«Хто я, дурніца з трыма вышэйшымі адукацыямі?» Пакручысты лёс Веры Паляковай-Макей

Канцэрты на разнастайныя дзяржаўныя святы ў Беларусі арганізоўваюцца, як правіла, за кошт бюджэтных сродкаў, то-бок на грошы падаткаплатнікаў. Пры гэтым удзельнічаць у іх запрашаюць выключна лаяльных уладзе выканаўцаў і вядоўцаў. Адна з частых госцяў — акторка Вера Палякова-Макей, удава экс-міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. Так, нядаўна стала вядома, што за працу вядоўцай на канцэрце да Дня незалежнасці сёлета яна атрымала 1,3 тысячы рублёў. «Зеркало» расказвае пра гэтую жанчыну: яе два шлюбы і працу на тэлебачанні, выкладанне ў Наталлі Эйсмант і выкарыстанне службовага становішча мужа, а таксама пра русіфікацыю тэатра, які яна цяпер узначальвае. 

Вера Палякова і Уладзімір Макей

Вера Палякова і Уладзімір Макей

Старт кар’еры і першы шлюб

Вера Палякова нарадзілася ў 1978 годзе ў Мінску. Прычым яе сям’я была не зусім звычайнай для СССР.

Яе бацька Аляксандр усё жыццё хацеў быць артыстам, але паступіў у радыётэхнічны інстытут, бо гэтага хацелі бацькі. Працаваў на заводзе, потым стаў прадпрымальнікам. Пра маці Веры, Таццяну Палякову (у дзявоцтве Рудзіну), калегі пісалі, што яна «вырасла ў сям'і, у якой па матчынай лініі многія трывала звязалі свой лёс са спортам найвышэйшых дасягненняў: адны стрыечныя браты і сёстры заваёўвалі медалі на ўсесаюзных першынствах, іншыя станавіліся чэмпіёнамі свету, трэція — заслужанымі трэнерамі краіны». У маладосці жанчына займалася стральбой, потым пайшла ў навуку. Абараніла доктарскую дысертацыю па педагогіцы, узначальвала Навукова-даследчы інстытут фізічнай культуры і спорту, была прарэктаркай па навуковай рабоце сталічнага Універсітэта фізічнай культуры. Маці акторкі працуе ў гэтай ВНУ дагэтуль.

«У мяне па мамінай лініі Ніканчыкавых цэлая дынастыя фехтавальшчыкаў. Ёсць нават алімпійскія чэмпіёны», — казала Вера Палякова ў інтэрв'ю. Гаворка пра Аляксея Ніканчыкава, срэбнага прызёра Алімпійскіх гульняў — 1968 у камандных спаборніцтвах, пяціразовага чэмпіёна свету. У 1972-м, калі яму быў усяго 31 год, ён трагічна загінуў: атруціўся выхлапнымі газамі, грэючыся ва ўласнай машыне, калі тая стаяла ў гаражы. Яго жонка Дзіяна Ніканчыкава была трохразовай чэмпіёнкай свету ў камандным заліку.

«У дзяцінстве я марыла быць Алай Пугачовай, — прызнавалася акторка. — Я надзявала бабуліна вясельную сукенку, кучаравы парык, брала ў рукі што-небудзь замест мікрафона і спявала „Миллион алых роз“. Сама папрасіла бацькоў, каб яны адвялі мяне ў музычную школу і купілі піяніна. Я скончыла школу па класе фартэпіяна, закрыла інструмент і… з таго часу больш ніколі яго не адкрывала. Да 12 гадоў вучылася ў школе з харавым ухілам: у мяне быў вельмі прыгожы голас — каларатурнае сапрана, але з часам ён мутаваў. Потым мы пераехалі на новую кватэру, паблізу не было музычнай школы, затое праз сквер быў тэатральны ліцэй».

