І нябожчык усміхнуўся…

Ён ведаў, бываюць розныя неверагодныя сітуацыі ў жыцці, але каб гэткая… Аднак, што мы ведаем пра смерць, хоць бачым яе, жывыя, на кожным кроку, нават прывыкаем. Лацвей прывыкнуць, калі паміраеш не ты, а іншыя.

suschestvuet_li_dusza_posle_smerti.jpg


Колькі ж ён, Афінаген Лявонавіч, пабачыў нябожчыкаў за сваё хай сабе не надта доўгае, але ж не марнае жыццё! Калі быў маленькім ды жыў з бацькамі ў вёсцы, ён, жаўтароты хлопчык, не прапускаў… ніводных хаўтураў. Не важна, хто паміраў — а паміралі большасцю сярэдняга веку мужыкі, з гарэлкі, ды радзей, зморшчаныя, як грыбы пасля першых асенніх замаразкаў, бабулькі. Гэтыя чапляліся за жыццё да апошняга, зачыняліся ад смерці ў хатах, сядзелі зашчэпленымі і ноччу і ўдзень.

Але кашчавая ўсё роўна іх падпільноўвала, прыходзіла — што ёй тыя зашчапкі! Такі закон. І бабулькі ўрэшце здаваліся ёй у палон, ляжалі ў дамавіне ціха і смірна. Нос смешна выцягваўся, твар рабіўся прасветлены, вусны ўсёдна як бы ўсміхаліся. Маленькі Афінаген, дачуўшыся пра хаўтуры, смела заходзіў у хату, па-даросламу здымаў шапку перад нябожчыкам і нават уздыхаў, спаважна сядаў на лаву, якіх было панастаўляна ля труны. Людзі ставіліся да яго па-рознаму: хто паблажліва і нават з ухвалаю, во, маўляў, якое разумнае, дарослае дзіця, калі з малых гадоў навучылася паважаць людзей, хто мо і ўхмыляўся, калі пацан з натоўпам дарослых урачыста крочыў на могілкі.

Зрэшты, людзям было не да яго. Афінагену ж часта даручалі несці вянок, і хлопчык быў, як ні кашчунна гэта гучыць, велічна-шчаслівы, бо адчуваў у гэты момант сваю значнасць і патрэбнасць людзям, далучанасць да іх спраў, якой яму так не хапала ў жыцці… Не цяжка прывыкнуць да чужое смерці. І яна можа нават здавацца табе прывабнаю. Ды зусім іншая справа, калі паміраеш сам…

Афінаген Лявонавіч нават і не змікіціў адразу, што прыйшоў яго час. З працы ён вярнуўся стомлены, знерваваны. Схапіліся былі з шэфам. Есці не хацелася, але ведаў, што яго ніхто ўгаворваць не будзе, як, бывала, у дзяцінстве ўпрошвала мамка, калі еў нелюбімую пшонную кашу: гэту лыжачку — за мамку, а тую — за татку, а пасля — за бабулю. Зараз вазіцца з ім няма каму, і ён павінен есці тое, што ёсць, і не за каго іншага — за сябе, любімага. Падагрэў на пліце ўчорашні гарохавы суп (а мо яшчэ пазаўчарашні). Добра, суп зранку абачліва пакінуў на балконе, каб не ўкіс.

Сярбаў з неахвотаю, запіваючы юшкаю кавалкі непражаванага, чэрствага хлеба. Еў — як быццам ласку рабіў страўніку, каб той не ўзбунтаваўся на рэвалюцыю. Думаць, таксама як і есці, не хацелася. І ён стараўся гнаць ад сябе маркотныя думкі, якія назойліва, як мухі-спасаўкі, круціліся ля галавы, замінаючы сёрбаць гарохавік. Затым прылёг на капапу, як быў, не распранаючыся, у шэрым сваім гарнітуры, што і парадна-выхадны і працоўны, бо іншага проста няма. Трэ было б пераапрануцца, бо скамечыцца касцюм, у чым тады на працу ісці? Але не здужаў. Неадольная лянота і млявасць пацягнулі яго да канапы. Паспеў толькі, перш чым улегчыся, паслабіць гальштук, бо засціла дыхаць.

Толькі зараз ён адчуў-зразумеў прычыну тае неадольнае млявасці і ляноты. Затрапятала раптам сэрца, як спалоханы верабейчык у клетцы, гарачая хваля прыліла да скроняў, і яны балюча, трывожна запульсавалі, як струна, напятая скура гатова была парвацца. Нудна пеканула ў грудзях. Ці ўпершыню?! Матор яму не аднойчы ўгражаўся, але ж пакуль працаваў. І ніхто не ведае, наколькі ён, той матор, разлічаны. Вось паляжыць, супакоіцца, і пройдзе ўсё, як праходзіла неаднойчы.

Рука міжволі пацягнулася да кішэні, па нітрагліцэрын. Аднак, каробачка нечакана аказалася пустой. І чаму ён не зайшоў па дарозе ў аптэку? Але з чым пойдзеш, калі ў кішэні, побач з пустой каробкаю з-пад лекаў, засталіся во начаваць толькі дзве пакамечаныя тысячы, і гэта да зарплаты, якая аж у канцы тыдня. Ат, перазімуем!

Афінаген Лявонавіч асцярожна павярнуўся на правы бок, каб даць паслабку сэрцу. Закрыў вочы, у думках папрасіў матор супакоіцца і сцішыўся сам. Раптам адчуў, што ў кватэры не адзін. Яшчэ нехта ёсць? Цікава! Той нехта, аднак, не скрыпеў дзвярыма, ён нячутна прысеў на край канапы, і засталося толькі адкрыць вочы, каб яго ўбачыць. Ды стала страшна. Асцярожна прыпадняў цяжкія, пудовыя павекі і ўбачыў… маму. Даўно яе не бачыў такой блізкай і такой прыгожай. Іх позіркі сустрэліся.

Такое шчаслівае хвіліны Афінаген Лявонавіч доўга чакаў, мабыць, з тога самага часу, калі разам з маці адышлі ў нябыт яго рознакаляровыя, яркія, поўныя надзей і спадзяванняў дзяцінства і юнацтва, і пачалася шэрая, нудная, адзінокая сталасць, вельмі падобная да старасці… Маці была ўся ў белым, і светлыя строі яшчэ болей надавалі ёй вабнасці. Яна загадкава падняла руку, пяшчотна пагладзіла сына ля скроняў, якія пачалі ўжо сівець, і, не сказаўшы ні слова, знікла…

Захацелася падняцца, абтрэсціся ад здранцвення і міражоў, пасмяяцца са сваіх млявых мрояў. Але ні галава, ні рукі не паслухаліся, нават не варушыліся пальцы. Такога з ім яшчэ ніколі не было… у жыцці. У жыцці? Няўжо тое, што з ім адбылося, і ёсць… Апякла трывожна-халодная думка. Аднак, ён не адчуў ні холаду яе, ні гарачыні. Па ўсім відаць, ён перастаў увогуле што-небудзь адчуваць і валодаць сабою. Ад жыцця засталася толькі магчымасць думаць і бачыць. І ён упершыню па-сапраўднаму жахнуўся, зразумеўшы, што памёр.

Настала самае цяжкое. Афінаген Лявонавіч ляжаў на канапе, нязграбна падкурчыўшы ногі, і не ведаў, колькі яшчэ давядзецца так ляжаць, пакуль яго не ўбачаць. Няўжо ён мусіць засмердціся тут, покуль суседзі не агледзяцца ды не паклічуць міліцыю? Ён яшчэ не ведаў, што лёсу было суджана распарадзіцца па-іншаму. А таму моцна хваляваўся, калі толькі нябожчыкі могуць хвалявацца.

