Этна-сацыяльная гісторыя Беларусі ў 1861–1914 гг. у працах польскага гісторыка Э. Малішэўскага

Погляды польскага даследчыка выклікаюць вялікі інтарэс у кантэксце вывучэння этнічных, культурных і палітычных працэсаў на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст.



8741068dcd02027cda79162df98aa0ae.jpg

Сярод польскіх гісторыкаў перыяду міжваеннай Польшчы, якія займаліся этна-сацыяльнай гісторыяй ўсходніх зямель былой І Рэчы Паспалітай варта вылучыць Эдварда Малішэўскага (1875—1928). Яго першыя працы па дадзенай праблематыцы  пабачылі свет яшчэ ў дарэвалюцыйны час. Але найбольшая колькасць сваіх даследаванняў даследчык выдаў у гады ІІ Рэчы Паспалітай.


Перад тым, як пачаць аналіз і характарыстыку прац Э.Малішэўскага, трэба  нагадаць некаторыя факты з яго біяграфіі. Ён нарадзіўся 28 верасня 1875 г. у Варшаве. Паходзіў з шляхецкай сям’і. Бацька Э.Малішэўскага — Каэтан, удзельнічаў у паўстанні 1863–64 гг. [1; с.10–15]. Гэтым у асноўным і тлумачыцца цікавасць даследчыка да гісторыі гэтага ўзброенага выступлення. Пасля смерці бацькі Эдвард быў вымушаны даволі рана акунуцца ў дарослае жыццё. Менавіта тады фарміруецца яго цікавасць да гісторыі. Ён працуе  журналістам у “Газеце Польскай”, а з 1902 г. у газеце “Варшаўскі ганец”. У якасці карэспандэнта “Ганца” быў у Пецярбургу падчас работы  першай Дзяржаўнай думы [2; с. 28–30]. Потым вучыўся ў Парыжы і Лондане. Друкаваўся ў розных часопісах і газетах. Э.Малішэўскі  быў адным з родапачынальнікаў польскага краязнаўства. Ён пакінуў пасля сябе сотні артыкулаў і шмат манаграфій.


d291c9f26d32acdc9f6f94445f96a5c9.jpg


 

Эдвард Малішэўскі 

 

Працы польскага дэмографа, маючыя дачынення да разгляду этна-сацыяльнай гісторыі Беларусі,  можна падзяліць на дзве групы. Першая — гэта артыкулы і манаграфіі, прысвечаныя падзеям паўстання 1863–1864 гг. Другая — працы статыстычнага характару, якія тычацца  разгляду пытанняў народанасельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў, а таксама асобных  аспектаў эканамічнага жыцця Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.


 
Такім чынам, разгляд  навуковай спадчыны Э. Малішэўскага  трэба распачаць з прац, прысвечаных разгляду гісторыі студзеньскага паўстання 1863–1864 гг. Польскі даследчык збіраў успаміны яго ўдзельнікаў. Важным з’яўляецца і тое, што асобую ўвагу ён надаваў разгляду падзеяў паўстання менавіта на землях “гістарычнай Літвы”. Так, у 1920 г. Э.Малішэўскі апублікаваў манаграфію “1863 год на Магілёўскіх крэсах”. У ёй аўтар змясціў факты якія даюць уяўленне аб сацыяльнай базе паўстання. 


 
Па меркаванню Э. Малішэўскага, галоўнай рухаючай сілай паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга  краю Расійскай імперыі была дробная і буйная  шляхта, а таксама землеўласнікі. Аўтар падзяліў катэгорыю дробная шляхта на 2 групы: заходнюю і ўсходнюю. Даследчык адзначаў: “Па матэрыялах спісу 1865 г. у заходней групе (па р. Друць) знаходзілася 12 188 чалавек дробнай шляхты, ва ўласнасці якіх знаходзілася 2 090 гаспадарак у 521 асадзе. Калі гаварыць аб веравызнанні, то з адзначанай лічбы дробнай шляхты заходняй групы было 10 447 католікаў і 1 741 праваслаўных. [...] У складзе  усходняй групы, (па р. Сож)  знаходзілася 25 318 асоб, ва ўласнасці якіх знаходзілася 4 439 гаспадарак у 248 асадах. Па веравызнанню з адзначанай лічбы 19 491 было праваслаўных, а 5 927 католікаў. Разам у абедзвюх групах было 37 606 асоб, 21 132  праваслаўных і 19 491 католікаў” [3; с.3–5].


