Maruv таксама не едзе на «Славянскі базар у Віцебску»
Стала вядома, што яшчэ адна артыстка адмовілася ад удзелу ў «Славянскім базары ў Віцебску» — гэта ўкраінская спявачка Maruv.
Пра тое, што Ганна Корсун, якая выступае пад сцэнічным псеўданімам Maruv, не прыедзе ў Віцебск 29 сакавіка паведаміў тэлеграм-канал «Євробачення Україна — Eurovision Ukraine», пішуць «Народныя навіны Віцебска».
Менавіта Maruv стала пераможцай украінскага адбору на «Еўрабачанне» ў 2019 годзе. Раней гэты канал апублікаваў скрыншоты каментароў ад прыхільнікаў спявачкі ў яе Іnstagram з просьбамі адмовіцца ад паездкі ў Беларусь.
Maruv выступала на «Славянскім базары ў Віцебску» ў 2018 годзе. У 2019 годзе яна таксама была заяўлена на канцэрце «Europa plus TV. Hit non-stop у Віцебску», але так і не з’явілася на сцэне.
Нагадаем, што раней наконт «Базара» выказаліся комік Міхаіл Галусцян і спявак Аляксандр Іваноў і яго гурт «Ронда». Яны заявілі, што іх уключылі ў спіс удзельнікаў без іх ведама. Яны ў Віцебск не прыедуць. Рэпер Homie таксама адмовіўся ад запрашэння.
Да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праз звароты да артыстаў у сацсетках беларусы вымусілі адмяніць агітацыйныя канцэрты за Лукашэнку напярэдадні галасавання, — практычна ўсе замежныя зоркі адмовіліся ехаць у Мінск.