«Наогул, мама вельмі хацела, каб я пайшла ва ўніверсітэт фізкультуры, — таксама казала Палякова (што лагічна, раз жанчына там працавала). — Я нават рыхтавалася да паступлення. Але сама заўсёды ведала, што буду артысткай». Яе маці была катэгарычна супраць, а вось бацька ставіўся да гэтага мякчэй, але не хацеў пярэчыць жонцы. У выніку рашэнне пайсці супраць іх волі Вера называла сваім самым цяжкім рашэннем у жыцці. «Бацькі мае прызналі мой талент, калі так можна назваць тое, што я нешта магу на сцэне, калі мне было 30 гадоў. Да 30 гадоў яны ўсё роўна лічылі, што гэта абы-што, а не прафесія», — казала жанчына. Гэты юбілей яна адсвяткавала ў 2008 годзе. Супадзенне ці не, але менавіта тады яна выйшла замуж за Уладзіміра Макея і трапіла на тэлебачанне (да гэтага мы яшчэ вернемся).

У 17 гадоў, ужо студэнткай, Вера Палякова грала галоўную ролю ў спектаклі «Дрэйфус» у Малым тэатры (цяпер гэтага калектыву не існуе) у рэжысёра Ігара Забары. У 1999-м скончыла Акадэмію мастацтваў. Потым працавала ў Купалаўскім тэатры, ТЮГу і Горкаўскім.

Адзначым, што ўсе гэтыя імклівыя пераходы адбыліся цягам вельмі кароткага перыяду, а ўжо ў 2001-м Палякова перайшла ў Тэатр-студыю кінаактора. Чым тлумачыцца такая частая змена працы? Пра адыход з Горкаўскага яна казала наступнае: «Пайшла ў нікуды, бо зразумела, што не змагу замкнуцца толькі на [гэтым] тэатры, як хацеў галоўны рэжысёр». А вось прычынай аднаго з двух іншых адыходаў магло стаць асабістае жыццё. Вера рана выйшла замуж, але першы шлюб не склаўся. Хто быў яе мужам, акторка ніколі публічна не казала. Паводле чутак, ён працаваў разам з ёю ў Купалаўскім тэатры, але ў гэтай інфармацыі няма пацверджання. У шлюбе з гэтым чалавекам Вера ў 1999-м (то-бок у 21 год) нарадзіла сына Дзмітрыя і доўгі час выхоўвала яго сама.

Энергічнай Паляковай, відаць, сапраўды было цесна ўнутры аднаго калектыву. «Мне з дзяцінства ўдаецца быць усюды, і ніхто не пакутуе ад маёй адсутнасці. Нават выкладчыкі ў Акадэміі здзіўляліся: у мяне атрымлівалася здымацца ў кіно, граць у тэатры, і пры гэтым яны не адчувалі маёй адсутнасці на курсе», — казала яна ў інтэрв'ю.

Як мы ўжо згадвалі, у 2001-м Палякова перайшла ў Тэатр-студыю кінаактора, куды яе запрасіў мастацкі кіраўнік калектыву, кінарэжысёр Аляксандр Яфрэмаў. «Ведаў мяне па здымках у яго фільме „Павадыр“ (хутчэй за ўсё, Вера грала там у масоўцы. — Заўв. рэд.). З таго часу я на гэтай сцэне. Пачынала з чвэрці стаўкі, потым перайшла на палову, а пасля шчыльна ўвайшла ў рэпертуар і затрымалася», — успамінала яна.

Паралельна з працай у тэатры акторка займалася і іншымі праектамі. У 2007-м выпусціла першы (і, мяркуючы з усяго, апошні) музычны альбом з немудрагелістай назвай «Актриса» — на прэзентацыю тады прыйшлі зорныя Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, а таксама іншыя прадстаўнікі беларускай эстрады: Аляксей Хлястоў, Іскуі Абалян, Гюнеш, Іна Афанасьева, Аляксандра Гайдук, Ганна Шаркунова.