 
Важным было і тое, што Э. Малішэўскі асобна выдзеліў  групу  сялян-католікаў, якія ўжывалі беларускую мову [3; с. 5]. Польскі гісторык падрабязна апісаў сацыяльна-эканамічную дзейнасць шляхты Беларусі напярэдадні і падчас паўстання. Значным плюсам манаграфіі была змешчаная ў ёй вялікая колькасць статыстычных матэрыялаў і інфармацыі.


 
Даследаванне гісторыі паўстання 1863–1864 гг.  Э. Малішэўскі працягнуў у манаграфіі “Арганізацыя студзеньскага паўстання”. У гэтай працы аўтар разглядаў працэс падрыхтоўкі паўстання не толькі на тэрыторыі Каралеўства Польскага, але і на тэрыторыі  беларуска-літоўскіх губерняў Расійскай імперыі. Галоўнай высновай польскага даследчыка было тое, што шляхта Беларусі і Літвы актыўна падтрымала паўстанне і менавіта гэта сацыяльная група была яго рухавіком як у Польшчы, так і ў Беларусі [4;с.12–15].


 
У гэты ж час убачыў свет артыкул “Студзеньскае паўстанне ў біяграфіях яго правадыроў”. Публікацыя была напісана на падставе аналізу актаў палявых судоў расійскай арміі. Асноўным плюсам працы быў не толькі пералік дзеячаў паўстання, але і аналіз арганізацыі і галоўнае структуры паўстанцкай улады на тэрыторыі Каралеўства Польскага, Беларусі і Літвы [5].


 
Пры напісанні сваіх прац польскі гісторык выкарыстаў значную колькасць малавывучаных  архіўных крыніц і матэрыялаў. Так, Э. Малішэўскі амаль цалкам прааналізаваў перададзеныя ў 1923 г. Савецкай Расіяй Польшчы царскую дакументацыю, маючую дачыненне да рэпрэсій супраць удзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. Факты, узятыя з гэтых крыніц, ён дапоўніў матэрыяламі з архіваў Варшаўскай цытадэлі і Міністэрства ваенных спраў.


 
Акрамя вышэй адзначаных прац, Э. Малішэўскі выдаў і шэраг  артыкулаў, у якіх апісваў біяграфіі асобных удзельнікаў паўстання. У артыкулах “Салдаты-паэты ў 1863 г.”, “Цыпрыян Тарушэўскі — паручнік нацыянальнай арміі ў 1863 г.” польскі даследчык на падставе раней невядомых крыніц паказаў не толькі гісторыю жыцця і дзейнасці ўдзельнікаў паўстання, але і разглядаў малавывучаныя старонкі паўстання 1863 — 1864 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве.


 
Большую ўвагу выклікае іншая група прац, напісаных Э. Малішэўскім.  Менавіта ў працах статыстычнага характару, польскі даследчык аналізаваў аспекты этна-сацыяльнай гісторыі Беларусі ў перыяд другой паловы XIX  — пачатку  XX ст. Некаторыя з яго прац напісаны пад уплывам палітычнай кан’юнктуры. Разам з тым яны змяшчаюць цікавыя даныя статыстычнага характару. 


 
Так, у сваёй манаграфіі “Палякі і польскасць у Літве і Русі” Э. Малішэўскі аналізаваў лічбавы склад польскага і каталіцкага  насельніцтва Беларусі, Літвы і Украіны ў канцы XIX  — пачатку  XX ст. Польскі даследчык абвінавачваў расійскія ўлады ў тым, што яны свядома заніжалі колькасць польскага насельніцтва ў беларуска-літоўскіх губернях Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. Аналізуючы вынікі  перапісу 1897 г., ён адзначаў, што з імі можна пагадзіцца толькі ў дачыненні да Ковенскай губерніі. Э. Малішэўскі параўноўваў вынікі Усерасійскага перапісу 1897 і  перапісу, праведзенаму ў 1909 г. Міністэрствам Унутраных спраў у сувязі з праектам увядзення земстваў у Паўночна-Заходняга краю. Польскі гісторык падкрэсліваў,  што прырост насельніцтва быў аднолькавы для ўсіх нацыянальнасцяў і значнай эміграцыі палякаў з беларуска-літоўскіх губерняў Расійскай губерні не назіралася. Апошняе дало яму права да сцвяржэння, што даныя 1897 г. па колькасці польскіх жыхароў Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў былі заніжаны [8; с.21–24]. 
 


Аднак аўтар не зрабіў падобнага параўнання ў дачыненні да Ковенскай і Гродзенскай губерняў. Такое параўнанне паказвае, што ў Гродзенскай губ.  колькасць польскага насельніцтва  ў 1909 г.  зменшылася на 5,7%, а “рускага” (перапіс 1909 г. не вылучаў асобна беларусаў, украінцаў і рускіх. Гэтыя нацыі былі аб’яднаны катэгорыяй “рускія” — аўт.) павялічылася на 7,6%. У Ковенскай губ. колькасць палякаў у 1909 г. зменшылася  на  на 5,5 %, а колькасць беларусаў і літоўцаў узрасла адпаведна на 2,1%  і 13,3 %. 


 
Як адзначыў беларускі даследчык А. Смалянчук: “Розніцу ў даных  перапісаў 1897 і 1909 г. немагчыма тлумачыць толькі фальсіфікацыяй. Трэба таксама ўлічваць актывізацыю нацыянальных працэсаў [9; с.42]”. Менавіта апошнія аказалі ўплыў на павялічэнне розніцы паміж спісамі 1897 і 1909 гг., таму, што значная колькасць “тутэйшых” пачынала атаясамліваць сябе з беларусамі, палякамі, літоўцамі ці рускімі. Трэба падкрэсліць, што ў вышэй адзначанай манаграфіі польскі гісторык адзін з першых распачаў аналіз нацыянальнага складу беларуска-літоўскіх губерняў Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. 


 
У іншай сваёй працы “Беларусь у лічбах і фактах” даследчык працягваў аналіз Усерасійскага перапісу 1897 г. Плюсам гэтай манаграфіі было тое, што польскі гісторык зрабіў у ёй кароткі агляд прац сваіх папярэднікаў. У манаграфіі Э. Малішэўскі аналізаваў стан сельскай гаспадаркі, узровень развіцця прамысловасці Беларусі. Апісваючы стан сельскай гаспадарцы, польскі гісторык падкрэсліваў што, буйныя зямельныя ўладанні працягвалі знаходзіцца ў польскім ці каталіцкім уладанні, тады як дробныя ў руках сялян-беларусаў [10; с.33]. Значную ўвагу аўтар звярнуў на аналіз страт, якія панесла каталіцкае і польскае землеўладанне пасля паўстання 1863–1864 гг. Аналізуючы стан прамысловасці,  Э. Малішэўскі адзначаў, што значны ўплыў на развіццё гандлю і прамысловасці аказвала разгалінаваная чыгуначная сетка, якая праходзіла праз Беларусь. 


 
У 1919 г. убачылі свет “Даведнік па Гродзенскай губерні”, “Даведнік па Мінскай губерні” і “Даведнік па Віленскай губерні”. У гэтых працах польскі гісторык прааналізаваў гісторыю значнай колькасці гарадоў і мястэчак Беларусі. У гэтых працах была змешчана падрабязная інфармацыя аб шляхецкім землеўладанні на тэрыторыі Беларусі.


80f64c196fedcb13cb0b21f65d5f10cf.jpg

“Даведнік па Мінскай губерні”, выданы Э.Малішэўскім у 1919 г. 

Э. Малішэўскі працягваў вывучаць краязнаўчыя, культуралагічныя, этна-сацыяльныя і палітычныя аспекты гісторыі беларуска-літоўскага краю ў працы “Падручны геаграфічны слоўнік”, напісанай ім у сааўтарстве з іншым вядомым польскім даследчыкам Б. Альшэвічам. У гэтай навуковым выданні польскія гісторыкі падрабязна асвятлілі гісторыю Беларусі, яе гарадоў і мястэчак. Важным з’яўляецца і тое, што польскія даследчыкі канцэнтравалі сваю ўвагу на вывучэнні сацыяльна-эканамічнай гісторыі нашай краіны, а менавіта гісторыі развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама колькаснага і нацыянальнага складу насельніцтва.


Вывучэнне гісторыі розных этнічных груп, пражываючых  на тэрыторыі Беларусі, прааналізаваў  Э. Малішэўскі і ў сваёй манаграфіі “Польскае насельніцтва на Літве” (пад тэрмінам “Літва” аўтар разумеў землі былога Вялікага Княства Літоўскага — аўт.). Галоўным плюсам дадзенай працы з’яўляецца багаты фактычны матэрыял, які меў дачыненне да асвятлення жыцця і дзейнасці розных этнічных груп, пражываючых на тэрыторыі беларускіх губерняў Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. 


 
Вялікую ўвагу аўтар надаў разгляду  гісторыі польскага насельніцтва гэтых тэрыторый. Гаворачы аб беларусах, Э. Малішэўскі падкрэсліваў, што адным з элементаў, які тармазіў развіццё нацыянальных рысаў беларускага народа, з’яўлялася неразвітасць і фактычная адсутнасць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі [15;с.13–14]. Польскі гісторык справядліва падкрэсліваў і  тое, што адмоўны ўплыў на працэс фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў аказала палітыка расійскай адміністрацыі.


