Расія. Патрулі з пенсіянераў
Павел Астахаў прапанаваў ствараць патрулі з пенсіянераў для нагляду за дзецьмі.
![pic_80e654cd3adcfe7f89e405a848c01a53.jpg pic_80e654cd3adcfe7f89e405a848c01a53.jpg](/img/v1/news/full/pic_80e654cd3adcfe7f89e405a848c01a53.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Павел Астахаў. Фота: Генадзь Гуляеў / "Камерсант"
Упаўнаважаны пры прэзідэнце РФ па правах дзіцяці Павел Астахаў прапанаваў стварыць патрулі з пенсіянераў для нагляду за непаўналетнімі, паведамляе lenta.ru.
Пра гэта амбудсмэн заявіў у суботу, 9 студзеня, у эфіры «Рускай службы навін».
«Выставіце патрулі. У нас велізарныя рэсурсы ёсць, і калі іх мабілізаваць правільна, тых жа пенсіянераў, якія сядзяць па хатах і проста нічога не робяць, стварыць з іх валанцёрскія атрады, якія будуць хадзіць, глядзець проста за бяспекай, той жа пажарабяспекай — шмат такіх спосабаў», — сказаў Астахаў, каментуючы інцыдэнты з гібеллю дзяцей у выніку пажараў падчас навагодніх святаў.
Адказнасць за арганізацыю патрулёў амбудсмэн прапанаваў ускласці на муніцыпальныя ўлады. «Калі вас выбралі, калі вам даверыў народ, грамадзяне гэтага муніцыпалітэта, улада, то вы і адказваеце за іх і за бяспеку — за тое, каб яны засталіся жывыя ў гэтыя святы», — растлумачыў Астахаў.