Кніжная вяршыня

У рамках ХІІІ Мінскага форума 4 лістапада ў Міжнародным адукацыйным цэнтры адбылася знакавая падзея.



e846fb8a4f365ca8e84393d4f34e1b07.JPG

У рамках ХІІІ Мінскага форума 4 лістапада ў Міжнародным адукацыйным цэнтры адбылася знакавая падзея.
Пры перапоўненай зале ў прысутнасці шматлікага дыпламатычнага корпусу, намесніка міністра замежных спраў Беларусі Валерыя Варанецкага, шматлікіх удзельнікаў з беларускага і нямецкага боку і гасцей адбылася прэзентацыя незвычайнага выдання — вялікага беларуска-нямецкага слоўніка на 70 тысяч слоў і выразаў. Незвычайнага таму, што, калі беларуская мова ўзбагачаецца такой фундаментальнай працай, яна лішні раз падкрэслівае сваё права на пачэснае месца ў культуры еўрапейскіх народаў.
Фаліянт вялікага фармату А4 у 608 старонак у цвёрдай вокладцы накладам 1000 асобнікаў выдаў абазнаны ў справе падрыхтоўкі спецыяльных выданняў Зміцер Колас. Менавіта яго праца — тэхнічнае рэдагаванне, на якое пайшло нямала месяцаў, зрабіла слоўнік дасканалым у тэхнічным і паліграфічным плане.
А пачыналася ўсё яшчэ ў далёкія 1990-я, з працы нябожчыка Уладзіміра Марцінеўскага, якую ў 1994 годзе пераняў галоўны аўтар слоўніка — паважаны спецыяліст Мікалай Кур’янка. Цяжка апісаць увесь доўгі навукова-даследчыцкі шлях, які яму давялося прайсці. Прыгадаем толькі тое, што перад выхадам працы творчаму калектыву яе аўтараў давялося перажыць два землятрусы — рэформу спачатку нямецкай, а потым беларускай мовы.
Але тыя 20 чалавек, якія ў розных галінах прыклаліся да справы нараджэння чарговай кніжнай вяршыні — а слоўнікі такімі вяршынямі з’яўляюцца, — далі рады. Прыгадаем некаторых з іх — з беларускага боку маладога лінгвіста Аляксея Серку і Лявона Баршчэўскага, з нямецкага — Моніку Кёстнер. І рэдактараў на фінальнай стадыі, якімі былі тыя ж Кур’янка, Баршчэўскі і немец Томас Вайлер.


На прэзентацыі багата цёплых слоў пра выданне сказалі і госці форума, і яго арганізатар — Райнер Лінднер. А слоўнікі разыходзіліся бы гарачыя піражкі — куплялі іх нямецкі амбасадар з гасцямі з Нямеччыны, нашы літаратары, навукоўцы, палітыкі.
Спецыялісты, якія ўжо паспелі папярэдне азнаёміцца са слоўнікам, адзначаюць, што выданне з’яўляецца значным крокам наперад у сваёй галіне, калі параўнаць яго з папярэднім нямецка-беларускім слоўнікам. І не толькі ў паліграфічнай якасці. Адчуваецца ўпэўненая праца нямецкамоўнага спецыяліста ў калектыве (носьбіта мовы). Больш пераканаўча выглядае сістэма транскрыпцыі і транслітарацыі (праца Лявона Баршчэўскага). Абгрунтавана апрацаваны корпус гістарычнай і біблейнай тэрміналогіі і шмат што іншае.