Іркуцкія беларусы выступілі ў Мінску (фота, відэа)

У Музеі гісторыі беларускай літаратуры 22 ліпеня прайшла сустрэча з іркуцкімі беларусамі Алегам Рудаковым і Вольгай Галанавай. Аказваецца, у сібірскіх вёсках дасюль гавораць на добрай беларускай трасянцы і захоўваюць у куфрах традыцыйныя строі.

2019_07_22_irkuckija_belarusy_a._ljaszkevicz_009_logo.jpg

Алег Рудакоў нарадзіўся ў Беларусі, быў вайскоўцам, служыў у Іркуцку і застаўся там жыць. У Сібіры ён арганізаваў моладзевы клуб “Крывічы”, якім цяпер кіруе Вольга Галанава. Арганізацыя даволі вядомая, пра яе любіць рабіць сюжэты мясцовая і цэнтральная прэса. “Крывічы” далучаюць нашчадкаў перасяленцаў у Сібір (некаторых ажно ў трэцім пакаленні) да беларускай культуры: ладзяць традыцыйныя святы, гурткі, этнаграфічныя экспедыцыі. А беларусаў у Іркуцкую вобласць на пачатку ХХ ст. перабралася шмат. Напрыклад, у Тулунскім раёне са 157 вёсак, утвораных падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы, 124 заснавалі беларусы.


Абрадавыя песні для каляндарных святаў сібірскія беларусы вучаць з запісаў “матэрыковай” радзімы: у іркуцкай вобласці гэты пласт фальклору ўжо не запішаш. “Крывічы” ладзяць Каляды, Грамніцы, Гуканне вясны, Купалле. На святы выязджаюць у беларускія вёскі Іркуцкай вобласці. Старэйшыя жыхары яшчэ памятаюць каляднікаў і шкадуюць, што больш яны не ходзяць. Быў выпадак, калі сям’я даведалася аб прыездзе гарадской моладзі, дастала з куфроў традыцыйныя кашулі, вышытыя бабуляй, і сустрэла каляднікаў “пры парадзе”.



Хоць беларускія каляндарна-абрадавыя песні ў Іркуцкай вобласці не захаваліся, дасюль можна запісаць лірычныя і жартоўныя. Вольга і Алег выканалі некалькі твораў, сабраных імі ў экспедыцыях. Па асаблівасцях гаворкі і распеву яшчэ можна здагадацца, адкуль у свой час “прыехалі” гэтыя песні. На сустрэчы ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры гучалі ўзоры, носьбіты якіх на пачатку ХХ стагоддзя выехалі пад Іркуцк з беларускага Падзвіння і Заходняга Палесся. Узровень выканання Алега і Вольгі высока ацаніў фалькларыст Сымон Барыс, які прысутнічаў на сустрэчы.


У беларускіх сібірскіх вёсках ведаюць танцы, пра якія рэдка пачуеш на “матэрыковай” радзіме: “Падгорная”, “Па чацвёра”, “Па шасцёра”. Могуць не памятаць, як танцавалі, але па назвах “апазнаюць” і скажуць: “Так, у нас былі!” Некаторым з гэтых танцаў Алег і Вольга навучылі прысутных.


Вялікая штогадовая падзея ў Іркуцку – беларускі кірмаш, на які запрашаюць розных артыстаў, у тым ліку сучасных выканаўцаў з Беларусі. За апошнія гады горад над Байкалам наведалі Зміцер Сасноўскі, Алесь Камоцкі, Зміцер Вайцюшкевіч, капэла “Колісьнія”. Прадстаўнік апошняй Ігар Жаўткоў падзяліўся ўражаннямі: “Мы выступалі разам з беларускімі гуртамі з усёй Іркуцкай вобласці. Пасля канцэрта жанчыны гутарылі між сабой, я слухаў – і здавалася, што з Беларусі нікуды не выязджаў. Такая смачная трасянка, наша!


Алег Рудакоў і Вольга Галанава наведалі Беларусь з дапамогай згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Перад сустрэчай у Музеі гісторыі беларускай літаратуры яны выступілі на фестывалі “Наш Грунвальд”. Імпрэза прайшла ў зале літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “У сэрцы з Радзімай”, прысвечаннай спадчыне беларускіх эмігрантаў ХХ ст. На выставе прадстаўлены матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю беларусаў у Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і арганізацый у Беларусі, што каардынуюць сувязь з дыяспарай у свеце. Сярод фота на экспазіцыі ёсць і здымкі іркуцкіх беларусаў. На імпрэзе Алег Рудакоў перадаў у фонд музея некалькі выпускаў газеты “Маланка”, якую беларусы выдавалі ў Іркуцку, пакуль папяровая прэса не саступіла месца электронным выданням.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч