Як фонд з Кубані адраджае патрыятычны дух расійскага народу на тэрыторыі Беларусі

У Беларусі фонд «Алея расійскай славы» ўсталяваў бюсты Пушкіна, Кутузава, Суворава, Кузняцова і Маргелава, а ў Рэчыцы паставіў памятны знак расійскім «воінам-лакальнікам».



15bb9b1d_2c70_4c4b_a067_cb122cb4d4c8_w640_r1_s.jpg

Падарунак з падтэкстам

6 чэрвеня каля Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа быў адкрыты бюст расійскага паэта Аляксандра Пушкіна. Гэтую скульптуру гораду падарыў фонд «Алея расейскай славы». На п’едэстале размешчаныя ўрыўкі з пушкінскіх вершаў «Клеветникам России» і «Я помню чудное мгновенье».

Верш «Клеветникам России» Пушкін напісаў з нагоды задушэння царызмам польскага антырасійскага паўстання 1830–1831 гадоў.

Сядзіба фонду месціцца ў горадзе Крапоткін Краснадарскага краю. Кіраўнік, аўтар і выканаўца ідэі праекту — Міхаіл Сердзюкоў.

На сайце фонду «Алея расійскай славы»  напісана, што «праект быў задуманы з адзінай мэтай — адраджэнне патрыятычнага духу расійскага народу»:

 

«Мы лічым, што патрыятычнае выхаванне з’яўляецца крыніцай і сродкам духоўнага, палітычнага і эканамічнага адраджэння краіны, яе дзяржаўнай цэласнасці і бяспекі. Адкрываючы помнікі і бюсты ў розных кутках Расіі, мы гэтым самым аддаём даніну памяці нашым вялікім продкам і суайчыннікам».

 

Сердзюкоў: Намеру абразіць не было

Кіраўнік праекту «Алея расійскай славы» Міхаіл Сердзюкоў сказаў Свабодзе, што не хацеў абразіць беларусаў вершам Пушкіна пра задушэньне паўстання 1830–31 гадоў.

На пытанне, чаму фонд «адраджае патрыятычны дух расійскага народу» на тэрыторыі іншай дзяржавы, спадар Сердзюкоў сказаў, што «не аддзяляе рускіх, беларусаў і ўкраінцаў»:

 

«Я шчыра выбачаюся. Я шчыра проста ня ведаў, да чаго гістарычна гэты верш прывязаны. Але ўвогуле я не раздзяляю рускіх, беларусаў і ўкраінцаў. Як звычайны рускі я лічыў, што гэты верш — супраць ворагаў, якія ішлі на расійскую дзяржаву. Хто такія ворагі? На дадзеным этапе — гэта тыя, хто правакуе ў Луганску і Данецку. А больш шырока ворагі — гэта і Гітлер, і Напалеон. Ніякага намеру абразіць пачуцці беларусаў тут няма. Гэта ад няведання гісторыі, на жаль».

У Магілёве не пярэчылі

Як патлумачыла памочніца Міхаіла Сердзюкова Алена Кісялёва, нагодай, каб усталяваць бюст Пушкіна. стаў нацыянальны аўтапрабег «Наша вялікая перамога», зладжаны Ўсерасейскай арганізацыяй «Баявое брацтва», рухам «Антымайдан» і мотаклубам «Начныя ваўкі»:

 

«З тэхнічных прычынаў у дзень прабегу ўсталяваць помнік не атрымалася, таму яго адкрылі пазней — 6 чэрвеня. Планавалася, што гэта будзе падарунак Беларусі на 9 траўня ад праекту „Алея Расійскай Славы“. У нас ёсць некалькі варыянтаў з вершамі, якія ўсталёўваюцца разам з бюстам Пушкіна. Для Магілёва быў абраны „Клеветникам России“. Я ўзгадніла гэты тэкст з гарадзкімі ўладамі. Усё зацвердзілі, сказалі: „Пойдзе“. Калі б былі пярэчанні, то мы б замянілі на іншы тэкст».

Фонд «Алея расійскай славы» раней усталяваў у розных гарадах Беларусі бюсты Міхаіла Кутузава (Менск), Аляксандра Суворава(Менск), Івана Кузьняцова (Барысаў) і Васіля Маргелава (Рэчыца і Менск), а таксама памятны знак расійскім «воінам-лакальнікам» (Рэчыца).

Як зазначыў спадар Маргелаў, «воінамі-лакальнікамі» ў Расіі лічаць удзельнікаў лакальных вайсковых апэрацыяў: у Аўганістане і Чачні. Баевікоў «ДНР» і «ЛНР» ён да гэтай катэгорыі не аднёс.

Помнікі вядомым рускім, вырабленыя і прэзентаваныя фондам, ёсць таксама ў ЗША і Украіне.

На пытанне, чаму фонд займаецца ўсталёўваннем такіх помнікаў, кіраўнік фонду Міхаіл Сердзюкоў сказаў, што гэта робіцца дзеля таго, каб людзі не забывалі гісторыю:

 

«Страшна, што на вуліцы ня ведаюць, хто такі РакасоўкіЖукаў, але ведаюць Барыса Маісеева і КсеніюСабчак. Сорамна. Я дзякую Богу, што ёсьць такі прэзыдэнт, як Лукашэнка — падтрымлівае тое, што мы ў Расіі ўжо развалілі. Трэба працаваць, каб мы памяталі сваю гісторыю. Мы ўсе славяне — рускія, беларусы і ўкраінцы для мяне непадзельныя. Сярод нашых помнікаў ёсць і Тарас Шаўчэнка, і Мікалай Гогаль, і Аляксей Бэрэст — гэта ўкраінцы».

 

Фядута: Гэта нетактоўнасьць з боку Расіі

Пушкініст Аляксандар Фядута лічыць усталяванне ў Магілёве помніка з радкамі вядомага верша «Клеветникам России» палітычным крокам:

 

«Пушкін напісаў некалькі вершаў, прысвечаных паўстанню 1830–31 гадоў. Гэтыя творы былі надрукаваныя і шырока вядомыя. Не ўсе сябры Пушкіна ставіліся добра да гэтых вершаў, напрыклад, Вяземскі называў іх „шынельнымі вершамі“. Але Пушкін быў шчыры, ён пісаў тое, што ён думаў. Ён быў чалавек імперыі. Тое, што зрабіў расійскі бок, калі паставіў на Беларусі помнік з радкамі з верша „Клеветникам России“, — гэта нетактоўнасьць. Не трэба ўцягваць нябожчыка ў сучасныя палітычныя сутычкі. А цытаванне на помніку таго ці іншага радка — гэта не мінуўшчына, а сучаснасць. Калі было трэба, то можна было абраць у Пушкіна іншыя радкі, якія б не былі палітычным крокам».

Паводле: “Радыё Свабода”