Пазванілі ў дзверы, раз, другі, працяжна, доўга, цярпліва. Божа мой! Быць гэткім бездапаможным — чуць, бачыць і ведаць і не мець магчымасці падаць хаця якога знаку! Нябожчык намаганнем волі спрабаваў сабраць сілы, каб хаця паварушыць пальцам, аднак сіл не было, палец не варушыўся. Хаця цела яшчэ і не спруцянела зусім, але адубела, ужо не слухалася, адмаўлялася выконваць яго волю. Як было з гэтым змірыцца? І Афінаген Лявонавіч вырашыў моцна хацець, каб яго хутка знайшлі. Можа, Бог злітуецца і нешта прыдумае. Хіба ж ён у жыцці так саграшыў!

І Бог злітаваўся. Дзверы аказаліся незачыненымі. Не было б шчасця… Даведзены да адчаю, знерваваны гаспадар проста забыўся пры жыцці зачыніць дзверы, тым самым пакінуўшы сабе магчымасць быць па смерці хаця па-чалавечы пахаваным. Пазваніўшы разы са два, дасужая суседка на ўсякі выпадак штурхнула дзверы, і тыя адчыніліся. Найперш яна прасунула дапытлівы нос, пачуўшы свежы пах гарохавіка, пасмялела, асцярожна ступіла ў цемру:

— Лявонавіч! Ты спіш?

Жывы ён бы не стаў адказваць, а і сапраўды прыкінуўся б, што спіць, бо дастала. Вечна суе нос куды не просяць. Схаваўшыся пад абліччам ледзьве не самой міласэрнасці, яна ўсяму пад’езду праходу не давала. Бываюць жа людзі, для каго ведаць пра ўсё і пра ўсіх становіцца сэнсам жыцця. Старая насіла, множыла плёткі ды чуткі ад кватэры да кватэры, ад лесвіцы да лесвіцы, ад лавачкі да лавачкі, ад суседа да суседа, балазе самую яе яшчэ добра насілі ногі. Моладзь Веніхі пабойвалася і страшэнна не любіла, бо з-за яе доўгага языка і пільнага вока не было як ні пацалавацца ў цемры, пад лесвіцай, ці за кустом акацыі, у дворыку, ні апрануць чаго мадняцкага. Абавязкова дапільнуе, і трапіш пад раздачу.

Старыя пацвельваліся з яе дапытлівай зайздрасці, аднак таксама хавалі ад яе сваю шчырасць, каб не апынуцца распранутымі на яе бязлітасным языку. Даставалася і гэтым і тым. Аднаму Веніха пляла пра другога, гэтаму — пра таго. Афінаген Лявонавіч жыў адзінока і адчужана, трымаючы дзверы на зашчапцы, аднак Веніха гатова была пралезці і ў замочную дзірку, каб толькі паболей даведацца і пра яго жыццё. Свае ж таямніцы суседка трымала за сямю замкамі, і ў яе заўсёды і ўсё было добра, лепей за ўсіх. А ён жыў ад людзей наводшыбе, бо быў упэўнены: людзі не паспагадаюць, а толькі падштурхнуць цябе ў вір, пакпяць, паздзекуюцца. Шчырасць нікому не патрэбна.

На працы Афінагена Лявонавіча неўзлюбілі. Напачатку, калі быў малады-перспектыўны, зайздросцілі. У яго і адукацыя, у яго і атрымоўвалася лепей, як у каго. О, не дай Бог, калі людзі бачаць, што ты разумней за іх. Шэф мо не адну ноч не спаў, перажываючы, як бы малады спецыяліст не падседзеў яго. І таму спіхваў свайму падначаленаму тую работу, якая не паддавалася іншым. Як той Папялушцы злая мачыха — ледзьве не пясок з макам загадваў перабіраць.

А калі Нямодны (так звалі Афінагена Лявонавіча ў аддзеле) адным махам разгроб тыя завалы, шэф ашалеў ад зайздрасці, бо ён разумеў, што сам так хутка і спрытна ніколі б тае работы не зрабіў. Ішлі гады. Калегі драліся па службовай лесвіцы, ды не заўсёды паспяхова, а Нямодны, па натуры не кар’ерыст, толькі пацвельваўся з іх марных намаганняў ды спакойна сабе працаваў. Каму такое можа спадабацца? А куды і чаго было пнуцца, калі тая службовая лесвіца пачыналася і заканчвалася не за хмарамі, а ў кабінеце аднаго шараговага вытворчага аддзела, дзе іх, супрацоўнікаў, сядзела, як бобу на градзе.

