Фінскі эпас рускімі вачыма (фота)
У галерэі імя Вашчанкі ў Гомелі 23 верасня адкрылася выстава «Калевала вачыма рускіх мастакоў" — частка выставачнага праекта, прымеркаванага да 180-годдзя першага выдання нацыянальнага эпасу Фінляндыі.
Экспазіцыя ўключае чатырнаццаць работ расійскіх мастакоў, якія прадставілі сваё бачанне міфаў поўначы. Выстава з'яўляецца вынікам праекта фінскага Таварыства «Калевалы», якое прапанавала аўтарам з Расіі пафантазіраваць над магчымай інтэрпрэтацыяй традыцыйных фінскіх фальклорных сюжэтаў.
Калевала — карэла-фінскі эпас, які складаецца з паэтычных рун (эпічных песняў). Яны апавядаюць пра стварэнне сусвету і пра жыццё вялікіх герояў, іх магічных здольнасцях і барацьбе за чароўны млын, які прыносіць багацце. З пакалення ў пакаленне гэтыя паданні перадаваліся ў вуснай форме і толькі спачатку XIX стагоддзя былі занатаваны і сфармаваны ў адзіны эпас лінгвістам і фалькларыстам Эліясам Лёнрутам (1802-1884).
У праекце прынялі ўдзел сем мастакоў: Ігар Баранаў (Санкт-Пецярбург), Наталля Ягорава (Петразаводск), Антаніна Юфа (Петразаводск), Аляксандр Навасёлаў (Санкт-Пецярбург), Сяргей Цярэнцьеў (Петразаводск), Таццяна Чурсіна (Санкт-Пецярбург) і Ірына Затулоўская (Масква).
Праца над карцінамі праходзіла пад дэвізам «Калевала нас аб'ядноўвае». Пры гэтым кожны мастак абраў для інтэрпрэтацыі пэўны міф, гісторыю або персанажа «Калевалы».
Пасля экспазіцыявання выставы ў Расіі ў 2014 годзе выстава «Калевала» пабывала ў Фінляндыі і нарэшце дабралася і да Беларусі.
Нягледзячы на падабенства шматлікіх міфаў народаў Еўропы Калевала мае шэраг адметнасцяў, якія заўжды прыцягвалі ўвагу аматараў гісторыі і фальклору.
Прысутны на адкрыцці выставы пасол Фінляндыі Лауры Пулола адзначыў:
— Агульнавядома, што нават Толкіен натхняўся шматлікімі сюжэтнымі лініямі і характарамі з Калевалы пры стварэнні свайго "Уладара пярсцёнкаў". А пры стварэнні адной з моваў эльфаў (Квенья) на яго вялікі ўплыў аказала фінская мова.
Спадар Пулола адзначыў, што ў бліжэйшым часе беларусаў чакае яшчэ адзін падарунак ад фінаў — Калевала нарэшце выйдзе і на беларускай мове.