабачыў свет 23 верасня 2002 года. Ён быў прэзентаваны ў кастрычніку падчас XIV з’езда Саюза беларускіх пісьменнікаў. Часопіс адразу зарэкамендаваў сабе адкрытым для ўсіх. Адзіным крытэрыем «Дзеяслоў» вызначыў літаратурную вартасць ды якасць твору, і адсутнасць палітычнай заангажаванасці. І да сёння часопіс трымаецца гэтых прынцыпаў.

За 15 год існавання часопіс на сваіх старонках апублікаваў сотні цікавых празаічных і паэтычных твораў, крытычных артыкулаў, адкрыў нямала маладых літаратурных талентаў. На сёння часопіс змяшчае ўжо 90 выпускаў! Немалаважным варта падкрэсліць — ўсе лаўрэаты Прэміі Гедройца з’яўляюцца сталымі аўтарамі часопіса.

Многія з аўтараў, якіх нярэдка можна ўбачыць на старонках «Дзеяслова», прыйшлі павіншаваць свой любімы часопіс з юбілеям. Сярод іх былі такія вядомыя айчынныя майстры пяра, як Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Леанід Галубовіч, Вольга Гапеева, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Дубавец, Віктар Жыбуль, Наста Кудасава, Валярына Кустава, Віталь Рыжкоў, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч, Віктар Шалкевіч.Святочная імпрэза прайшла ў клубе «Грай», у самым цэнтры Мінска. Напэўна, самым нечаканым было з’яўленне на святкаванні паэта і грамадска-палітычнага дзеяча Уладзіміра Някляева. Справа ў тым, што літаральна за дзень да імпрэзы паэт судом Ленінскага раёна горада Мінска быў асуджаны на дзесяць сутак арышту. Калі ён увайшоў у залю, раздаліся апладысменты падтрымкі і радасныя воклічы: «Вітаем Уладзіміра Някляева!». Прынамсі, ён не толькі прыехаў выступіць перад удзячнымі слухачамі, але і прывёз з Кіева ад «Національної спілки письменників України» грамоту з віншаваннямі найлепшаму часопісу. Апроч таго ён прачытаў урывак са сваёй паэмы «Паланэз», надрукаванай у самым першым выпуску «Дзеяслова». Галоўны рэактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч, кажучы пра «Паланэз» Някляева прамовіў: «Дзеяслоў трэба было прыдумаць і выдаваць толькі дзеля таго, каб надрукаваць паэму Уладзіміра Някляева».

Распавёў Барыс Пятровіч і пра гісторыю часопіса, а таксама падзяліўся сакрэтам, як абіралася назва для часопіса:

«Самае цяжкае, калі з’яўляецца часопіс — гэта прыдумаць назву, як гэта не дзіўна. Вы памятаеце гэтыя словы — як карабель вы назавеце так ён і паплыве. Шукалі ў слоўніках, у энцыклапедыях. Шмат часопісаў, звязаных з назвамі месяца… Дарэчы, добра было б назваць часопіс “Люты” – вельмі добрая назва для незалежнага часопіса... Маглі быць назвы, звязаныя з назвамі рэк... Але такіх назваў шмат на свеце, а “Дзеслоў” адзіны. Нам дужа спадабалася гэтае спалучэнне — “дзея” і “слова”, “дзея ў слове”».

Адным з першых выступаў Уладзімір Арлоў, які ў жартоўнай форме заўважыў, што яго прозвішча добра рыфмуецца: «Дзеяслоў — Арлоў». Але сур’ёзнасці яго выступ надала гісторыя, якую ён апавёў, параўнаўшы часопіс з фартэцыяй (крэпасцю) у змаганні за беларускую мову і культуру. Не менш цікавай гісторыяй, звязанай з часопісам, падзяліўся і Міхась Скобла, адзін з аўтараў з першых нумароў.

Падчас творчай вандроўкі ў Ліду яна з аўтарамі і выдаўцамі часопіса наведалі гарадскі помнік Францыску Скарыне. На помніку Францыск стаіць, выцягнуўшы руку, а на пастаменце надпіс абвяшчае: «Бярыце і чытайце!». Спантанна ім прыйшла ідэя ўкласці нумар «Дзеяслова» ў руку Скарыне, і моладзь падыходзіла і насамрэч чытала часопіс.

dzejaslou_3_logo.jpg

Прысутнічалі на юбілею і беларускія пісьменнікі з блізкага замежжа — Міхась Андрасюк з Беласточчыны, які прывёз прэзэнт ад беларускіх літаратараў Польшчы. Дарэчы, Андрасюк — адзіны з замежных аўтараў, які атрымаў прэмію часопіса «Залаты апостраф». Для часопіса ён знайшоў параўнанне вачыма беларускай творчай інтэлігенцыі замежжа, параўнаўшы часопіс з «Дзвярыма, праз якія мы час ад часу заходзім да беларускага чытача».

Адным з паэтаў, якія надрукаваны ў юбілейным, 90-м нумары, выступіў паэт Андрэй Хадановіч, які прачытаў свае вершы са свежага нумары. Вельмі ўразіў яго верш «Нерастраляная паэзія». На вечары Хадановіч выступіў не толькі як паэт, яшчэ і праспяваў пад гітару песні на вершы Леанарда Коэна.

dzejaslou_8_logo.jpg

Не абышлося і без абяцаных прызоў, якія былі разыграны падчас конкурсаў і віктарын. Падчас віктарыны трэба было адказаць на даволі складаныя пытанні, якія тычацца гісторыі часопіса — дзе быў надрукаваны першы нумар, колькі год часопіс друкаваўся на «дзеясловіцы», з якога разу прайшоў дзяржрэгістрацыю, якая кніга была першай у серыі «Дзеяслова».

Пераможцамі стала каманда ў складзе Сяржука Сыса і Аксаны Данільчык. Але, незапланавана і неспадзявана для ўсіх, Уладзімір Някляеў пажадаў уласна ад сабе ўручыць прыз самым актыўным удзельнікам інтэлектуальнай віктарыны — паэтцы Аксане Спрынчан разам з яе дачкой Альжбэтай. І Спрынчан і пераможцам дасталіся цішоткі ад «Дзеяслова». А ўмова конкурсу заключалася ў лепшым вызначэнні і слогане для часопіса. Так, перамог слоган: «Найлепшае на мове чытай на “Дзеяслове”».

dzejaslou_7_logo.jpg

З музычнай праграмай выступілі гурты «Рэха» і «Bar Akaryna». Парадаваў сваім выступам вядомы беларускі бард Віктар Шалкевіч, які прачытаў паэму і праспяваў пад гітару песню «Міцкевіч ніколі не ездзіў у плацкартным вагоне». Але самы драйв і цікавае чакала наперадзе, разынка юбілею — выступ легендарнага беларускага рок-гурта «Крама».

Гурт праспяваў свае хіты: «Усё жыццё — дзіўны сон», «Ахіні крылом нас, светлы анёл», «Стэфка», «Выпі са мной да дна», «Гэй, там, налівай! ». Уся зала ахвотна падпявала ўсе песні гурта. Прынамсі, «Стэфкі» прагучала не толькі ўся трылогія, але і апошняя, чацвёртая частка — «Стэфка праз 30 год», на якую гурт яшчэ не паспеў зняць кліп. Эмоцый у зале ад выступу легенды беларускага рок-н-рола, гурта «Крамы», было столькі, што некаторыя не устрымаліся і зладзілі тут жа незапланавую дыскатэку. Гурт не хацелі адпускаць, просячы праспяваць яшчэ, на што музыкі не адмовілі. Удзячныя слухачы праводзілі гурт стоячы і з гучнымі авацыямі.

dzejaslou_16_logo.jpg

Авацыі і самыя лепшыя пажаданні былі сёння і арганізатарам імпрэзы і галоўнаму герою мерапрыемства — юбілятару, часопісу «Дзеяслоў». Пажадаем яму новых чытачоў, цікавых аўтараў і лёгкага шляху наперад!