Смешна было бачыць, як мухі боўтаюцца ў сыраватцы з надзеяй збіць з яе масла. Сваёй іроніі Нямодны і не хаваў, за тое і атрымоўваў. Тым часам іх шэф Кудлаты, нарэшце зразумеўшы, што крэ­сла пад ім пакуль не ківаецца, па-ранейшаму, аднак, не мог супакоіцца. Ён зноў шалеў, на гэты раз ад грошай, якіх яму ўсё здавалася мала, хоць гроб пад сябе ўсё, што толькі можна было згрэбці. І каб можна было яшчэ болей забагацець, разагнаўшы сваіх падначаленых і застаўшыся ў аддзеле адзін, ён, мусіць, не задумваючыся, так і зрабіў бы. Ды, на шчасце, над ім стаяў яшчэ Глаўк, які раз-пораз прыводзіў Кудлатага да памяці.

Пакуль шэф плаваў у масле, падначаленыя ваявалі між сабою за тую ж сыраватку, у якой боўталіся. І з адчаю яго калегі пачалі піць. Пайшла мода «гудзець» напрыканцы працоўнага дня, не важна, ці была нагода ці не. Зрэшты, нагода заўсёды знойдзецца. «Замочвалі» хрысціны, радзіны, хаўтуры, балазе таннага «чарніла» ў суседнім гастраноме хапала. Тапілі ў віне свае крыўды і свае раздраі. Афінаген Лявонавіч і тут аказаўся наводшыбе, ён дэманстратыўна пазбягаў тых п’яных гуляў, уцякаў ад іх дадому, дзе хоць і не было яму надта файна, ды не было і прыкра. І за тое атрымаў ад калегаў яшчэ дзве мянушкі — Сквапнага і Адшчапенца. Як кажуць, што ж, не лезь пад нож… Так, ён ведаў цану заробленай капейцы, бо гэтая капейка ніколі не давалася яму лёгка, каб лёгка можна было кідаць яе на вецер.

Вось так і прайшло яго жыццё… Затое зараз усё будзе па-іншаму. У яго іншы статус — ён нябожчык! Нікому не трэба даказваць, што ты не вярблюд. Не трэба думаць пра грошы, сэрца атручваць, усведамляючы, як шмат у жыцці бязглуздзіцы. Сэрца ў яго ўжо няма, не вытрымала, парвалася, цяпер халоднае і нямое. Засталася толькі душа, якая пакуль гасціць у спруцянелым, як чужым, целе…

— Лявонавіч! Ты спіш?

Успыхнула святло. І Веніха асцярожна, як па прысаку, падыбала да канапы. Ухапіла яго збялелую, нежывую руку, сама раптам збялела на палатно, войкнула, прыпусціла да дзвярэй.

Ага, яна ж мёртвых як агня баіцца. Успомніў, як Веніха спалохалася ўласнай маці ў труне, і стала зусім весела, быццам бы ён, Афінаген Лявонавіч, і не паміраў ніколі, а толькі во прылёг на хвілінку, каб прыкальнуцца-пасмяяцца з жывых, адчуўшы сябе вольным і самадастатковым без іхняй хцівасці і двурушніцтва.

 А праз колькі хвілін у кватэры ўжо тоўпіўся народ…

 Людзі не ўсе злыя. Свет не без добрых людзей. Хоць яны на тым, жывым свеце і ў меншасці. А як у іх, жывых, ставяцца да розных меншасцяў, Афінаген Лявонавіч ведаў добра… А потым яго распранулі дагала, каб памыць. Зусім жа не брудны, акурат учора прымаў душ. Ды што зробіш — традыцыя. Жывыя прыдумалі сабе розныя традыцыі і законы, без якіх жыць не могуць, хаця ад іх жа самі і пакутуюць. Патрэбна нябожчыку лазня?! Было страшэнна сорамна, хоць вочы прадавай, за сваё аголенае бездапаможнае цела, якое абмывалі не толькі вадою, але і языкамі.

