Інтэрв'ю з акторам Ігарам Сігавым: адмова дзякаваць Лукашэнку і падпрацоўка таксістам
Актор з Полацка Ігар Сігаў, які мае званне заслужанага, распавядае Youtube-каналу «Жыццё-маліна» пра працу ў беларускіх тэатрах, адмову дзякаваць Лукашэнку і жыццё ў эміграцыі.
У мінулым Сігаў працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і Купалаўскім тэатры, адкуль сышоў у 2020 годзе. Ёсць у актора і замежныя дасягненні: фільм «Дзверы» з яго ўдзелам у 2010 годзе быў намінаваны на прэмію «Оскар» (як «Найлепшы кароткаметражны гульнявы фільм»).
Пасля нападу Расіі на Украіну ён разам з жонкай-украінкай пераехаў у Польшчу, дзе акрамя працы акцёрам яму даводзіцца таксаваць.
У інтэрв'ю Сігаў распавёў, як адмаўляўся дзякаваць Лукашэнку за званне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, якое яму прысвоілі ў 2011 годзе, піша «Салідарнасць».
— Я прыйшоў на ўручэнне «заслужанага», «народнага». І ты сядзіш, чакаеш, калі прагучыць тваё прозвішча, каб выйсці, атрымаць. Падыходзіць да мяне жанчына, якая курыравала ўвесь гэты працэс, і яна кажа: «Ігар Аляксеевіч, калі вас выклічуць, вы павінны сказаць словы падзякі Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку».
А я кажу: а чаго я? Там, вось, уручаюць «народных», можа, хай яны. Прычым там не кожны выступаў, хтосьці сам хацеў, хтосьці проста казаў «дзякуй», таму што там таксама быў рэгламент.
Я не ведаю, што казаць. І гучыць такая фраза: гэта значыць, вы адмаўляецеся? Я кажу: так, справа не ў тым, што я там адмаўляюся, не адмаўляюся, а ў тым, што я не ведаю, што казаць. — Гэта значыць, вы адмаўляецеся? Я кажу: а чаму я, растлумачце? — Таму што Міністэрства культуры выбрала вас, каб вы сказалі, таму вы павінны сказаць.
Я кажу: Добра. Ну, а пра што казаць? — Словы падзякі. — «Дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч, за наша шчаслівае дзяцінства», ці што?!
Прычым я разумею, што асабліва пасля 2020-га ў іх было: «Як так? Вам наш прэзідэнт даў званне». На секундачку, я яго заслужыў, хоць бы працамі ў кіно, прызнаннем не толькі ў Беларусі... А калі ставяцца як «ён сышоў да цябе, каб узнагародзіць», то і не трэба мне і «заслужанага», а тым больш, калі табе кажуць, што «ў вас няма выбару».
Я выйшаў тады і на беларускай мове казаў пра тое, што «дзякуй за прызнанне, але такіх, як я, па Беларусі дастаткова, якія вартыя гэтага звання. І наогул, не адварочвайцеся ад культуры, таму што мы самыя безабаронныя».
Пасля мяне было яшчэ некалькі чалавек. І далі Лукашэнку сказаць заключнае слова. І ён стаў казаць, маўляў, Ігар Аляксеевіч, мы ведаем, я дапамагаю культуры, я Купалаўскаму будынак адбудаваў.
Акцёр таксама ўспомніў, як праз некаторы час напярэдадні нарады ў Лукашэнкі па праблемах кіно да яго падышоў тагачасны дырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч.
— Ён: «Зайдзі да мяне, я цябе навучу, як трэба размаўляць з прэзідэнтам». Я кажу: «Алег, ідзі на...».
Сігаў дадаў, што ў той час займаў пасаду дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, таму мог размаўляць з дырэктарам «Беларусьфільма» на роўных.
Пасля падзей 2020-га акцёр атрымаў забарону на творчыя прафесіі ў Беларусі. Цяпер ён падзарабляе ў Польшчы таксістам. Па словах Сігава, «каб нешта зарабіць, на арэнднай машыне трэба працаваць па 10-12 гадзін штодня», але ў яго з-за фізічнай стомленасці так не атрымліваецца.
На пытанне «чаму з вас не ўпала карона?», акцёр адказаў:
— Я яе не нашу, я яе часам апранаю. Таму яна і не падае.