Паралельна Вера працавала ў Акадэміі мастацтваў — старшай выкладчыцай сцэнічнага руху і фехтавання (тут, відавочна, спатрэбіліся сямейныя навыкі ў спорце) тэатральнага факультэта. Сярод яе студэнтаў самага першага выпуску была і Наталля Эйсмант — цяперашняя прэс-сакратарка Лукашэнкі.

Шлюб з Макеем і спроба пакінуць Палякову дома

Мяркуючы з усяго, найбольшыя грошы акторцы прыносіла праца на тэлебачанні. 14 студзеня 2008 года Першы нацыянальны тэлеканал (цяпер называецца «Беларусь 1») паведаміў пра хуткі выхад жаночага ток-шоу «Жизнь как жизнь», якое пачала весці акурат Палякова. Першая праграма выйшла ў эфір 25 студзеня.

Вера Палякова і Уладзімір Макей

Вера Палякова і Уладзімір Макей

У сувязі з гэтым ёсць цікавы нюанс. Як вядома, у шлюбе з Макеем акторка была 17 гадоў — значыць, яны ажаніліся акурат у 2008-м (гэтая ж дата называецца і ў шэрагу публікацый пра гэтую пару). Пазнаёміліся ж яны на навагоднім прыёме ў Аляксандра Лукашэнкі. «Спачатку проста размаўлялі. Мне заўсёды было прыемна з ім пагаварыць, а яму заўсёды было прыемна пагаварыць са мной. Ён сказаў, што закахаўся ў маю шчырасць», — успамінала акторка. Дата таго самага прыёму невядомая, але, мяркуючы з усяго, ён адбыўся ў канцы 2007-га (ці на год раней). Атрымліваецца, Вера трапіла на тэлебачанне неўзабаве пасля знаёмства з Макеем — тады памочнікам Лукашэнкі, якога ў ліпені 2008-га прызначаць кіраўніком Адміністрацыі палітыка. Супадзенне ці не — пытанне адкрытае.

Ужо ў ліпені 2009 года Палякова нарадзіла ў шлюбе з Макеем сына Арцёма. У кадры акторка з’яўлялася практычна да самых родаў, а пра сваю цяжарнасць абвясціла ў адным з выпускаў уласнай праграмы. Пасля нараджэння сына акторка пайшла ў дэкрэт і на тэлебачанне пасля яго не вярнулася. Ролю ў гэтым зноў адыграў муж.

«Дамовіліся, што я не ўмешваюся ў яго працу, ён не ўмешваецца ў маю. Як і любому мужчыну, яму хацелася, каб я была дома. Ён спадзяваўся: раз я так моцна яго кахаю, то ўсю сябе пакладу на алтар сям'і. Але мне з дзяцінства ўдаецца быць усюды, і ніхто не пакутуе ад маёй адсутнасці. Адзіны раз мы з мужам не знайшлі кансэнсусу, калі я працавала на тэлебачанні. На думку некаторых, жонка міністра мусіць сядзець дома і варыць баршчы. Я саступіла і пакінула тэлевізійны праект», — казала Вера ў інтэрв'ю.

У размовах з журналістамі Палякова-Макей неаднаразова расказвала пра свой побыт і адносіны з мужам. «Я звычайная жанчына. Раніца пачынаецца ў 6.15 на кухні: сняданак, абед і вячэра для сям'і павінныя быць кожны дзень! У вольны ад асноўнай працы час мыю, прыбіраю, прасую, правяраю ўрокі. Не прапускаю ніводнага школьнага мерапрыемства ў дзяцей», — расказвала яна.

«Бываюць такія дні, калі Уладзімір Уладзіміравіч прыходзіць дадому настолькі стомленым, што нават можа нейкі час ні з кім не размаўляць. Тады мы стараемся ахаваць яго ад хатняй валтузні. Амаль за адзінаццаць гадоў замужжа навучылася трапляць у яго настрой. Нават калі [хачу сказаць] нешта важнае, чакаю патрэбнага моманту. Хоць па гаспадарцы ён умее рабіць літаральна ўсё. Пра такіх кажуць: мужык з рукамі. Можа з сынам і градкі ўскапаць, і зеляніну пасеяць. Яшчэ з малодшым займаецца матэматыкай і англійскай, разам рашаюць лагічныя задачкі. І ў сына вельмі добрыя поспехі», — дадавала яна.

Ужо пасля смерці мужа Палякова-Макей казала: «Адзінае, чаму на сто працэнтаў навучыў мяне мой муж, гэта трымаць удар. Бо я змагалася ў першую чаргу з ім. З тым, каб ён мяне не пасадзіў дома, каб я атрымала пэўныя ўзнагароды». У той жа размове акторка сцвярджала, што Макей, які стаў у 2012-м міністрам замежных справаў, быў адзіным чалавекам, які нібыта выкрэсліваў яе прозвішча з усіх спісаў на ўзнагароджанне. «Прычым усе ведалі, што я ўжо заслужыла сваёй колькасцю роляў, тым, што я рабіла, і гэтак далей. Але ён заўсёды прынцыпова выкрэсліваў. Далей за прэзідыум Саўміна не ішоў ні адзін мой дакумент». Паводле яе, на медаль Францыска Скарыны яе прозвішча падавалі шэсць разоў. «І шэсць разоў ён мяне выкрэсліваў», — сцвярджала яна.

Падобна, на сёмы раз муж здаўся. У 2016-м акторка атрымала запаветны медаль. А 25 лютага 2022-га, на наступны дзень пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне, стала заслужанай артысткай краіны.

Глядзіце таксама

Гастролі ў Італіі і раптоўныя поспехі ў кар’еры

Выказванні Паляковай пра дзяржузнагароды, атрыманню якіх нібыта перашкаджаў яе муж, цалкам могуць быць праўдай. Але трэба падкрэсліць наступнае: да замужжа яна была малавядомай акторкай і выкладчыцай. А вось у дзясятыя гады яе кар’ера перажыла рэзкі скачок.

Ужо ў 2012-м яна стварыла свой прыватны тэатральны праект «ТриТформаТ» (акторка расшыфроўвала назву як «Товарищество Театральных Трудоголиков»). З камедыйным спектаклем «На том же месте, в будущем году…» Вера пабывала ў фінскім Хельсінкі, італьянскім Неапалі і ўкраінскім Кіеве. У 2019-м камедыю «Брачный договор» гэтага ж калектыву паказвалі ў Венецыі. Адзначым, што калектыў фармальна быў прыватным, але за мяжу адпраўлялі менавіта яго, а не дзяржаўныя тэатры. Акрамя таго, напрыклад, выступ у Венецыі (як, імаверна, і ўсе астатнія) арганізоўваўся беларускай амбасадай у Італіі, якая падпарадкоўвалася Уладзіміру Макею як кіраўніку МЗС. Інакш як выкарыстаннем службовага становішча мужа гэта не назавеш.

У 2013-м «Беларусьфільм» выпусціў тэлесерыял «Ой, ма-моч-ки!» з Верай Паляковай-Макей у галоўнай ролі — да гэтага, ды, зрэшты, і цяпер беларусаў рэдка клікалі на галоўныя ролі ў такіх праектах. Асноўнае дзеянне адбывалася ў радзільні, гераіня акторкі працавала ў аддзяленні паталогіі цяжарнасці, дзе жанчынам дапамагаюць вынасіць і нарадзіць дзіця. «Такой вялікай ролі я вельмі доўга чакала. Ведаеце, у мяне слёзы навярнуліся, калі ў тытрах убачыла першым сваё прозвішча. Для нас, актораў, гэта як алімпійскі медаль для спартоўцаў. Бо часцей у першым радку на экране мы бачым прозвішчы каго-небудзь з заезджых маскоўскіх зорак, якія, на жаль, як правіла, проста зарабляюць тут грошы і не паказваюць узроўню майстэрства», — казала акторка.

