Конкурс дэкламавання імя Адама Міцкевіча прайшоў у Мінску
У Мінску 14 кастрычніка адбыўся ХХVI Конкурс дэкламавання імя Адама Міцкевіча «KRESY 2017». Каля паўсотні дзяцей і падлеткаў з Міншчыны прыехалі ў беларускую сталіцу, каб паказаць сваё ўменне прыгожа чытаць вершы на польскай мове.

У конкурсе ўдзельнічалі і дзеці этнічных палякаў, і тыя, якія проста вывучаюць польскую мову. Так супала, што менавіта ў гэты дзень у Польшчы адзначаюць Дзень настаўніка (Нацыянальнай адукацыі).
Конкурс дэкламавання ім. А. Міцкевіча (Konkurs Recytatorski im. Adama Mickiewicza) з'яўляецца мерапрыемствам, адкрытым для ўсіх палякаў, якія пражываюць па-за межамі Польшчы, а таксама для ўсіх, звязаных з вывучэннем польскай мовы, дзяцей і іх бацькоў. Арганізатарам конкурсу з'яўляецца Падляскі аддзел таварыства «Wspólnota Polska» ў Беластоку. Конкурс па-за межамі Польшчы праводзіцца пры ўдзеле польскіх арганізацый і польскіх эмігрантаў. У Беларусі такім партнёрам з'яўляецца Polska Macierz Szkolna, Гродна.

Чытанне верша “Мішка” (“Misie”)
Удзельнікі конкурсу выступаюць у трох катэгорыях:
І катэгорыя — дзеці да 12 гадоў,II катэгорыя — дзеці і падлеткі ад 12 да 16 гадоў,III катэгорыя — моладзь ад 16 гадоў і болей.
Рэпертуар удзельнікаў уключае ў сябе два творы польскіх пісьменнікаў, цалкам або часткова (у прозе ці вершах). Агульны час выканання не павінны перавышаць 5 хвілін.

Удзельнікі III узроставай катэгорыі ў абавязковым парадку павінны мець у рэпертуары адзін твор аўтарства Адама Міцкевіча. Лаўрэаты III узроставай катэгорыі з другога этапу конкурсу прымуць удзел у Сустрэчах Лаўрэатаў «KRESY 2017» у Беластоку.

Перад выступамі творчы настрой і натхненне задавала рамантычная фартэпіянная музыка Фрэдэрыка Шапэна. Распачалі імпрэзу з музычнай праграмай ліцэісты песнямі на беларускай і польскай мовах.

На сённяшніх чытаннях найбольш была прадстаўлена І катэгорыя — дзеці да 12 гадоў. Яны, нягледзячы на юны ўзрост, таленавіта і выразна чыталі на памяць творы польскіх дзіцячых паэтаў на мове арыгіналу. Найбольшай папулярнасцю карысталіся вершы Марыі Канапіцкай і верш «Варшава» Юліяна Тувіма. Наймалодшай ўдзельніцы, дашкольніцы Марыі Грушэцкай, — усяго 5 год!

Марыя Грушэцкая, наймалодшая ўдзельніца конкурсу

Чытанне верша “Ідзе восень” („Idzie jesień", T. Śliwiak)
Найбольш прадстаўнічай была група дзяцей з мінскай школы № 59, якія вывучаюць мовы з настаўніцай Марынай Быльновай. Яе навучэнцы 1 «А» класа за кароткі перыяд настолькі здолелі авалодаць асновамі польскай мовы, што без памылак выразна прачыталі на памяць абраныя творы. Апроч навучэнцаў 1-й класы ад школы былі прадстаўлены ўдзельнікі і ў іншых катэгорыях.

Катажына Рытвінская, 2 месца ў І катэгорыі
Усе ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны памятнымі дыпломамі, салодкімі прызамі і плытамі CD з творамі польскіх аўтараў.

Сямён Цынкуноў. Узнагароджанне за перамогу ў І узроставай катэгорыі
Атрымалі пісьмовыя падзякі і інструктары, якія навучалі дзяцей і заахвоцілі да ўдзелу ў конкурсе. А пераможцаў чакалі ўзнагароды, дыпломы за І, ІІ і ІІІ месца і прызы. Журы аб’ектыўна ацэньвала ўдзельнікаў па наступным крытэрыям: падбор рэпертуару, інтэрпрэтацыя твору, тэхніка і выразнасць вымаўлення, агульны артыстычны выраз. Пераможцамі ў сённяшнім абласным конкурсе сталі:
І катэгорыя
3 месца — Дар’я Садоўская2 месца — Катажына Рытвінская1 месца – Сямён Цынкуноў
ІІ катэгорыя3 месца — Уладзіслаў Давыдаў2 месца — Раман Карнацэвіч1 месца — Аляксандра Саліна
ІІІ катэгорыя 3 месца — Юліана Гулёнак 2 месца — Уладзімеж Рэдзіс 1 месца — Надзея Станкевіч.