«Гісторыя яшчэ скажа праўду». Платон Галавач, ахвяра «Чорнай ночы»

З 29 на 30 кастрычніка 1937 года у засценках мінскага НКУС былі расстраляныя 132 дзеячы культуры, навукі і мастацтва — «цвет» беларускай нацыі. Успамінаючы гэтую дату, звычайна гавораць пра паэтаў, але забітыя былі і пісьменнікі. Адзін з іх — Платон Галавач.

Платон Галавач. Фота: wikipedia.org

Платон Галавач. Фота: wikipedia.org

Так бывае, што апошняя кропка ў лёсе чалавека, пастаўленая куляй, закрывае сабой усё папярэдняе, што ён паспеў «нажыць», нахадзіць, надумаць і напісаць. Беларуская гісторыя, на вялікі жаль, ведае шмат такіх прыкладаў — адна толькі ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года пакінула ў архівах дзясяткі такіх лёсаў.

Звычайна, калі пішуць пра расстралянага паэта, пісьменніка, навукоўца, важнымі становяцца толькі тыя пункты ў яго біяграфіі, якія «прывялі» яго да расстрэлу: напрыклад, творчая ці крытычная дзейнасць, сувязі, зносіны, грамадскія погляды і г. д. Гвалтоўная смерць яшчэ больш падсвятляе важнае, яркае, таленавітае, але і адбельвае плямы на рэпутацыі, сумнеўныя ўчынкі і выказванні, выносіць па-за дужкі тое, чым сёння ўжо не пахвалішся. Сярод тых 132 прадстаўнікоў беларускай культуры, якіх забілі ў «Чорную ноч» савецкія каты, было нямала такіх постацей, і адна з іх — вельмі неадназначная, супярэчлівая, дзесьці нават загадкавая — Платон Галавач.

Як і шмат для каго з таго пакалення, лёс не быў ласкавым да будучага пісьменніка ад самага пачатку, пазбавіўшы яго самага неабходнага для таго, каб трывала стаяць на нагах і вучыцца хадзіць па гэтай зямлі — мацярынскай любові і падтрымкі. Маці Платона памерла, калі хлопчыку было ўсяго паўтара года. Дакладных звестак пра тое, хто далей займаўся яго выхаваннем, няма, але вядома, што ў сям'і было пяцёра дзяцей і старэйшы хлопец Андрэй быў прыкладам для малодшых. Наўрад ці памылюся, калі скажу, што ён аказаў вялікі ўплыў на Платона, які, быццам у эсэ Абдзіраловіча, у дарослым жыцці спрабаваў сумяшчаць у сабе творцу і партыйнага работніка.

З самага малку Галавач зведаў кошт фізічнай працы. Каб дапамагчы сям'і выжыць, маленькі хлопчык наймаўся пасвіць скаціну. Дый увогуле сялянскае жыццё было яму добра вядомым, бо і «інтэлігенцкія» часы прыйшлі да яго са спазненнем: вучыцца не было калі, а без адукацыі «выбіцца ў людзі» было складана.

Можа, нічога б з таго і не было, і не пісала б я цяпер пра Платона Галавача, калі б не падпольная камсамольская дзейнасць яго брата. Забароненая ў дарэвалюцыйныя часы літаратура была тым зернем, з якога потым вырас адданы камуніст і партыйны дзеяч. У свае 17 гадоў Галавач арганізоўваў камсамольскія ячэйкі на роднай Бабруйшчыне, а ў 19, заўважаны Бабруйскім павятовым камітэтам камсамола, быў адпраўлены ў Мінск — вучыцца ў партыйна-савецкай школе. На дварэ быў 1922 год, вось-вось мусіла ўтварылася новая дзяржава, камуністы моцна трымалі ўладу і патрабавалі свежых сіл, падпіткі, падтрымкі — у тым ліку і ад літаратараў. Платон пісаў невялікія празаічныя замалёўкі, у якіх расказваў пра дзейнасць камсамола, і друкаваліся яны ў газеце з вельмі гаваркой назвай: «Камуніст» (або «Юны камуніст»).

Такім чынам партыя паспрыяла таму, каб звычайны вясковы хлопец атрымаў і адукацыю (у 1926 годзе Платон Галавач скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі), і «квіток у жыццё». І квіток не абы-які: Галавач быў членам ЦК КПБ і ЦВК БССР, першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і нават намеснікам наркама асветы. Паслужны спіс уражвае. Здавалася б, ідзі пашукай яшчэ такога камуніста. 


Глядзіце таксама

Яскравы факт, які сведчыць не на карысць нашага героя: у 1934 годзе з-пад рукі Платона Галавача выйшаў нарыс «Ад Мядзвежай гары да Белага мора» пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Натуральна, не разгромны (інакш бы не выйшаў), але і далёка не стрыманы, як таго можна было б чакаць. Шырока цытуецца з гэтага нарыса фрагмент пра працу карнікаў ГПУ:

«На Беламорбудзе было сабрана некалькі дзесяткаў тысяч былых злачынцаў розных катэгорый. Да іх у лагеры АДПУ аднесліся як да людзей, паказалі мэту, вартую вялікай адвагі і геройства, ім сказалі, што неабходна злучыць каналам два моры, не схаваўшы ад іх цяжкасцей /.../ забяспечылі вопраткай, харчамі, вучобай і навучылі працаваць. /.../ Перамагла праўда, якую расказалі гэтым людзям "страшныя" чэкісты, пра якіх усе гавораць з пачуццём вялікай любові».