У 2014-м Палякова-Макей таксама стала вядоўцай кінафестывалю «Лістапад» і вяла яго ў наступныя гады. У 2018-м перамагла ў першай нацыянальнай кінапрэміі. Яе адзначылі за найлепшую галоўную жаночую ролю ў фільме «Ой, ма-моч-ки!-2», знятым на «Беларусьфільме». Праўда, сам форум трапіў у цэнтр скандалу. Як адзначаў партал TUT.BY, у ліку арганізатараў былі зацікаўленыя бакі. Напрыклад, сам «Беларусьфільм», чые карціны былі прадстаўленыя ва ўсіх намінацыях. У складзе журы было пяць прадстаўнікоў кінастудыі. У выніку ў яе актыў трапіла тры чвэрці статуэтак — 15 з 20.

У 2019-м Палякова вярнулася на тэлебачанне і стала вядоўцай на тэлеканале АНТ. Разам з акторам Дзянісам Паршыным яе ўзялі весці перадачу «Наше утро». Апошні неўзабаве сышоў, а вось Палякова затрымалася ў эфіры даўжэй і пакінула ўражанне яркай і вельмі шумнай вядоўцы.

Ці звязаныя ўсе гэтыя поспехі з пасадай мужа? Калі вынесці за дужкі гастролі яе калектыву, дзе ўсё відавочна, непасрэдных доказаў якой-кольвек пратэкцыі няма. Але відавочна, што без Макея Паляковай было б нашмат складаней прабіцца наверх.

Глядзіце таксама

Жонка галоўнага дыпламата і міні-скандалы

Пасля таго як яе муж узначаліў МЗС, Паляковай-Макей хоцькі-няхоцькі давялося ўдзельнічаць у свецкіх мерапрыемствах. Зрэшты, наўрад ці ёй самой гэта не падабалася. Падчас кароткачасовай лібералізацыі канца дзясятых гадоў яна разам з мужам надзявала вышыванку на мерапрыемствах МЗС і вяла свецкія размовы з амбасадарамі — у тым ліку, напрыклад, з украінцам Ігарам Кізімам. Праз некалькі гадоў Расія пры падтрымцы афіцыйнага Мінска нападзе на Украіну, прычым Макей менш чым за тыдзень да пачатку агрэсіі будзе расказваць, што ўсе расійскія войскі, якія бралі ўдзел у вучэннях у нашай краіне, выведуць з тэрыторыі Беларусі.

Пры гэтым эксцэнтрычная акторка не дазваляла сабе гучных палітычных выказванняў, затое трапляла ў іншыя міні-скандалы.

Так, у жніўні 2019-га яе сын Арцём Макей удзельнічаў у праслухоўваннях для нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне». Але ў дзясятцы фіналістаў яго не аказалася. «У мяне няма пытанняў да выбару журы, — заявіла артыстка. — Я да мяжы абураная арганізацыяй мерапрыемства». Сярод іншага, яе тады расчараваў узровень апаратуры і якасць працы гукарэжысёра. «Я 25 гадоў на гэтай сцэне, ездзіла па розных месцах Беларусі. Але ніколі не было такога, каб 25 секунд фаніў мікрафон, а гук выводзіўся са спазненнем. Лічу гэта дыверсіяй, скіраванай супраць мяне як прафесіянала», — абуралася яна. БТ адказала дастаткова мякка: маўляў, адладка мікрафонаў для гурта «Нескучный возраст», дзе спяваў Арцём, праходзіла з удзелам яго ўласнага гукарэжысёра Ігара Савенкі, які «пацвердзіў нармальную працу абсталявання Белтэлерадыёкампаніі».

