Голас з Уханя
Сярод галасоў і енкаў свету ў часе пандэміі нечакана прабіваецца адзін цвярозы голас з Уханя, дзе пачаўся сучасны мор. Кітайская пісьменніца, жыхарка Уханю Фанг Фанг публікуе на аснове сваіх каранцінных запісаў, даступных у кітайскім сэрвісе мікраблогаў Sina Weibo, кнігу «Уханьскі дзённік Фанг-Фанг».
Адзін лекар сказаў мне: «Мы ведалі раней, што хвароба перадаецца чалавеку, аб чым паведамілі вышэй, аднак ніхто не папярэдзіў людзей».
38-ы дзень каранціну, «Уханьскі дзённік Чанг-Чанг».
Кніга з'явіцца за межамі Кітая — у Еўропе і Паўночнай Амерыцы — у канцы
лета – пачатку восені 2020 года пад назовам «Ухань, закрытае места».
На фоне абвінавачванняў Кітая ўсім светам, асабліва ЗША, з'яўленне кнігі ў самім Кітаі немажлівае. Бы антычная гераіня, якая ігнаруе дзяржаўны інтарэс і нацыяналісцкую істэрыю, яна дорыць свету і, перадусім, родным уханьцам святло праўды. Свету ж будзе цікава пачуць голас не партыі, не дзяржавы і нават не кітайскіх медыкаў, а голас пісьменніцы, ізаляванай у каранціне ва Ухані. Пісьменніцы, якая падзяліла Кітай: для адных яна стала здрадніцай, для іншых — гераіняй і сапраўднай пісьменніцай, якая захавала адданасць і вернасць адзінай сваёй радзіме — літаратуры.
Ніхто не чакаў ад шасьцідзесяціпяцігадовай Фанг Фанг, афіцыйнай пісьменніцы, лаўрэаткі прэстыжных кітайскіх літаратурных прэміяў, старшыні хаўрусу пісьменнікаў правінцыі Хубэй такога выкіду, смеласці. Хоць сама яна не бачыць у гэтым ніякай смеласці, яна проста зрабіла сваю працу пісьменніцы і напісала, тое, што адчувала, тое, што пісала заўсёды. І яе здзівіла рэакцыя ўлады, бо ў каранцінным дзённіку яна як крытыкуе, так і хваліць улады, якія не адразу, але ўсё ж-ткі падключыліся і спынілі распаўсюд пошасці ў краіне. Праўда, пошасць па віне ўлады пайшла ў свет.
Да каранціннага дзённіку Фанг Фанг, якая паходзіць з заможнай інтэлектуальнай сям’і, напісала некалькі дзясяткаў раманаў, эсэ і сталася жывой класікіняй кітайскай афіцыйнай літаратуры. Яна спрычынілася да развіцця неарэалізму ў кітайскай літаратуры, стаўшы адной з галоўных актыватарак гэтай плыні ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя.
Апошнія сорак год пісьменніца з гумарам і пяшчотай, але заўсёды ў праўдзіва-змрочных танах апісвае у сваіх аповедах і раманах жыццё «маленькага чалавека» Уханя. Насамрэч, падчас каранціну яна проста працягнула пісаць тое, што апісвала заўсёды: свае прывілеі і нябачнасць жыцця простых уханьцаў. І цягам апошніх месяцаў яна сталася ахвярай кібергвалту з боку нацыяналістаў, атрымала дзясяткі ананімных пасланняў з пагрозамі і афіцыйныя палітычныя лісты ў прэсе, падпісаныя актыўнымі грамадзянамі і патрыётамі Кітая. Так, апублікаваны «Ліст (ананімнага) ліцэіста цётцы Фанг Фанг», за якім хавалася партыя, зразумелы ўсім, хто зведаў савецкі досвед існавання: у наіўнай і ідэалагічнай манеры ліцэіст крытыкуе слынную пісьменніцу і стараецца навучыць яе быць добрай кітаянкай і не ўмешвацца ў пытаньні палітыкі.