 
У манаграфіі “Нацыянальныя адносіны ў Рэчы Паспалітай польскай” Э. Малішэўскі разглядаў гісторыю беларускага этнасу праз прызму ўключэння часткі  тэрыторыі Беларусі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. Польскі гісторык адзначаў, што працэс пераходу ў каталіцызм беларусаў быў звязаны  не з сентыментам да польскай культуры, а з павагай да польскай, (на самой справе агульнай польска-літоўска-беларускай — аўт.) дзяржаўнасці ў выглядзе І Рэчы Паспалітай [16;с.14–16]. У сваёй працы “Сённешняя Польшча. Геаграфічна-статыстычны нарыс” гісторык між іншым разглядаў гісторыю станаўлення і развіцця беларускага этнасу і крытычна ацэньваў перспектывы фарміравання беларускай нацыянальнай свядомасці ў ХХ ст. Адзначаючы тое, што адмоўны ўплыў на гэты працэс аказвала русіфікатарская палітыка царскай адміністрацыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, аўтар аднак не адзначаў, што такі ж адмоўны ўплыў на развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа аказвала паланізатарская і інкарпарацыйная палітыка правячых у ІІ Рэчы Паспалітай палітычных колаў. 
 


Як адзначалася вышэй, акрамя манаграфій Э. Малішэўскі напісаў шмат артыкулаў, якія прысвяціў асвятленню розных аспектаў этна-сацыяльнай гісторыі Беларусі ў 1861–1914 гг. Так,  у  часопісе “Усход Польшчы” быў надрукаваны артыкул “Са статыстыкі Літвы і Беларусі” у якім аўтар прывёў значную колькасць новага статыстычнага матэрыялу. Вялікую ўвагу аўтар удзяліў аналізу станаўлення і развіцця каталіцкага і польскага землеўладання на Беларусі.


 
Такім чынам, варта адзначыць, што польскі гісторык Э. Малішэўскі глыбока вывучаў этна-сацыяльную гісторыю Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX. Нягледзячы на тое, што некаторыя са зробленых ім высноў мелі тэндэнцыйны характар, і былі абумоўлены палітычнай і грамадскай кан’юнктурай, працы Э. Малішэўскага — гэта глыбокі і падрабязны аналіз гісторыі Беларусі перыяду 1861–1914 гг., і прадстаўляюць вялікі інтарэс для беларускіх даследчыкаў.


 
Літаратура:


 
1.    Iwaszkiewicz J. Edward Maliszewski. — Warszawa, 1931.
2.    Thugutt S. Edward Maliszewski // Sprawy Narodowościowe. R. II, listopad 1928, N. 5.
3.    Maliszewski E. Rok 1863 na kresach Mohylewskich. — Warszawa, 1920.
4.    Maliszewski E. Organzacja powstania styczniowego. — Warszawa, 1920.
5.    E. Maliszewski Powstanie styczniowe w życiorysach jego wodzów // Żołnierz Polski,  Nr. 3–4, 1922.
6.    Maliszewski E. Żołnierze poeci z roku 1863-go. I.  Ludwik Brzozowski // Wieś i dwór, Nr. 5, 1918.
7.    Ś.p. Cyprjan Januszewski, por. wojska narodowego r. 1863 // Żołnierz, Nr. 9, 1925.
8.    Maliszewski E.  Polacy i polskość na Litwie i Rusi. — Warszawa, 1914.
9.    Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях 1864 — люты 1917. — Санкт-Пецярбург, Неўскі прасцяг, 2004.
10. Maliszewski E. Białoruś w cyfrach i faktach. — Piotrków, 1918.
11. Maliszewski E. Przewodnik po gub. Grodzieńskiej. Zarys statystyczno-opisowy. — Warszawa, 1919.
12. Maliszewski E. Przewodnik po gub. Mińskiej. Zarys statystyczno-opisowy. — Warszawa, 1919.
13. Maliszewski E. Przewodnik po gub. Wileńskiej.  Zarys statystyczno-opisowy. — Warszawa, 1919.
14. Maliszewski E., Olszewicz B. Podręczny słownik geograficzny ze szczególnem uwzględnieniem Polski, jej spraw i interesów. — Warszawa, 1925.
15. Maliszewski E. Żywiol polski na Litwie. — Warszawa, 1918.
16. Maliszewski E. Stosunki narodowościowe w Rzeczypospolitej polskiej. — Warszawa, 1923.
17. Maliszewski E.  Ze statystyki Litwy i Białorusi // Wschód Polski, Nr. 6 i 7, marzec i kwiecień r. 1920.
 

 

www.istpravda.ru