«Гэта ж як трэба было пастарацца, каб сябар Кадырава саромеўся засвяціцца на мерапрыемстве Лукашэнкі!»
Калі група тых, хто галосіць з нейкага месца, двойчы з трэскам праляцела над «Еўрабачаннем», было яшчэ не настолькі смешна. Але тутэйшыя таварышы вырашылі давесці сітуацыю да абсурду. І гэта, як заўсёды, у іх выдатна атрымалася.
Спачатку міністр культуры заявіў, што еўрапейскі конкурс — такое сабе мерапрыемства і ні ў якое параўнанне не ідзе з нашым «Славянскім базарам». Ужо тое, што міністр культуры, «Еўрабачанне» і «Славянскі базар» аказаліся ў адным сказе, надало сітуацыі нейкі экзістэнцыяльны налёт, піша Анастасія Зелянкова ў «Салідарнасці».
Ну а тое, што агучваць абыякавасць з нагоды вылету з конкурсу ўпаўнаважылі цэлага кіраўніка міністэрства, лепш за ўсё падкрэсліла, наколькі абыякавую абыякавасць адчуваюць тутэйшыя знаўцы прыгожага. Нават дзіўна, што беларускі МЗС гэтым разам прымудрыўся адмаўчацца, з-за чаго нашай абыякавасці крыху не хапіла метафарычнасці.
У прынцыпе для жартаў і мемаў дастаткова было і гэтага, але ўлады чарговы раз даказалі, што нездарма ядуць свой хлеб і ведаюць толк у сапраўдных відовішчах. Размах «Славянскага базара» быў прадэманстраваны імгненна і без ілжывай сціпласці. І вось ужо па сетках гуляе тэндар на закупку да «Базара»... Філіпа Кіркорава. І праўда, навошта нейкае «Еўрабачанне», калі ўсё гэта можа пераспяваць для нас расійскі поп-кароль? Як у анекдоце пра Рабіновіча і Павароцці.
Але з іншымі артыстамі відавочна нешта пайшло не так. Адзін за адным яны пачалі адхрышчвацца ад удзелу. Спачатку гурт «Ронда», потым комік Галусцян, і вось ужо MARUV дружна заявілі, што ні на якія кірмашы яны не падпісваліся.
Больш за тое, аказалася, што заяўленыя ў праграме ўдзельнікі, пакуль ім не сталі пісаць беларусы, наогул не былі ў курсе, што ў чымсьці задзейнічаныя. І тут, вядома, можна толькі горка ўсміхнуцца, таму што, у адрозненне ад заморскіх артыстаў, мы ўжо звыклі, што ўлады самі вызначаюць, у чым мы ўдзельнічаем, а ў чым — не, і што пры гэтым задумваем.
Але замежныя «эстраднікі» тым не менш хутка зарыентаваліся, уцяміўшы, што прысутнасць на падобных «конкурсах сапраўднага мастацтва» ім гонару не дадасць і наогул пагражае сур’ёзнымі рэпутацыйнымі выдаткамі.
Гэта ж як трэба было пастарацца, каб нават Галусцян,які не грэбуе сувязямі з Кадыравым, раптам засаромеўся засвяціцца на мерапрыемстве Лукашэнкі!
Цяпер чакаем ходу з боку нашых чыноўнікаў. Цікава, чым яны адкажуць?
Вядома, можна не сумнявацца, што без «Базара» тутэйшыя знаўцы «сапраўднага мастацтва» не застануцца. Заўсёды знойдзецца той, хто праспявае пра «любімую, якую не аддаюць». Праблема толькі, што з кожным днём чарга з жадаючых выказаць сваю любоў і адданасць становіцца ўсё карацейшай, а кошт на публічную дэманстрацыю пачуццяў — усё вышэйшым.
І вельмі хутка можа стацца, што аплачваць гэтую любоў акажацца не па кішэні. Вось тады і ўбачым, ці шмат жадаючых знойдзецца спяваць і скакаць на нашым «Тытаніку»?