Кася Камоцкая выдае кнігу «кантрабандыста»
Вядомая рок-спявачка Кася Камоцкая абвясціла збор сродкаў на выданне па-беларуску рамана Сяргея Пясецкага «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» — гратэскнага твора, напісанага ў выглядзе дзённіка чырвонага афіцэра Зубава падчас акупацыі саветамі Вільні ад 17 верасня 1939 года.
Перакладчык «Запісак» на беларускую мову Алесь Астраўцоў піша пра аўтара: «Сяргей Пясецкі, пазашлюбны сын шляхціча Міхала Пясецкага, нарадзіўся 1 чэрвеня 1901 году ў Ляхавічах. З 1918 году прымаў удзел у вайне супраць бальшавікоў у атрадзе атамана Дзеркача (партыя «Зялёны дуб»). Быў паранены пры ўзяцці Менску польскім войскам. З 1919 – у беларускім аддзеле Войска Польскага. Пася дэмабілізацыі ў 1921 годзе апынуўся на Заходняй Беларусі, дзе быў завербаваны польскай вайсковай разведкай. Займаўся дыверсійнай дзейнасцю й дастаўкай кантрабанды праз савецкую мяжу ў раёне Ракаву...
З-за няўрымслівага авантурнага характару, п'янства, ужывання наркотыкаў і пастаяннага ўдзелу ў бойках адседзеў тры гады ў турмах па абодва бакі мяжы. За гэта быў звольнены з разведкі. Апынуўшыся без грошай, без працы, знаходзячыся пад уздзеяннем какаіну, учыніў узброенае рабаўніцтва з забойствам. За гэтае злачынства ў 1926-м быў асуджаны да расстрэлу. Аднак за заслугі перад вайсковай разведкай суд змяніў пакаранне смерцю на 15 гадоў зняволення. За арганізацыю трох бунтаў зняволеных у турмах у Лідзе, Равічу й Коранаве апынуўся ў знакамітай польскай вязьніцы з найбольш жорсткім рэжымам утрымання «Святы Крыж», у якой 20% зняволеных не дажывалі да заканчэння тэрміну. Седзячы за кратамі, пачаў вывучаць польскую мову ды пісаць аповесці й раманы...
У «Запісках…» аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра, разважаць ягонымі катэгорыямі, ягонай прымітыўнай мовай».
Дарэчы, менавіта Сяргей Пясецкі стаў правобразам героя песні Касі Камоцкай «Кантрабандыст» з супольнага музычнага праекта «Народны альбом».
Kamunikat.org