«Наш Грунвальд»: як прайшоў самы вялікі рыцарскі фестываль Беларусі

У Дудутках 20 – 21 ліпеня праходзіць фестываль «Наш Грунвальд». Вачыма карэспандэнткі НЧ – канцэрт, жыццё рыцарскага стану і рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы.

2019_07_20_nasz_hrunvald_a._ljaszkevicz_0025.jpg

Баталія між злучанымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, з аднаго боку, і Тэўтонскага ордэна – з другога, адбылася 15 ліпеня 1410 года ля вёскі Грунвальд (на беларускую мову можна перакласці «Зялёны гай») ва ўсходняй Прусіі. Цяпер Грунвальд – цэнтр гміны ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве Польшчы. Перамога войска Вітаўта і Ягайлы спыніла нямецкую агрэсію на ўсход і паклала пачатак заняпаду Тэўтонскага ордэна.

Галоўны арганізатар фестывалю “Наш Грунвальд" Аляксандр Рак

Галоўны арганізатар фестывалю “Наш Грунвальд" Аляксандр Рак

Фестываль «Наш Грунвальд» – найбуйнейшая падзея гістарычнай рэканструкцыі Беларусі. Па словах галоўнага арганізатара Аляксандра Рака, сёлета на імпрэзу прыехала больш за чатырыста рыцараў і дам з розных гарадоў нашай і суседніх краін. Наведвальнікаў жа – каля дзесяці тысяч, хоць людзі і скардзіліся на дарагаватыя квіткі. Аляксандр падкрэсліў: уваход на сольны канцэрт некаторых з гуртоў, што выступілі ў Дудутках, абышоўся б даражэй, чым на абодва фестывальныя дні, за якія можна і музыку паслухаць, і паглядзець на баі, і пагуляць… Узровень фестывалю расце і налета, хутчэй за ўсё, кошт квітка таксама яшчэ вырасце. Частка людзей прыязджае адмыслова на канцэрт, але і падчас адкрыцця фестывалю былі поўныя трыбуны. Аляксандр Рак лічыць, што большасць гасцей едзе па адмысловую фестывальную атмасферу, відовішчы і майстар-класы. Партрэт сярэднестатыстычнага гледача – мужчына, 25 – 32 гады, шмат беларускамоўных; людзі прыязджаюць таксама сем’ямі, з дзецьмі.

Відэа Аляксандра Лібертада Цікава, што такую маштабную імпрэзу праводзяць усяго сорак арганізатараў і валанцёраў (непасрэдна ў фестывальныя дні), а на працягу года «Наш Грунвальд» рыхтуе каманда з семярых чалавек.


Гістарычныя межы для рэканструктараў-удзельнікаў фестывалю – сто год да і пасля Грунвальдскай бітвы. Рыцары і дамы тры дні жывуць у шатрах, пашытых па гістарычных узорах, і носяць толькі адзенне і даспехі, адпаведныя эпосе. Карыстацца сучаснымі прадметамі побыту таксама нельга. Людзей «у цывільным» у рыцарскі стан пускаюць толькі ненадоўга і арганізаванымі групамі. У лагеры цячэ сваё жыццё, паралельна агульнафестывальным праходзяць закрытыя імпрэзы. Карэспандэнтцы НЧ пашанцавала трапіць на конкурсгістарычных страў і нават каштаваць іх у складзе журы, што не разбіраецца ў тонкасцях рэканструктарскай кухні. Госці фестывалю маглі паглядзець на рыцараў і дам «пры поўным парадзе» падчас шматлікіх турніраў і самай маштабнай сечы – рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы.


Пасля баёў, вядома, трэба адпачыць. А музыка спрыяе адпачынку як нішто добра. На канцэрце «Пір пасля бітвы» выступілі гурты «Яварына», Sakramant і Aillion (Беларусь), «Зямля легенд» (Расія), Fram (Украіна), The Midnight (Італія), Corvus Corax (Германія) і Skiltron (Аргентына).
Фота Алены Ляшкевіч