І як жа так сталася, што гэтыя «ветлівыя людзі» ў блакітных фуражках падвялі рысу пад жыццём такога адданага камсамольца? 

Тут выходзіць на сцэну зусім іншы Платон Галавач — пісьменнік, публіцыст, крытык, аўтар «Дробязяў жыцця», «Спалоху на загонах», «Уцекача» і іншых празаічных твораў. Той, хто збіраўся выдаць кнігу пра Кастуся Каліноўскага (але не паспеў). «Другая душа» Галавача адкрыта крытыкавала савецкую рэчаіснасць: там, дзе трэба было пісаць пра поспехі калектывізацыі, ён паказваў, як сяляне супраціўляюцца калгасам; дзе савецкі чалавек мусіў быць героем, у Галавача ён — дэзерцір; дзе з характараў пакідалі толькі захапленне савецкай дзяржавай, энтузіязм і адданую працу на карысць любімай дзяржавы, Галавач крытыкаваў такі сацрэалізм і чакаў ад яго сапраўдных пачуццяў, перажыванняў, унутранай барацьбы.

Варта сказаць таксама, што ў кар'еры Платона Галавача было і рэдактарства. Ён працаваў у «Чырвонай змене», «Маладняку», «Полымі», добра ведаў тагачасную літаратурную сітуацыю. Як член «Маладняка» і «БелАПП» удзельнічаў у нападках на «ўзвышаўцаў», ганіў іх у прэсе і дазваляў друкаваць разгромную «крытыку» на іх у тых выданнях, дзе працаваў.  Напрыклад, з яго водгуку на новы зборнік Язэпа Пушчычытаем такое:

«В поэзии поэт Пушча с первых же шагов показал свое лицо национал демократа, и надо сказать, что за это его очень мало били. /.../ Перед Пушчей был поставлен вопрос: или — или. /.../ Но и после „Лістоў да сабакі“ Пушча не только не приблизился к нам, а наоборот:

Узносім перад сонцам чары І п’ем віно за сьлёзы продкаў. Калі зьбяруцца з громам хмары, Тады наноў расставім кропкі.

Это признание классового врага».


Глядзіце таксама

Разам з тым, яго сучаснікі, якія перажылі рэпрэсіі, згадвалі Галавача толькі добрымі словамі. «Ён заўсёды з кожным быў прыветлівы і стараўся трымацца роўным. У час гутаркі ніколі не перабіваў свайго субяседніка. Спачатку даваў магчымасць выказацца яму, а потым ужо гаварыў сам, ніколі ні на каго не павышаў голасу. Скажу шчыра — не любіць яго была нельга», гаварыў пісьменнік Павел Пруднікаў

У водгуку на дэбютны зборнік пісьменніка «Дробязі жыцця» класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, які, на жаль, таксама пазней быў расстраляны савецкімі карнікамі, адзначаў, што «творы Галавача з задавальненнем і карысцю прачытае самы масавы чытач». 

Увогуле «жыццё» ў назвах твораў, зборнікаў, раманаў на той час было з'явай нярэдкай. Пісьменнікі быццам толькі-толькі расплюшчылі вочы і ўбачылі тое, што іх акаляе, што для кожнага з іх было праявамі плыні часу, энергіі вакол. Увага канцэнтравалася на знешнім свеце, бо ва ўнутраны зазіраць не дазвалялася, хаця некаторыя асмельваліся — як, напрыклад, Кузьма Чорны. У гэтым сэнсе проза Платона Галавача — яркі прыклад антысавецкасці, вораг сацрэалізму. Сапраўдная ўвага да дробязяў, дэталяў, быццам наўмысна падкрэслены псіхалагізм герояў робяць яе адной з найлепшых узораў тагачаснай літаратуры.

Узяць хаця б як прыклад апавяданне «Уцякач» (ёсць у томе «Расстраляная літаратура» серыі «Беларускі кнігазбор»). Як я ўжо адзначала вышэй, у аснове сюжэту — гісторыя чырвонага салдата падчас грамадзянскай вайны. Знаходзячыся ў акопах на лініі фронту, па іншы бок якой — белыя, якім невядома чаго ўздумалася мяняць новы лад жыцця, Павел Голуб думаў толькі пра тое, як уцячы. І не таму, што не блізкія яму чырвоныя ці не падабаецца новы лад — а таму што страшна. 

Пасля гэтай фразы можна было б чакаць звыклага патрыятычнага пафасу ў духу «савецкія людзі героі і не церпяць здраднікаў», аднак не. Маладзёну, які бачыць, як адзін за адным падаюць на полі бою нерухомымі яго таварышы, часам нават вельмі бязглузда сустракаючы смерць, не хочацца разменьваць такое каштоўнае жыццё невядома дзеля чаго. І чым даўжэй не знаходзіць яго куля, тым мацней у ім жаданне збегчы. 

«Страх не пакідае Голуба... Ноччу ён трызніць... Яшчэ страшней ад цішыні, ад чакання... Нараджалася жаданне: хутчэй бы ўжо забілі, ці што іншае — абы не чакаць, абы не мучыцца...

...

— Чаго мы ляжым? Ці туды б, ці сюды — усё роўна...

Сусед з фабрычных, зямляк, са здзіўленнем пазіраў на Голуба.

— А табе што, не ляжыцца?.. Было б сілы болей — пайшлі б уперад, а няма — паляжаць трэба і так. Ты чаго?..

— Страшна мне, браце. Ляжыш, чакаеш і ведаеш, што смерць чакае. Каб хутчэй яно! Ці хоць бы стралялі, а то маўчаць. Ды яшчэ разам ведаеш, што пільнуюць, каб забіць.

— Дык што ж па-твойму?

— Не ведаю. Хочацца дадому, да сваіх. Малады я яшчэ... Навошта столькі людзей б'юць?..»


Глядзіце таксама

Лёгкая, ненавязлівая проза Галавача ў большасці сваёй пазбаўленая чаканых штампаў, чытаецца хутка і нават з задавальненнем — што рэдкасць для літаратуры таго часу. Чалавек такога таленту мог бы шмат зрабіць, шмат чаго яшчэ стварыць, калі б яго жыццё не абарвала чэкісцкая куля. Адзін за адным Платон Галавач рабіў недаравальныя крокі, якія ў рэшце рэшт прывялі яго да смяротнага выраку. Па-першае, не даравалі яму спробу выйсці з партыі. Так-так, той самы Платон Галавач, пра апантаны камунізм якога я расказвала першую палову тэксту, аднойчы ўчыніў бунт — і напісаў заяву на выхад з КПБ.

«Гэтая мая заява — ёсць заява аб маім адыходзе ад партыі. Крок гэты я раблю з вялікай больлю, але не зрабіць яго не магу, бо ў апошнія часы, вось ужо некалькі месяцаў мяне мучыць становішча раздвоенасьці паміж літаратурнай работай і той грамадзкай работай, якую я павінен несьці як член партыі і якая не дае мне магчымасьці для творчага майго росту як пісьменніка».

Адбылося гэта ў 1930 годзе, якраз тады, калі прайшла першая хваля масавых рэпрэсій сярод літаратараў — па справе так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Галавач не змог стрываць таго, што рабілі з людзьмі, але і не мог сказаць таго адкрыта. Заява была настолькі нечаканай, так ашаламіла беларускае партыйнае кіраўніцтва, што ніхто не адважыўся яе падпісаць — і ліст адправілі ў Маскву. Натуральна, што нікому не быў патрэбны такі прэцэдэнт, і неўзабаве пад ціскам пісьменнік вымушаны быў публічна «пакаяцца» — маўляў, глупства зрабіў, больш так не буду.

Не прабачылі Галавачу і заступніцтва за апальных творцаў. Чалавек, які сам ганіў паэтаў з «Узвышша», станавіўся на бок тых, хто трапляў пад увагу чэкісцкага паслугача Лукаша Бэндэ. Так, напрыклад, Галавач заступіўся за Змітрака Бядулю, чые творы ў 1930-я «пляжылі» на старонках газет, і за Уладзіміра Хадыку (таксама рэпрэсаваны пазней, загінуў у канцлагеры), чые вершы ўласнаручна рэдагаваў.


Глядзіце таксама

Яшчэ адна грубая, недаравальная памылка — рэдагаванне і друк «нацдэмаўскіх» вершаў Янкі Купалы, таго самага забароненага 6-га тома, праз які дасталося і класіку. Гэта прыгадалі нашаму герою ў характарыстыцы ГПУ.

Па Платона Галавача прыйшлі 11 жніўня 1937 года. Яго абвінавацілі ў «нацдэмаўшчыне», за што ў 1934 годзе (паводле іншых звестак — у 1937-м) ўсё-ткі пісьменнік быў выключаны з партыі, а таксама ў «арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі» і «правядзенні нямецка-фашысцкай дзейнасці». Падчас ператрусу следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў, сярод якіх, верагодна, былі раманы «Ён», «Дарога ў свет» і «Вялікі Дняпро» і тая самая кніга пра Кастуся Каліноўскага. Іх спалілі.

Падчас допытаў ад Галавача патрабавалі даносаў і агавораў іншых літаратараў. Закатаваны, ён адмовіўся выконваць гэтыя патрабаванні, але агаварыў сябе — прызнаў «віну» і на наступную ноч пасля гэтага быў расстраляны. Пісьменніку было 34 гады. 

Па сабе ён пакінуў запіску: «Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа сваю праўду. Платон».