— Авой! Як жа дайшоў, нябога, — здзівілася бабуля, што жыла паверхам вышэй, — скура ды косці. Можа й не еў нічога. Праз тое і сканаў.

— Ды сэрца ў яго.

— А-а! Сэрца! Адзінокі. Не было каму сэрца сагрэць. Хоць бы хто супчыку зварыў… Няўжо нікога з родных няма?

— Далёка, едуць.

— А-а! Едуць. Во цяперака паваўчэлі людзі. Па смерці толькі і з’язджаюцца…

Закрыць бы вочы, хаця і так ужо яны закрытыя. Не любіў ніколі Афінаген Лявонавіч, каб яго шкадавалі. Закрыць вочы… Шкада, што нябожчыкі ўмеюць бачыць і чуць, нават калі на вачах ляжаць медныя пятакі. Здавалася, трэба быць удзячным суседзям, што не пакінулі яго калець па смерці карчаком. Ды як жа вытрымаеш, калі вунь корпаюцца ў шафе, шукаючы яму новую прасцінку на божую пасцель, і скародзяць яго, нежывога, языкамі, як баронамі:

— Падумаць толькі, ні прасцінкі новай, ні навалачкі.

— Дажыўся! А куды грошы свае складваў? Вось жа ў труну з сабою не возьме.

А раптам вазьму… А новы камплект ляжыць вунь крыху ніжэй, у шуфлядзе, ды ён жа сам не адгукнецца. Божачка! Хутчэй бы ў труну з гэтага брыдкага белага свету ды вечкам накрыцца, схаваўшыся ад злых языкоў!

І вось ён у труне. Цеснаватая, не павернешся. Кудлаты заказаў у заводскай цяслярцы саматужную, каб зэканоміць грошы. Добра, што хапіла ў аддзеле грошай на вянок. А ці добра?! Патрэбны яму тыя поліэтыленавыя кветкі ў дарунак ад людзей, якія  самі ж яго ў труну і загналі дачасна. Не павернешся… Шчасце, што варочацца не трэба. Ляжы сабе ціха-спакойна, трымай у спруцянелых руках паперкі з царквы — прахадную на той свет. Нехта ж во пастараўся… Збегалі ў царкву… Яны вераць у Бога? Аксціцеся! Каб людзі задумваліся пра справаздачу перад Усявышнім, то не тварылі б такога пры жыцці, ад чаго нават нябожчыкам няёмка. Ляжы тут, слухай іхнюю дэмагогію. Муляе саламяная падушка. Зусім не весела стрыножаным-звязаным нагам. Ды што рабіць, не падымешся і не паправіш. І, зноў жа, хочаш не хочаш, а даводзіцца прымаць іх, жывых, умовы гульні. Суцяшае толькі тое, што гэта ненадоўга, што гульня хутка скончыцца, развяжуць ногі, рукі. І тады — на неба! А там, пад іншым начальствам, хто ведае, як яно ўсё павернецца. Новая мятла па-новаму і месці будзе. Людзей ён сабраў не так шмат па смерці, бо быў ім і пры жыцці не вельмі патрэбны. Плакаць ля труны не было каму. Сваякі вунь усё едуць, як і пры жыцці. Мабыць, даедуць толькі кватэру дзяліць. Дзецьмі ён не абзавёўся, не было яму на тое дазволу ад Усявышняга. Няма каму плакаць — і не трэба. Плакаць трэба было па жывым, а зараз навошта ліць кракадзілавы слёзы?