У кастрычніку таго ж года ў малой зале КЗ «Мінск» прайшоў творчы вечар Паляковай-Макей «Женщина-огонь» у гонар 41-га дня нараджэння акторкі. Сярод гасцей аказаўся і расійскі поп-выканаўца Філіп Кіркораў, які выйшаў на сцэну разам са сваімі дзецьмі і праспяваў «С днем рождения!». У многіх узніклі лагічныя пытанні наконт таго, хто аплачваў удзел расійскай зоркі ў мерапрыемстве. Сям'і давялося апраўдвацца.

Спярша акторка заявіла, што яе сям’я знаёмая са спеваком ужо больш за 20 гадоў: «Наколькі мне вядома, дзеці [Кіркорава] даўно прасілі звазіць іх у госці да Арцёма, паказаць Мінск, у якім яны ніколі не былі. Арцём так расказваў пра Беларусь, што яны вырашылі: гэтая краіна круцейшая, чым Іспанія. Яны са жніўня даймалі: „Тата, паехалі“. І так склалася, што ў Філіпа было акно ў графіку, яны запланавалі паездку і прыехалі. Заадно трапілі на мой дзень нараджэння».

Потым выказаўся і Макей: «Мы ўсе, напэўна, ужо настолькі нізка ўпалі, што не можам верыць у нармальныя чалавечыя адносіны, сяброўства, прыстойнасць, шчырасць. Для ўсіх троляў, канспіролагаў і вынаходнікаў плётак паведамляю: мяне з Філіпам звязвае даўняе сяброўства яшчэ з пачатку 2000-х гадоў. Дзеці нашыя пазнаёміліся сёлета і знаходзяцца ў пастаяннай перапісцы. Жаданне пабываць на творчым вечары жонкі выказаў сам Філіп, за што я яму бясконца ўдзячны. Знаходжанне ў Мінску аплачваў сам Філіп. І калі вы думаеце, што ён усё вымярае грашыма, то вы глыбока памыляецеся».

Ці камунікавала Палякова-Макей з Кіркоравым у апошнія гады, ужо пасля смерці экс-міністра, невядома — ніякай інфармацыі пра гэта не было.

Жыццё пасля Макея і русіфікацыя ТЮГа

Усё змянілася пасля 2020 года. Спярша Палякова-Макей вырашыла прамаўчаць пра пратэсты. Але ў лютым 2021-га выказалася пра апазіцыйнага палітыка Паўла Латушку ў перадачы «Марков. Ничего личного» на тэлеканале АНТ: «Адзінае, чаго я яму ніколі не дарую — што ён выцер ногі аб Купалаўскі тэатр. Што ён разбурыў стагадовую гісторыю тэатра, ён вывеў гэтых людзей (гаворка пра актораў, якія пакінулі тэатр на знак салідарнасці пасля звальнення Латушкі. — Заўв. рэд.) і кінуў іх. Вось гэтага я яму не дарую ніколі. Так, яны не авечкі, яны, відаць, разумелі, што робяць. І я не авечка, я 26 гадоў жыла ў гэтай краіне пры гэтай дзяржаве, і я не лічу, што ўсё было так кепска. Тады хто я пасля гэтага, дурніца з трыма вышэйшымі адукацыямі? Ну як я жыла 26 гадоў і не заўважала, што ўсё так кепска?»

Вера Палякова-Макей

Вера Палякова-Макей

«Купалаўскі тэатр — залаты фонд нацыі, гэта той нацыянальны, духоўны здабытак, пераацаніць значэнне якога для беларускага народа немагчыма, — адказаў ёй сам Латушка. — Трэба таксама разумець, што ён складаецца не з будынка, не з бетону і сталі, ён складаецца перш за ўсё з актораў, з творчага складу, і гэта выбітныя асобы беларускай культуры. З тэатра сышлі народныя артысты, заслужаныя артысты Беларусі <…>. І гэта людзі прымалі рашэнне, кожны з іх — асоба, кожны з іх — асоба ў культуры. І казаць, што хтосьці іх вывеў, хтосьці іх павёў за сабой, хтосьці аб іх выцер ногі — гэта блюзнерства, гэта растаптаць яшчэ раз гэтых людзей, іх пачуцці, іх боль і пакуты. Тыя эмоцыі, якія былі тады, не зніклі, бо рэпрэсіі і гвалт працягваюцца. Так што ніхто нікога не выводзіў, гэта было рашэнне актораў, творчага складу і шэрагу супрацоўнікаў».

