Як я знайшла сваю мову
Зараз я вельмі ўдзячная той сітуацыі, што склалася напярэдадні майго паступлення ў першы клас. Тады ж гэта быў сапраўдны стрэс для маіх бацькоў.
Зараз я вельмі ўдзячная той сітуацыі, што склалася напярэдадні майго паступлення ў першы клас. Тады ж гэта быў сапраўдны стрэс для маіх бацькоў.
У школу, да якой я належала па месцы жыхарства, мяне адмовіліся прымаць з-за таго, што ў ёй і так было зашмат вучняў. У прэстыжнай школе з англійскім ухілам, куды пайшлі ўсе мае сяброўкі, на іспытах
мне наўмысна заніжалі адзнакі. Знаёмыя казалі (бо ведалі на ўласным вопыце), што трэба даць хабар дырэктару. Не ведаю, ці то ў нас не было грошай, ці то не захацелі даць хабар, але пытанне школы так
і заставалася нявырашаным. Тады тата ўзяў мяне за руку і павёз у беларускую нацыянальную гімназію за шэсць аўтобусных прыпынкаў ад дома. Іспыты на той час ужо скончыліся, але настаўніца, да якой мы
зайшлі ў класу, згадзілася правесці са мной уступнае тэставанне.
Калі я выканала ўсе заданні і адказала на ўсе пытанні, бацькі пацікавіліся, колькі ім чакаць вынікаў, ці таксама месяц, як і астатнім прэтэндэнтам. На што настаўніца поўным захаплення голасам
адказала, што не трэба чакаць, што такую разумную дзяўчынку яна адразу забірае ў свой клас.
Навучанне на беларускай мове ішло натуральным чынам, і я неяк не адрознівала адну мову ад другой, нягледзячы на тое, што сям’я ў мяне цалкам рускамоўная. Я не памятаю, калі зразумела, што ў
маёй краіне двухмоўе, але ў памяці заўжды стаіць адна карціна. Раніца. Бацька па слізкай сцяжынцы вядзе мяне да аўтобуснага прыпынку. Я, напэўна, навучаюся ўжо ў другім класе, бо хвалюся, што ведаю
ўжо даволі шмат беларускіх слоў. Прашу тату, каб ён назваў мне слова на рускай мове, а я перакладу яго на беларускую. Тата загадвае слова «зонт». Падумаўшы з хвіліну, я ўпэўнена
кажу, што так і будзе. А ў адказ чую, што «зонт» па-беларуску — гэта «парасон».
Мінаў год за годам. Я добра разумела беларускую мову і трошкі горш рускую. Усе тэрміны з прадмета рускай мовы кшталту «подлежащее», «сказуемое», «имя
прилагательное» я не разумела, не магла запомніць беларускія адпаведнікі і ўвесь час блытала іх. Не разумею я іх і зараз. Часам, гаворачы яшчэ па-руску, здаралася такое, што я казала
якое-небудзь адно беларускае слова, а потым з засмучанай усмешкай паўтарала яго яшчэ некалькі разоў, але не магла ўспомніць перакладу на рускую мову, і даводзілася тлумачыць яго сэнс для суразмоўцы
сваімі словамі.
Напрыканцы дзевятага года навучання лёс склаўся так, што далей вучыцца ў гімназіі было папросту немагчыма, і таму я вымушана была шукаць іншую школу. І не цяжка здагадацца, што новая школа была
рускамоўнай, як і сотні іншых школ у нашай краіне. І, верагодна б, на гэтым маленечкім вітку далёка не сусветнай і нават не нацыянальнай гісторыі знік бы ў нябыт яшчэ адзін беларус. Але, як пакажа
гісторыя далей, той беларус тады яшчэ не нарадзіўся.
А нараджэнне гэта адбылося, калі я паступіла ва універсітэт. Аднойчы, недзе на другім месяцы навучання, вяртаючыся дадому разам з хлопцамі з майго курса, якія таксама ездзяць на метро, я пачула, як
адзін з іх спрабуе размаўляць па-беларуску. Спрабуе няўпэўнена, і, відаць, хутчэй за ўсё, жартуе... але калі ў другі раз выпала вяртацца дадому разам, я зноў пачула беларускую гаворку. А на чацвёрты
ці пяты раз я пацікавілася ў таго хлопца, ці даўно ён размаўляе на беларускай мове.
— Не, я толькі вучуся, — пачула ў адказ.
Я тады запэўніла яго, што ў яго вельмі добра атрымліваецца, і, каб падтрымаць, стала таксама адказваць па-беларуску.
А тым часам недзе глыбока ў маёй душы прачнулася ці то рэўнасць, ці то зайздрасць і нейкі спаборніцкі інстынкт. Усё разам гэта ператварылася ў ціхае і добрае абурэнне тым, што вось нейкі хлопец
вучыцца размаўляць на беларускай мове, а я, праседзеўшы дзевяць год у беларускай нацыянальнай гімназіі, чамусьці размаўляю па-руску. І тады я перайшла да беларускай мовы ў гутарках з бабуляй і
дзядулем, з самымі блізкімі сябрамі. Напачатку часта забывалася, саскоквала на рускую, а сама беларуская гаворка, што ішла з маіх вуснаў, была запаволенай, бо ўсё ж за два гады рускамоўнай школы
родныя словы трохі пазабываліся. Але неўзабаве забытае ўспомнілася, я пачала развіваць сваю мову, шукаючы новыя і цікавячыся незнаёмымі словамі… І нарадзіўся яшчэ адзін беларус.
І як з Новага года людзі пачынаюць новае жыццё, так і я за 2009 год значна пашырыла кола тых маіх знаёмых, з кім размаўляла па-беларуску, а ад самага пачатку 2010 года я цяпер размаўляю на роднай
мове з усімі, з кім увогуле даводзіцца размаўляць. І нічога, што ўсе вакол размаўляюць са мной па-руску і толькі два чалавекі неяк спрабуюць таксама адказваць мне на беларускай мове. І нічога, што
той хлопец, які несвядома падштурхнуў мяне да роднай мовы, цяпер чамусьці сам карыстаецца рускай. Але я цяпер ужо не кіну беларускай мовы і не вярнуся да рускай.
Міхаліна Дзятлік