Абвешчаны прыём заявак на Конкурс «Экслібрыс» імя Караткевіча

Нягледзячы на эпідэміялагічныя дадзеныя, нішто не можа забраць у беларусаў юбілей улюбёнага пісьменніка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. У год, калі яму споўнілася б 90 гадоў, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» абвяшчае пра пачатак прыёму прац на конкурс для маладых літаратараў «Экслібрыс».

15ee11bdcc04b5de37b98159c53c3ae2.jpg

Сёлета на конкурс будуць прымацца літаратурныя працы ва ўсіх жанрах, у якіх ствараў Караткевіч: вершы, паэмы, апавяданні, раманы, эсэ, пераклады, пьесы і кінасцэнары.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаецца творчая моладзь ва ўзросце да 35 гадоў. Увага: да разгляду прымаюцца толькі тэксты, не апублікаваныя ў друку.
Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце. doc(.docx) да 1 лістапада 2020 года на адрас sbp@lit-bel. org, пазначыўшы тэмай ліста «Конкурс». У лісце мусіць быць наступная інфармацыя: імя, прозвішча, дата нараджэння ўдзельніка/удзельніцы, кантактны нумар тэлефона і e-mail.
Падвядзенне вынікаў і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудуцца ўвосень, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы і дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў. Па выніках конкурсу мяркуюцца публікацыі ў часопісе «Дзеяслоў», штомесячніку «Літаратурная Беларусь» пры газеце «Новы Час».
За ходам конкурсу сачыце на сайце lit-bel.org.
Штогадовы конкурс для маладых літаратараў «Экслібрыс» заснаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў 8 год таму і штораз мае новую тэму. Першы ў 2012 годзе быў прысвечаны класікам-юбілярам беларускай літаратуры Паўлюку Багрыму, Якубу Коласу, Янку Купалу, Алесю Гаруну, Цішку Гартнаму, Максіму Танку, Янку Брылю і Міхасю Стральцову, другі (2013) — Янку Маўру, трэці (2014) — Аляксандру Уласаву, чацвёрты (2015) — Рыгору Барадуліну, пяты (2016) — Антону Луцкевічу, шосты (2017) — 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і Францішку Скарыну. У 2018 годзе «Экслібрыс» быў прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Летась — Анатолю Сысу.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"