Пралежваючы бакі ў труне, накрыты цюлем, знятым з акна ўласнае кватэры, Афінаген Лявонавіч яскрава ўяўляў свае памінкі. Во будзе радасці калегам! Кудлаты нікуды не дзенецца, адшкадуе на якую скрыню гарэлкі, вядома ж, за кошт завода. Ну, пап’ю-уць! Пры жыцці пашкадаваў яму нармальнага акладу. Як хацеў, як мог, таптаў свайго канкурэнта, нават калі ўжо бачыў, што той і не канкурэнт яму зусім. Растаптаў сэрца, а зверху, каб не бачылі, прыкрыў поліэтыленавым вянком. Прыкольна! Нап’юцца — хаця б не пабіліся. Праўда, ён ужо тое не ўбачыць, бо навернуць зверху глыжэўя, пад два метры, і застаўбяць крыжам, каб не вылез. Не хвалюйцеся, адтуль ён ужо не палезе, бо не ваўкалак жа… І не дурань — лезці зноў на гэты знялюбеўшы свет. Там, пад крыжам, куды зацішней.

Калі выносілі з пад’езда, ён нават слязіну пусціў. Такое нябожчыкам дазваляецца, і таму ніхто не здзівіўся. А калі ж паплакаць, як не цяпер? Як-ніяк, пражыў тут, у гэтым горадзе, у гэтым доме, пад’ездзе цэлае жыццё, хай сабе й не такое доўгае, дый невясёлае. Як не расчуліцца, калі, нягледзячы на халодны вецер, за тваёю труною ўсё ж ідуць людзі, чужыя людзі. І хай сабе кожнага з іх прывёў сюды свой інтарэс, як некалі і самога яго ў дзяцінстве, не важна, галоўнае, гэтыя людзі былі з табой у жыцці і засталіся ля цябе па смерці. Гэтак разважаў Афінаген Лявонавіч па дарозе на гарадскі пагост, гайдаючыся ў кузаве старэнькага заводскага «ГАЗіка». Заняты сваімі сентыментальнымі думкамі, ён нават і не заўважыў, як яго везлі праз горад. Побач з труною не было каму сядзець. І то няблага. У кузаве, на адзіноце, добра думалася. Не заўважыў, як неслі да магілы. Магілы сваёй ён не мог пабачыць, бо ляжаў дагары. Затое бачыў сіняе-сіняе неба, якое прываблівала сваёю бяздоннаю загадкавасцю, і было ўсцешна думаць, што неўзабаве туды адляціць у вечную вандроўку яго спакутаваная душа. Ён бачыў сосны, яны дружалюбна і жалобна махалі на развітанне галінамі. Гэта — яму! Чаму ў жыцці нам даводзіцца мець справу не толькі з небам і соснамі, але і…

Выхапіў-абудзіў яго з думак знаёмы голас:

— Таварышы! Сёння мы праводзім у апошні шлях высокакваліфікаванага спецыяліста, нястомнага працаўніка і найлепшай душы чалавека…

Вельмі цікава! За ўсё сваё жыццё ён так і не дачакаўся. Не пачуў у свой адрас таго, што мусіць цяпер слухаць. Хочаш паслухаць, які ты быў пры жыцці — кладзіся ў труну. Не, ён, безумоўна, ведаў, што Кудлаты ніколі не гаворыць тое, што думае. Але ведаць — адно, адчуваць жа на сваёй скуры — зусім іншае. Эх! Каб можна было павярнуцца ў труне азадкам да гэтага двурушніка!.. Шкада, што смерць скавала Афінагена Лявонавіча яшчэ болей, чым нават быў скаваны пры жыцці, што заціснула ў такую клетку, у такое становішча, што, зноў жа, цяжка каму-небудзь пярэчыць.

… — Наш аддзел будзе заўсёды добрым словам успамінаць цябе, паважаны калега, дарагі сябра Афінаген Лявонавіч! Пухам табе…

Як бы гэта злаўчыцца плю­нуць яму ў морду? Дзе ўзяць слюняў? Нябожчык раптам сабраў апошнія сілы і вялікім намаганнем волі… усміхнуўся…Нехта заўважыў яго непрацяглую ўсмешку, калі закрывалі вечка труны. Але надта не здзі­віліся. Усміхацца нябожчыкам таксама часам дазваляецца. Ніхто нават і не здагадаўся, што гэты нерашучы чалавек перад тым, як сысці ў магілу, адважыўся нарэшце на свой апошні пратэст. Ён пацвельваўся з жывых, як бы хацеў ім сказаць: я пажыў, а вы — паспрабуйце…