Этнавандроўка ў бібліятэчную ноч

Старадаўнія абрады імкліва адыходзяць, ператвараюцца ў забаўку ці гульню. Іх трэба паспець зафіксаваць, і выдатна, калі атрымаецца зрабіць гэта па-мастацку. У гомельскай бібліятэцы імя Герцэна адбылася фотавыстава Алены Ляшкевіч «Этнавандроўкі».

10etnavandrouka.jpg

Новіны, Бярэзінскі раён. 21 студзеня 2013 г., абрад “Цягнуць Каляду на дуба”.


Сёлета ў маі Алена Ляшкевіч падаравала гэтыя фотаздымкі Веткаўскаму музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава падчас адкрыцця сваёй выставы ў гомельскім філіяле ўстановы.
Беларуская духоўная і матэрыяльная культура цікавіць Алену Ляшкевіч у першую чаргу з навуковага пункту гледжання: старадаўнія абрады імкліва адыходзяць, ператвараюцца ў забаўку ці гульню. Іх трэба паспець зафіксаваць, і выдатна, калі атрымаецца зрабіць гэта па-мастацку.
Алена Ляшкевіч даўно цікавіцца  традыцыйнай культурай, яе спецыялізацыя ў дыпломе — “гісторык-этнолаг”, з 2008 года ў складзе экспедыцый Студэнцкага этнаграфічнага таварыства яна займалася палявымі этнаграфічнымі даследаваннямі.
На выставе можна пабачыць фотаздымкі з паездак 2013–2015 гадоў. У большасці выпадкаў гэта выезды, звязаныя з правядзеннем каляндарных абрадаў на Палессі, ва Усходняй і Цэнтральнай Беларусі.

Для фатографа найбольш цікавыя людзі, іх перажыванне свята, перадача святочнай атмасферы праз пэўныя абрадавыя атрыбуты.


Перанос свячы. Вёска Новая Слабодка Клічаўскага раёна


1etnavandrouka.jpg


Адзін з першых абрадаў, на якія трапіла Алена Ляшкевіч, — перанос свячы (абрадавага комплексу са свечкі і абраза, які кожны год пераходзіць у новую хату) у вёсцы Новая Слабодка Клічаўскага раёна, на яе малой радзіме.

2etnavandrouka.jpg


Свечныя абрады могуць прымяркоўвацца да розных святаў, часта — да дзён Варвары і Міколы (17 і 19 снежня ў праваслаўнай традыцыі). Гэтыя  святы ў календары знаходзяцца побач, таму пра Варвару з Міколам бытуе шэраг прымавак:
Мікола і Варвара ноч урвалі.Варвара мосціць, а Мікола гвоздзіць.Варвара — Міколава матка.
Абраз Міколы з Новай Слабодкі надрукаваны ў 1901 годзе, на адкідной створцы — абраз святога Юр’я. Пераносяць Міколу абавязкова мужчыны, раней гэта рабілі нежанатыя хлапцы.

3etnavandrouka.jpg


Варварынская свяча “ходзіць” паміж 6 сем’ямі “свечкавага братэрства” ў вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна. Кожны год яе пераапранаюць і далепліваюць, носяць асвячаць у царкву. Кажуць, свечка дапамагае, калі просяць пра цяжарнасць. Распавядаюць пра жанчын, якія здолелі нарадзіць пасля многіх гадоў няплоднасці. Некаторыя ацаляліся ад іншыя хваробы. Пасля наведвання свечкі нават навукоўцы адзначалі, што ў добра пайшлі справы ў працоўнай галіне. Маладым дзяўчатам, што бяруць удзел у пераносе, Варвара спрыяе ў хуткім замужжы. Разам з уласна свечкай нясуць абраз пад ручніком, бохан хлеба з утыркнутай у яго свечкай.

Камень Святы. Вёска Крамянец Лагойскага раёна

У лесе ля вёскі знаходзіцца камень, які мясцовыя жыхары завуць “Святым”. Вераць, што ў засуху можна выклікаць дождж, калі камень прыпадымуць на калах удовы ці незамужнія дзяўчаты. Мясцовыя жыхары расказваюць, што звычайныя камяні растуць, а гэты, Святы, — не. І праваслаўная, і каталіцкая царква вызналі крамянецкі валун святыняй. Мясцовыя паданні кажуць пра тое, што яго нельга перавозіць на іншае месца, бо і зямля вакол яго — святая.

4etnavandrouka.jpg

5etnavandrouka.jpg


6etnavandrouka.jpg


Феня Сцяпанаўна Мардас 1929 года нараджэння распавяла: “Няма дажджу — дык пойдзем, падымем камень на калах. На другі-трэці дзень дождж Бог даў. Як моцны дождж — апускаем тады. Як у ягады ідзём, пакладзем на камень трошкі. Хадзілі на святы — Міколу, Звеставанне. Бацькі нашы казалі, на Вялікдзень пакуль паснедаць — трэба да святога каменя схадзіць. Насілі яйкі фарбаваныя, пірагі. Хто сыру занясе… Цукерак тады не было”.

Масленічны абрад “Чырачка”. Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна

7etnavandrouka.jpg


На Масленіцу ў Тонежы, калі ўпрыгожваюць ялінку, кажуць: «Это ж ёлачка як дзяўчына нарадна… светлая, ясная і багатая». Потым вязуць яе за вёску на Чарнычовы горы, дзе адбываюцца асноўныя масленічныя святкаванні. У канцы абраду маленькі хлопчык зацягвае елачку на дуб, дзе і пакідае. Дзеянні з елачкай, сімвалам Масленіцы, нагадваюць абрад “Цягнуць каляду на дуба”.

Тонеж, Лельчыцкі раён. 3 сакавіка 2014 года, масленічны абрад “Чырачка”

Тонеж, Лельчыцкі раён. 3 сакавіка 2014 года, масленічны абрад “Чырачка”

Назва абраду «Чырка» («Чырачка») паходзіць ад віду качак, якія водзяцца ў гэтай мясцовасці. «Чырачкамі» завуць і рытуальнае печыва ў форме птушачак, якое пякуць на Масленіцу. Акуліч Галіна Паўлаўна (1937 года нараджэння) прыгадвала: «Найперво само готоўляць чырочок, напекуць. Бо гэта ж Чырка! А потом вжэ готовім ужэ другія блюда». Кожны імкнецца з'есці хоць бы па адной «чырачцы». Печыва часта «садзяць» на дрэва як сапраўдную птушку.


Абрад “Цягнуць Каляду на дуба”. Вёска Новіны Бярэзінскага раёна

9etnavandrouka.jpg

Новіны, Бярэзінскі раён. 21 студзеня 2013 г., абрад “Цягнуць Каляду на дуба”.

10etnavandrouka.jpg


Удзельнікі накіроўваюцца да дуба за вёскай. Звычайна для зацягвання Каляды выкарыстоўваецца штогод адно і тое ж дрэва. Да дуба на санках мужчыны цягнуць “Каляду” (упрыгожаны сноп), які трымае жанчына (на фота Ніна Дзмітрыеўна Клімовіч) разам з гаршчком куцці. Каля дуба санкі апракідваюць, каб куцця рассыпалася па зямлі.

Новіны, Бярэзінскі раён. 21 студзеня 2013 г., абрад “Цягнуць Каляду на дуба”.

Новіны, Бярэзінскі раён. 21 студзеня 2013 г., абрад “Цягнуць Каляду на дуба”.


Каляду на дуб зацягвае абавязкова мужчына. Замест снапа ў розных вёсках Бярэзінскага і суседніх раёнаў маглі зацягваць барану, калоду, гаршчок з куццёй, ступу, кола, рэшткі калядных пачастункаў.