Foreign Policy: Пуцін падразае Лукашэнку крылы авіябазай у Беларусі

«Пуцін падразае Лукашэнку крылы авіябазай у Беларусі» — пад такім загалоўкам амерыканскі часопіс Foreign Policy змясціў артыкул пра рашэнне Крамля ўсталяваць расійскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі.



istrebiteli_2.jpg

У прыватнасці, часопіс адзначае:

Аўтарытарны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка за 20 гадоў перабывання ва ўладзе зрабіў сабе рэпутацыю гульца на супярэчнасцях паміж Масквой і Брусэлем, які ўвесь час атрымлівае фінансавую дапамогу і палітычнае прыкрыццё. Аднак пасля рашэння Расіі пабудаваць авіябазу ў Беларусі дні лукашэнкавага лявіявання паміж Расіяй і Захадам і выбівання выгады ад абодвух бакоў могуць скончыцца.

Рашэнне пабудаваць базу, якая будзе блізка ад мяжы з Літвой, удзельніцай НАТА, было абвешчана ў мінулыя выходныя і прыпала на час, у якім прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрабуе вярнуць страчаны статус вялікай дзяржавы для сваёй краіны і аднавіць яе вайсковы патэнцыял за мяжой. Для Беларусі планы па стварэнні базы прыпалі на асабліва напружаны перыяд адносін паміж Мінскам і Масквой, выкліканы расійскай анэксіяй Крыму і вайной ва Украіне.

Баючыся свайго ўсходняга суседа, беларускі лідэр у канцы 2014 года пайшоў на беспрэцэдэнтнае адхіленне ад палітыкі Масквы, пагражаючы выйсці з Еўразійскага саюза і прыняў новую вайсковую дактрыну, якая прадугледжвае пагрозу з боку «зялёных чалавечкаў», накшталт тых, якія з’явіліся ў Крыме да таго, як паўвостраў стаў часткай Расіі. Беларусь таксама паспрабавала аднавіць адносіны з Еўрасаюзам, што, як паведаміла агенцтва Рэйтэрс 17 верасня, мае прывесці да паслаблення эканамічных санкцый супраць Мінска.

Але пабудова вайсковай авіябазы паказвае, што Пуцін жадае захаваць непрадказальнага Лукашэнку ў арбіце Крамля і пазбегчы збліжэння паміж Беларуссю і Захадам.

Foreign Policy таксама цытуе меркаванні заходніх экспертаў, Дарага МакДаўэла і Эндру Уілсана, якія лічаць, што стварэнне расійскай базы ў Беларусі пазбавіць Лукашэнку магчымасці па-ранейшаму гуляць на супярэчнасцях паміж Масквой і Захадам.

Паводле Радыё Свабода