У красавіку 2022 года Палякова-Макей ужо сама стала дырэктаркай іншага знакавага сталічнага тэатра — Тэатра юнага гледача. Яшчэ да гэтага яна анансавала, што ўстанова адмовіцца ад працы выключна на беларускай мове: «Я лічу, спектаклі мусяць быць на дзвюх мовах: і на беларускай, і на рускай. Тады ў тэатра ёсць камерцыйная гісторыя. <…> Дзяржава заўсёды падасць нам руку дапамогі, але мы не павінныя сядзець на гэтай прышчэпцы. Мы павінныя навучыцца самі зарабляць грошы».

Адзначым, што ў Беларусі на той момант дзейнічала 29 прафесійных тэатраў. З іх выключна на беларускай працавала ўсяго шэсць. У выніку «дзякуючы» Паляковай-Макей іх засталося пяць: ужо ў чэрвені 2022 года (то-бок усяго праз два месяцы пасля прызначэння акторкі) у ТЮГу паказалі прэм’еру спектакля «Альпы. Сорок первый» паводле аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада». Спектакль ішоў на рускай мове, хоць сам класік пісаў на беларускай.

З таго часу ўсе спектаклі для дарослых у ТЮГу ставіліся менавіта на рускай. У 2024-м там нават паказалі першы спектакль катэгорыі 18+ - камедыю «36 и 6». Прычым у галоўнай ролі перад публікай выступала сама дырэктарка. Гэта аказалася не адзіная пастаноўка, дзе саліравала акторка: яна ж прызначыла сябе на галоўную жаночую ролю ў спектаклі «Мастер и Маргарита», грае і ў цэлым шэрагу іншых пастановак.

У апошнія гады Вера выхоўвае малодшае дзіця адна: яе муж памёр у лістападзе 2022-га. Яму было 64 гады. Выданне «Наша Ніва» сцвярджала, што перад гэтым у сям'і акторкі і дыпламата былі праблемы і што нібыта ў дзень смерці Макей вярнуўся ў свой дом у Драздах адзін, а жонка з малодшым сынам засталася ў іх іншай кватэры. Нібыта першым памерлага міністра знайшоў старэйшы сын акторкі, які паехаў у Дразды пасля няўдалых спробаў сваякоў звязацца з ім праз тэлефон.

«Наша Ніва» таксама пісала, што пасля смерці мужа Вера Палякова-Макей трапіла ў няміласць: перастала весці праграму АНТ «Наше утро» і мерапрыемствы для рэжымнага істэблішменту, а блізкія да ўладаў бізнесоўцы, якія раней падтрымлівалі ТЮГ, пачалі адмаўляць на просьбы падтрымаць тыя ці іншыя праекты. Палякова сапраўды сышла з АНТ, але ўсё ж канчаткова з абоймы не выпала. Яна далей працавала ў ТЮГу, ды і нядаўняя праца вядоўцай на канцэрце да Дня незалежнасці сёлета пацвярджае, што канчаткова спісваць з рахункаў акторку рана. Але ў яе ўплыву цяпер напэўна ёсць свае межы.

Сёлета ў тэатр да ўдавы Макея прыйшлі сілавікі і проста ў яго будынку затрымалі актора Аляксандра Гладкага — давялося тэрмінова шукаць яму замену для прэм’еры. Дапамагчы свайму супрацоўніку дырэктарка не захацела. А можа, проста не змагла.