Пісьменніца адразу ж зрэагавала на такі ліст і адкрыта пасмяялася з наіўнасці і недалёкасці новага пакалення кітайцаў, спаслаўшыся на тысячагадовую кітайскую мудрасць: «Каліўкі попелу часу, аселыя на галаве чалавека, — гэта ўжо цэлая гара». Наўрад ці ананімы зразумелі мудрагелістасць і вобразнасць адказу Фанг Фанг, якая такім парадкам паказала агульныя адказнасць, спачувальнасць і саўдзел кожнага ў тым, што адбываецца.
Аднак, як заўважае ў інтэрв'ю пісьменніца, нападкі яе зусім не турбуюць, яе больш цешыць падтрымка кітайскіх чытачоў: так на сваёй старонцы ў Sina Weibo яе дзённік атрымаў больш за 190 000 падабаек.
Весці публічны дзённік яна пачала 25 студзеня 2020 года. Тэксты пісьменніцы сталіся амаль адзінымі неафіцыйнымі звесткамі пра каранцін у Кітаі, якія не чысціліся цэнзурай. Калі-нікалі, праўда, старонка пісьменніцы блакавалася дзеля праверкі, але потым заставалася даступнай для ўсіх. З гэтай нагоды ў лютаўскім пасланні Фанг Фанг з гумарам заўважыла: «Зноў добрае надвор’е. Дзень добрае, іншы дрэннае — як мой дзённік: аднаго дня ён не блакуецца, іншага дня заблакаваны».
Пісьменніца ўдала пераходзіць ад прыватнага да публічнага, ад эстэтычнага да жудаснага, апісвае руціну каранціну, а таксама выказваецца на палітычныя і філасофскія тэмы, рэагуе на ідэалагічныя пасланні кітайцаў, якія лазунгамі нахвальваюць партыю і перамогу над вірусам: «Боль жыхароў Уханя не суняць выкрыкваннямі лозунгаў», — пазначае яна 12 лютага. На маўчанне інтэлігенцыі і бальшыні насельніцтва пісьменніца рэагуе лаканічна: «Калектыўнае маўчанне — найстрашнейшая рэч (падчас каранціну)».
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што Фанг Фанг — не адзіная, хоць найбольш чытаная, пісьменніца, якая не маўчала падчас каранціну. Так, рэдактарка і журналістка Ху Шулі на самым пачатку эпідэміі напісала нязручны для ўладаў артыкул аб тым, чаму Кітай запознена зрэагаваў на вірус. А паэтка і санітарка Вэй Шуйінапублікавала вершы пра жудасную руціну ў бальніцы хуткай дапамогі падчас эпідэміі. Вершы хутка былі вынішчаныя цэнзурай з кітайскага аналагу Твітара.
На жаль, тэксты Фанг Фанг застаюцца не даступныя для беларускага чытача, не зважаючы на актыўную дзейнасць беларуска-кітайскага культурнага і перакладніцкага дыялогу.
Тым не менш, дзясяткі мільёнаў кітайцаў усё ж такі прачыталі дзённік Фанг Фанг. І, як сведчаць сотні тысячаў пасланняў падтрымкі ў адрас пісьменніцы, літаратура зноў і зноў становіцца аддушынай у час, калі ані палітыка, ані медыцына не спраўляюцца са сваёй місіяй. У той час, калі адны кітайцы бачаць у Фанг Фанг ворага N 1, а іншыя — будучую набілянтку, сама пісьменніца ў дзённіку ў сваім традыцыйным змрочным стылі заклікае не цешыцца «перамогай партыі»: «Памятайце, гэта не перамога, а толькі завязка».Кніга з'явіцца за межамі Кітая — у Еўропе і Паўночнай Амерыцы — у канцы
лета – пачатку восені 2020 года пад назовам «Ухань, закрытае места».